УСПАМІНЫ СТАНІСЛАВА СЦІБОР-МАРХОЦКАГА

ФРАГМЕНТЫ ЎСПАМІНАЎ СТАНІСЛАВА СЦІБОР-МАРХОЦКАГА

Успаміны прадаставіла п. Агнешка Рудзінска, дачка Станіслава Сцібор-Мархоцкага. Пераклад на беларускую мову - Алесь Самец.

          Мой бацька Станіслаў Сцібор-Мархоцкі нарадзіўся ў 1926 годзе. Быў сынам Ганны і Юліяна Сцібор-Мархоцкага. Меў на два гады старэйшую сястру Ядзвігу. З 1932 г. да пачатку вайны 1939 г. жыў з бацькамі ў Карэлічах.

Ніжэйнапісаныя фрагменты ўспамінаў датычныя да таго перыяду яго жыцця. Прадстаўляю іх з невялікімі скарачэннямі.

          [-] У 1931 годзе, пасля святаў, паехалі мы ў Варшаву да сям’і брата маці Шыдэльскіх, а ад іх праз некалькі дзён далей, у Навагрудак і Карэлічы.

          Праз гады Бацька [Юліян Сцібор-Мархоцкі] успамінаў як атрымаў пасаду [адміністратара маёнтка Жалтоўскіх у Навагрудскім ваяводстве]. Умовы працы і яе аплата ў Паморскім сельскагаспадарчым таварыстве[1] так значна пагоршыліся з прычыны крызісу, што не давалі магчымасці ўтрымання сям’і. Такім чынам, Бацька пачаў разглядаць іншыя варыянты працы. Тым часам Герця, якая працавала ў цёткі мамы пачула размову госці, што паньства Жалтоўскія шукаюць адміністратара сваіх маёнткаў і паведаміла аб гэтым сваім бацькам.

          Маёнткі – Балценікі каля Беняконяў, Карэлічы, Працяневічы, Райца і фальварак Людвікава ў Навагрудскім павеце – належалі да Яніны гр. Жалтоўскай з дому Путкамэр[2], унучкі Марылі Верашчакі[3], каханкі Міцкевіча. Маці пані Жалтоўскай пані Путкамэр з дому Кеневіч[4], была вельмі сымпатычная пані, засяроджаная на сваёй адзінай дачцы. Пан Адам Жалтоўскі[5] быў прафесарам філасофіі Познаньскага ўніверсітэту і там паньства Жалтоўскія праводзілі большасць году, а летам жылі ў Балценіках. У Карэлічах жа жыў стала адміністратар – пленіпатэнт[6]. У 1930 г. стары адміністратар памёр і паньства Жалтоўскія шукалі новага. Бацька высунуў сваю кандыдатуру. Паньства Жалтоўскія выведалі ўсё пра Бацьку і яго сям’ю і пасля сямейнай нарады прынялі на працу. Пані Путкамэр мела адну “агаворку”, што Бацька быў яшчэ вельмі малады, але як сама сцвердзіла, “гэта хутка праходзіць”. Маёнткі былі пад час вайны моцна знішчаныя і запазычаныя, але ўжо ў палове трыццатых гадоў мой бацька вывеў іх з даўгоў.

          Быў пачатак студзеня 1932 года. У Навагрудскім павеце ляжалі глыбокія снягі. З Варшавы даехалі цягніком да Наваельні, а да Навагрудка вузкакалейкай, якая валаклася неміласэрна марудна. З Навагрудка да Карэліч ехалі мы ў санях. З нагоды моцнага марозу мяне з галавой накрывалі кажухом, з-пад якога я стараўся час ад часу высунуць хоць галаву. Я меў тады пяць гадоў. Ехалі мы, як тады здавалася, вельмі доўга. У параўнанні з Памераніяй[7], дзе з Пуца[8] да Касцежыны[9] было 6 км, адлегласць 22 км з Навагрудка да Карэліч паказалася вельмі вялікай. Нарэшче мы даехалі.

          Дом быў нізкі – мураваны флігель памятаў XVIII стагоддзе. Сцены былі такія тоўстыя, што вясною, калі ўжо былі адчыненыя вокны, я клаўся ў вакне, і калі ледзьве вытыркаўся звонку нос, цалкам выцягнутыя ногі ляжалі яшчэ на падваконніку. Столі былі няроўнымі з прычыны шматкратнага недакладнага скрабання і мелі самыя розныя ўзоры. Перад сном, калі да іх прыглядаўся, бачыў там розныя вобразы. Памятаю, што ў адным месцы выглядала зусім як на гравюры з Бібліі ксяндза Вуйка[10], якую любіў пераглядаць у Пуцы ў бібліятэцы Дзядулі [Эдварда Гулевіча[11]] – хмары на небе перад з’яўленнем Пана Бога. Флігель быў доўгі і стаяў франтонам на захад. Перад ганкам з тоўстымі калонамі быў невялікі газон, густа зарослы старымі каштанамі, атачоны штыкетнікам, за ім пачынаўся падворак. Нашае жыллё размяшчалася ў паўднёвай часцы дома, з боку агароднага ўчастка, расцягнутага на паўднёвым схіле ўзгор’я. Перад вокнамі ад поўдня расла старая разложыстая яблыня, якая частавала нас дробнымі, але вельмі смачнымі позне-летнімі яблыкамі. Вясною, калі квітнела, галіны, абсыпаныя кветкамі, ўваходзілі проста ў вокны. Пад нашым жыллём быў двайны склеп, мураваны з вялікіх камянёў, з выхадам на гаспадарчы двор. За кухняй, у тым жа флігелі, месціўся наш курнік. Далей за ім жыў пан Банцарэвіч – загадчык сажалак і рыбалоўства, а за яго жыллём, на вяршыні падворку, месцілася сыраварня, у якой з маёнткавага малака выраблялі выдатныя сыры, званыя там літоўскімі. Сыраварню арэндаваў пан Давід Слуцкі – жыд з мястэчка.

          [-] Віся (Ядзвіга) у другім класе ў першым паўгоддзі вучылася дома ў Пуцы і паўгадавое пасведчанне атрымала пасля экзамена ў школе ў Клінчы[12]. Другое паўгоддзе вучылася ўжо ў Карэлічах, таксама дома. Вучыла яе панна Кібілдзісаўна, пажылая ўжо асоба, настаўніца школы агульнага навучання ў Карэлічах, якая жыла ў адным пакоі ў так званым палацы, а сталавалася ў нас. Панна Кібілдзісаўна перад Карэлічамі вучыла ў школе ў Налібоцкай пушчы і апавядала, як зімой ваўкі падыходзілі да вёскі і часта заглядалі ў вокны нізкіх хат, і падкопваліся пад аборы і хлявы, прыносячы не раз шмат шкоды.

          [-] Так званы палац быў, уласна кажучы, вялікім драўляным домам з вельмі высокімі пакоямі і вялікімі вокнамі, з высокім ганкам і тэрасай-бліндажом каля яго. Бліндаж той быў пабудаваны нямецкім войскам падчас першай вайны, у час, калі стаяў у гэтых мясцінах фронт, а ў палацы месціўся нейкі штаб. У мірны час служыў як склеп. Палац быў зруйнаваны падчас бальшавіцкай вайны[13] і толькі ў адным крыле жыў кіраўнік – пан Мысліцкі, стары кавалер разам з маці, а таксама панна Кібілдзісаўна і адзін пакой служыў як гасцінны. Рэшта вымагала грунтоўнага рамонту. Палац той выбудаваў для сябе дзядзька пані Жалтоўскай – Путкамэр [Гіпаліт Путкамэр][14], які быў сухотнікам. Пагэтаму дом быў велічны, з высокімі пакоямі і вельмі цёплы і сухі. Стаяў на вяршыні ўзгор’я, прыкрыты ад усходу старым паркам, фронтам на захад, а ад поўдня вокны выходзілі на схіл пакрыты старым садам. Пазней палац быў адрамантаваны і часткова перабудаваны, пасля чаго мы ў яго перасяліліся. Але спачатку жылі, каля года, у старым флігелі.

          Вясною Бацька купіў нам малога варанога коніка, вельмі спакойнага. Ездзілі на ім з Вісяй. Конік той цярпліва трываў нашы лазанкі па яго галаве і хвасце, пад жыватом і іншыя нашы выхадкі. Летам адбываліся ваенныя манеўры і памятаю, як аднаго разу прыехаў нейкі афіцэр кавалерыі па справах кватэр для войска і аказалася, што быў гэта калега майго Бацькі з часоў вайны, а зараз ротмістр з 27 палка ўланаў[15] – пан Ражалоўскі, якога Бацька не бачыў з часоў вайны. Памятаю, як сёння, як віталіся і ўсціскаліся перад брамкай на падворку. У наступных гадах ротмістр быў пастаянным нашым госцем, заўсёды прыемна ўсімі бачаным. Ён вучыў мяне верхавой яздзе ўжо з гэтага лета. Папярэдзіў мяне, што пакуль не навучуся добра трымацца на кані, не можна мне ездзіць у сядле са страмёнамі, а ўся навука адбывалася на подсцілцы пад сядло без страмёнаў.

          Ад пачатку нашага побыту ў Карэлічах стайня была мною пастаянна наведваная. Спачатку фурманам быў малады хлопец Коля Лазарэвіч, які, здаецца, у 1932 г. пайшоў у войска. Памятаю, як Коля прыехаў на адпачынак і прыйшоў паказацца – у доўгім кавалерыйскім плашчы, звонячы шпорамі і з шабляй на баку, ўвайшоў праз галоўны ганак – хлопец як маляваны. На яго месца стаў фурманам, старэйшы ўжо чалавек, Міхал Варанко, называны ўсімі Міхалка. Быў ён спраўным фурманам, а коні ў яго руках хадзілі, як найлепшыя рысакі. Ён сам, малапісьменны, мог усюды знайсці выйсце і ўсё вырашыць. Ён таксама застаўся фурманам да вайны, калі вярнуўся з войска Коля, Міхалка з дапамогай каваля падгаварыў яго, каб не пагаджаўся вяртацца на тое месца, бо гэта не гонар для яго і Коля застаўся звычайным вазаком.

          Міхалка меў жонку, патэнтовую гультайку. Кабета нарадзіла васемнаццаць дзяцей, з якіх жыло толькі трое і то з дапамогай апекі маёй Маці. Найстарэйшы з іх, Паўлік, нейкім чынам сям сябе захаваўшы, быў на тры гады старэйшы за мяне. Толік (Анатоль) быў ужо ўміраючы на запаленне лёгкіх як малалетні хлопец. Доктар Лявіцкі[16], які яго лячыў, заявіў, што нічога нельга зрабіць, а Мамуся банкамі і кампрэсарамі выратавала яго. Праз доўгі час штодзённа хадзіла да бровара, як у Карэлічах называлі будынак вінакурні, у якім тады жыў Міхалка з сям’ёй. Міхалкава жонка павінна была па распараджэнні Мамусі гатаваць ежу і падтрымліваць чысціню, а Мамуся лячыла, ну і дапамагло – Толік выздаравеў. З таго часу насіў шкаплерык Маткі Боскай Беззаганнай[17], які мая Мамуся павесіла яму на шыю падчас хваробы. Наступную дзяўчынку, калі нарадзілася, Мамуся казала прыносіць штодзённа да нас, купала яе і карміла з бутэлькі, а настуны пасілак для яе даставала Міхалкава жонка, ўжо прыгатаваны ў бутэльках. Калі праз некаторы час так рабіць перасталі, аказалася ў хуткім часе, што дзіця поўнасцю пакрыта язвамі ад бруду і згаладалае. І зноў пачалося штодзённае нашэнне яе да нас. Дзяўчынка была ахрышчана ў праваслаўным абрадзе і атрымала імя Ганна. Хроснымі былі Мамуся і пан Хутаровіч, тагачасны пісар з маёнтка. У палове трыццатых гадоў у ваколіцах Карэліч панавала эпідэмія запалення мазгавой абалонкі ў дзяцей і тая дзяўчынка памерла. Па якім часе нарадзілася ў Міхалкаў яшчэ адна дзяўчынка, якая была хрышчана ў каталіцкім абрадзе. Назвалі яе Марыяй і Мамуся быля яе хроснай. З гэтай дзяўчынкай Міхалкава жонка прыходзіла каля двух гадоў і Мамуся яе ўтрымоўвала ў здароўі. Памятаю, як калісьці бачыў Паўліка, які карміў малую Аню, бо Міхалкава жонка змагла пакінуць дзіця на цэлы дзень і сядзець дзесьці на плётках. Было гэта ўжо тады, калі дзяўчынка пачала хадзіць, але яшчэ сама не ўмела есці. Паўлік не меў нічога гатаванага і браў аржаны хлеб, грыз яго і перажоўваў, а потым такі перажаваны даваў сястры з вуснаў у вусны.

          Падворак у Карэлічах быў шырокі, будынкі стаялі параскіданымі ў беспарадку. Насупраць флігеля, у якім спачатку мы жылі, стаяла доўгая драўляная стайня крытая гонтам. Ва ўсходняй часцы падворку была кузня, і трохі ўсунутая за стайню – сталярня. У кузні гаспадарыў увесь час кавальскі майстар Камароўскі, спачатку са сваім шваграм Мілкам, а пасля яго зняволення за крадзеж, да працы ў кузні прыбыў Стась Страшко – каваль асілак, які рукамі, на халоднае, мог гнуць падковы. Апрача іх заўсёды былі там яшчэ нейкія вучні і чаляднікі. У сталярні працавала пастаянна два майстры, а пазней, як сусед па кватэры – рымар. Насупраць кузні стаяла вялікая абора, а воддаль ад яе франтальны трох’ярусны, мураваны з камня і цэглы, свіран з падвалам. Свіран той быў будаваны з думкай як цэнтральны для некалькіх маёнткаў так, што пасля аддання Міхаліна і Бярозаўца для вайсковых асаднікаў, быў ужываны толькі часткова. Ніжэй свірана, збоку тракта, уздоўж дарогі, якая вядзе да яго з падворка, расцягнулася вялікае, мураванае з чырвонай цэглы, гумно з прыстаўленым з тылу “манежам” – квадратным будынкам, у якім калісці стаяў вялікі конны прывад, а ў маіх часах была аўчарня. На краі паўднёвага схілу, за газонам флігеля, стаяў доўгі васьмікватэрны жылы будынак для працаўнікоў, а за ім унізе, над рэчкай, другі жыллёвы будынак, дзе была старая вінакурня знішчаная падчас бальшавіцкага нашэсця, так званы “бровар”. Гэтыя будынкі выкарыстоўваліся для пражывання працаўнікоў маёнтка. Як мы пасяліліся ў Карэлічах, на тэрыторыі бровара стаялі каровы працаўнікоў, а над імі жылі самі працаўнікі. Потым Бацька пабудаваў на краі падворка абору для быдла працаўнікоў, а побач хлеў для свіней працаўнікоў, а абодва жылыя будынкі былі адрамантаваныя. Акрамя гэтага, перад вайной, быў пабудаваны пры дарозе на Руціцу васьмікватэрны жылы будынак, дзе кожная кватэра складалася з вялікага пакоя, кухні, сенцаў і кладоўкі, а таксама былі падвал і асобнае гарышча, і кожная кватэра мела асобны ганак.

          Былі на падворку ў Карэлічах два вельмі глыбокіх калодзежы. Адзін на сярэдзіне падворка, пачаткова з драўлянымі плашкамі, якія за маёй памяці былі замененыя на бетонныя кругі. Драўляныя плашкі былі такія шырокія, кто кругі запускалі на шківе[18] ў сярэдзіну, а пасля ўмацавання іх абсыпалі звонку жвірам. Здаецца, увайшло ў гэты калодзеж па-над 80 кругоў. Вада з яго была вельмі халоднай, крыштальна чыстай і вельмі смачнай. Пры калодзежы стаялі радамі вялікія карыты, выдзяўбаныя з таполі, у якія сплывала, пампаваная ручной помпай, глыбінная вада. Тут паілі коней і Копэць наліваў ваду ў бочкі на двухколавых вазках, якія падвозіў да палаца і флігеля для хатняга ўжытку. Другі калодзеж быў яшчэ глыбейшы, быў бліжэй аборы і з яго ваду ў карыты пампавалі канём, запрэжаным у прывад, там паілі быдла. Аднойчы трэба было штосці адрамантаваць у помпе, якая знаходзілася ў гэтым калодзежы і каваль апусціўся ў яго па клямрах, убетанаваных у сценкі калодзежа. Праз хвіліну каваль у калодзежы аслаб. Камароўскі спусціўся з вяроўкаў за ім і выцягнуў яго. Вярнуўшыся, Камароўскі казаў, што на дне бракуе паветра для дыхання. На шчасце рамонты помпы здараліся вельмі рэдка.

          Я ўспамінаў пра Копаця. Гэта быў ужо сталага веку чалавек – начны вартаўнік у Карэлічах. Акрамя гэтага, як ужо ўспамінаў, падвозіў ваду і сёк дровы. Начное вартаванне заключалася ў тым, што вечарам, як сцямнее, спускаў падворкавых сабак і клаўся спаць, абгорнуты вялікім кажухом. Аднойчы выскачыў з хлява вяпрук і Нора з іншымі сабакамі злавілі яго і жыўцом вырвалі з яго кумпяк.  Вяпрук роў так, што разбудзіў усіх. Збегліся на па падворак нават вазакі, што жылі ў бровары, а Копэць тады спаў на возе з сенам, які стаяў на падворку, і не прачнуўся. Такое было яго вартаванне, але не гледзячы на гэта спецыяльна нічога не гінула.

          У саміх Карэлічах было па-над 800 га ворнай зямлі, а на іх утрымлівалася па-над 150 дойных кароў з маладняком, каля 40 пар рабочых коней, пара яздавых і жарабец з цэлым прыплодам. Акрамя гэтага былі свінні, чарада авечак, спачатку проста мяшанцы, а потым прывезеныя бацькам паморскія авечкі, якіх перад вайной было ўжо каля 600 штук у статку. Маёнтак даваў працу шматлікім людзям, а, значыць, і дзяцей у маёнтку было поўна.

          Досыць хутка, па прыездзе ў Карэлічы, я пасябраваў з Міцем, Пецем, Паўлікам. Былі гэта неразлучныя сябры, на тры гады старэйшыя за мяне. Міця – Мечыслаў Камароўскі – сын каваля, Пеця – Пётр Місюль – сын старэйшага працаўніка (пасада раўназначная сённяшняму брыгадзіру), Паўлік – Павел Варанко – сын Міхалкі фурмана. Змалку трымаліся разам. Разам гулялі і разам хадзілі ў школу, разам рабілі ўрокі, а пазней працавалі. Аднойчы зімой Міця сёк дрэвы і рассёк сабе ступню – малы палец вісеў на невялікім кавалку мышцы. Завезлі яго да доктара Караля Лявіцкага і той зашыў яму рану, саставіў косці пальца так, што зраслося цалкам добра і пасля лячэння  зусім не кульгаў. Пеця і Паўлік зрабілі тады Міці мыліцы, каб мог ён рухацца і ўвесь час апекаваліся ім. У будучыні разам працавалі, а падчас вайны пазам загінулі ад рук савецкай партызанкі, бо не захацелі пакінуць параненага сябра. Загінулі ўсе трое. Але гэта было шмат пазней. У той час як мы пасябравалі мне было 5 гадоў, а ім па 8.

          Мястэчка Карэлічы пачыналася адразу за паркам, акамлёўваючым з усходу палац і сад, якія ляжалі на паўднёвым ускрайку. Было, як гэта на Крэсах, заселена амаль выключна жыдамі, якія займаліся гандлем і рамёсламі. Спадчынай падзелаў [Рэчы Паспалітай] быў праўны стан, калі зямля мястэчка належала да двара, а ўласнікі дамоў плацілі дзяржаўны чынш за будаўнічыя дзялянкі і агароды на карысць двара. Вуліцы ж мястэчка былі ўласнасцю двара. Калі, на прыклад, жыд Бенін – уласнік паравога млына, што стаяў на чыншавай зямлі, арганізоўваў электрычнае святло ў мястэчку, то павінен быў атрымаць згоду на ўстаноўку энергетычных слупоў на вуліцах ад уласніка маёнтка. Некаторыя багатыя жыхары выкупілі свае пляцы, але большасць павінна была плаціць невялікі чынш. У пачатку трыццатых гадоў мястэчка не мела бруку на вуліцах і рынку, а на галоўных вуліцах ляжалі драўляныя ходнікі. Гэта былі лагі, пакладзеныя праз пэўныя адрэзкі, да якіх былі прыбіты дзве дошкі ўздоўж вуліцы. Пры большым дажджы, асабліва восенню, ходнікі тыя проста плавалі ў лужынах, а калі ў гэты час хто-небудзь падскокваў на тым ходніку, то з-пад яго брызгалі фантаны гразі. Гэта была спадчына расійскай акупацыі, царскія ўлады неахвотна давалі дазвол на ўкладку цвёрдага пакрыцця і ходнікаў у гарадах і мястэчках акупаваных земляў. З часам забрукавалі вуліцы і рынак, а ўсе ходнікі перарабілі на бетонныя. Уздоўж ходнікаў пасадзілі дрэўцы, а за чыстатой сачыла паліцыя. Кожны ўласнік будынка ці лаўкі быў абавязаны прыбіраць вызначаны адрэзак вуліцы. Праз некаторы час, пасля заканчэння гандлю, праходзіў пан Кавальскі, ці іншы паліцыянт, і ў выпадку выяўлення непарадку, найспакойней накладваў на вінаватага штраф – два злотых. За кароткі час, пасля ўкаранення гэтага звычая, мястэчка заўсёды было чыстым.

          На рынку пасярэдзіне былі гандлёвыя рады, у якіх  месціліся жыдоўскія лаўкі. Між іншым, меў там сваю лаўку стары Кагановіч, бацька Кагановіча, народнага камісара СССР. Мамуся запасалася патрэбнымі спажывецкімі таварамі ў Зэліка, які меў лаўку „тавараў спажывецкіх і каланіяльных[19]” у тых жа гандлёвых радах. Увайшло ў звычай, калі я вяртаўся са школы, а Зэлік мяне заўважыў, клікаў мяне і даваў мне цукерку ландрынку ў кшталце лялечкі. Не ведаю, уласна кажучы, чаму заўсёды такую самую, а не іншую. На рагу рынка пры галоўнай вуліцы стаяла шырокая прасторная карчма з нізкім ганкам, а на другім баку вуліцы была аптэка магістра Намёта – вельмі сур’ёзнага, пажылога жыда. За карчмой з брамай ад рынка меў свой склад будаўнічых матэрыялаў  Шустэр – жыд–міліянер, які меў свае вапнавыя печы, склады будаўнічых матэрыялаў у іншых мястэчках, арэндатар усіх дворскіх садоў у вялікай ваколіцы, гандляр гароднінай на вялікім абшары. Быў ён саўласнікам паравых млыноў, тартакоў, а таксама вялікай садавіна-агародніцкай пераапрацоўчай фабрыкі, пабудаванай на пачатку трыццатых гадоў у Баранавічах. Калі хто-небудзь чужы сустрэў бы яго, то падумаў бы, што мае дачыненне з жабраком-абадранцам – такі ён меў штодзённы выгляд.

       Ідучы з маёнтка, ніжэй парка, але яшчэ на ўзвышшы, стаяла праваслаўная царква. Ад яе ўніз сходзіла вуліца, што даходзіць да тракта пад прамым вуглом і таму, напэўна, званая Заламанкай. Перад царквой Заламанка пераходзіла зноў пад прамым вуглом у вуліцу, якая даходзіла да рынка. Унізе на Заламанцы меў сваю каўбасную краму стары ўжо, барадаты жыд Хайміця. Ён купляў пастаянна з маёнтка цялят. Быў практыкуючым старазаконнікам, але ў гандлі абходзіў законы талмуда. Памятаю, як аднойчы ехалі мы з бацькам у фальварак Людвікава, а дарога там праходзіла праз Заламанку, і спаткалі, якраз, на вуліцы Хайміцю. Быў поўдзень і субота, альбо шабат[20]. Бацька запытаў у Хайміця, чаму ён не забірае дамоўленых цялят. На тое ён паглядзеў на сонца, якое якраз заходзіла за хмары і паведаміў – “прашу у пана прабачэння, сёння шабат, дык я не мог гандляваць, але якраз сонца заходзіць, то я зараз змагу паехаць па цяляты”. У жыдоў суткі лічыліся ад заходу сонца да наступнага заходу. Насупраць царквы меў краму з пісьмовымі таварамі, слодычамі і тытунёвымі вырабамі жыд, прозвішча якога я не памятаю. У суботу заўсёды крама была адчыненая, хоць пустая. Калі хтосці ўваходзіў у тую краму, у дзвярах ад жылога пакою нязменна з’яўляўся ўласнік і паведамляў, што сёння не гандлюе, бо шабат. Калі ж яму казалі, што патрэбны сшытак, ён клаў жаданы сшытак на прылавак і казаў: “а грошы пакладзі на паднос”. Але ж і ён ў шабат не гандляваў.

          З рынка адыходзілі на ўсход дзве вуліцы, сыходзячыся праз некаторы час у адну, якая праходзіла праз вёску Карэлічы, праз мост на рэчцы Рута і далей пераходзіла ў тракт, які вёў у Мір праз Турэц. Ужо за рэчкай, на краі вёскі стаяла сямікласная школа, а за ёй будынак гміны. За гмінай было яшчэ толькі некалькі дамоў і ў адным з іх месцілася бурса для дзяцей вайсковых асаднікаў, кіруемая Саюзам вайсковых асаднікаў[21].

          У першым класе вучыла мяне дома панна Кібілдзісаўна, а ў другі я ўжо хадзіў у школу. Хадзіла нас з маёнтка цэлая грамада дзяцей. Кіраўніком школы быў тады пан Дулемба, а першыя класы вучыла панна Цялкоўна. Войтам быў у той час пан Шумель, вайсковы асаднік, дачка якога, Зося, была мая аднакласніца. Сакратаром гміны быў пан Хаўтак, кавалер, легіянер ад Алеандраў[22]. Ён меў вялікага сабаку, які хадзіў за пакупкамі з кошыкам у зубах. Ішоў у лаўку ў радах на рынку, дазваляў жыду дастаць сшытак з замовамі і ўкласці тавар у кошык, але нічога не дазваляў вымаць. Жыд запісваў выдачу тавара, а раз на месяц пан Хаўтак разлічваўся з ім. Дзя нас сабака той быў цікавосткай. Памятаю, як аднойчы напалі на яго местачковыя сабакі. Ён паставіў кошык на зямлю і адгрызаўся, але ад кошыка не адступіў, а так як быў вялікім псом, то даў рады нападнікам.

          Большасць імён і прозвішчаў маіх равеснікаў са школы ў Карэлічах вылецела з маёй памяці. Памятаю Масловіча, сына багатага гаспадара з мястэчка, які валодаў пабудовамі на разгалінаванні двух вуліц, што выходзілі з рынка ў бок школы. Быў адзіным сынам, інтэлегентным хлопцам і вельмі амбітным. Яго дзед быў майстрам-самавукам, рабіў арфы і іншае абсталяванне, прыдатнае ў вясковай гаспадарцы. У іх сенях стаялі дзве вялікія бочкі, у якіх захоўвалі прыгатаваныя брусніцы, запраўленыя мёдам, а ў гэтай сумесі грушкі і яблыкі. Масловіч выцягваў з бочак доўгім драўляным відэльцам грушкі і частаваў нас. Яны вельмі нам падабаліся. Калісці, па вяртанні са святаў Божага Нараджэння з Пуца, а ездзілі мы туды, што праўда, кожны год, аж да смерці дзядулі, і знаходзячыся па дарозе ў Варшаве ў сям’і дзяді Шыдэльскага[23], апавядалі Масловічу, што Збышак Шыдэльскі[24] меў маленькую машынку, зусім як сапраўдную, якая педалямі прыводзілася ў рух і можна было ёй ездзіць па вуліцы. Назаўтра Масловіч паведаміў мне, што яму маці купіць маленькі аўтобусік, каб мог ездзіць у школу, а я ў гэта паверыў.

          Маім равеснікам быў сын доктара – Януш Лявіцкі. Спачатку сям’я Лявіцкіх жыла ў доме ветэрынара – пана Шабуні, а пазней ва ўласным доме. Пані Лявіцкая была дантысткай, а пан Караль Лявіцкі быў лекарам агульнай практыкі, бо быў адзін на досыць вялікай тэрыторыі.

          Хадзіў са мной разам у школу і гулялі разам, сын млынара з вадзянога млына ў Карэлічах, які належаў да двара, Ціхановіч. Часта я хадзіў з ім у млын, бо любіў назіраць за працай у млыне, а пазней млынскага кола, асабліва вясной, калі з’яўлялася шмат рыбы, якую добра было бычна ў чыстай вадзе. Часам млынары палявалі на іх восцямі.

          У класе былі дзеці з мястэчка і з навакольных вёсак. Былі сярод нас палякі, беларусы, польскія татары і жыды. Праз увесь перыяд майго побыту ў карэліцкай школе, па-за незлічонымі сваркамі з жыдамі, трымаліся мы ўсе разам у згодзе, не ведаючы розніцы ў нацыянальнасцях ці веравызнаннях, тым больш “класавых”, як таго хочуць камуністы. Былі ў школе надпраграмныя заняткі беларускай мовы, якія праводзіў пан Федаркевіч.

          Калі зімой былі мацнейшыя маразы, вазілі нас з маёнтку санямі. Навука не складала для мяне наогул цяжкасцяў, хоць не вельмі я да яе хіліўся. Іначай было з некаторымі дзецьмі з вёсак, якія павінны былі дадаткова вучыцца правільна размаўляць па-польску, бо дома размаўлялі па-“хлопску”, г.зн. гаворкай польска-беларускай або па-беларуску. Нягледзячы ні на што, былі сярод іх выпадкі вялікіх здольнасцяў. Меў я сябра з бліжэйшай вёскі Равіны, з беднай беларускай сям’і, не памятаю яго прозвішча. Хадзіў у школу аж да маразоў босы і ў самаробным бацькавым балахоне, быў высокі і худы. Вучыўся ва ўсіх класах на адны пяцёркі[25]. На другі сняданак прыносіў пражоны боб ці гарох. Я, маючы заўсёды бутэрброд з вяндлінай ці сырам, найчасцей мяняўся з ім – мне вельмі да смаку быў той боб, а ён са смакам з’ядаў той бутэрброд. Праз гады мы разам здавалі ўступны экзамен у Навагрудскую гімназію і ён здаў той экзамен на пяцёрку, але не быў прыняты, так як бракавала месцаў. У Навагрудку была толькі адна гімназія на вялікі абшар, дзе жыло шмат вайсковых асаднікаў, дзеці якіх мелі перавагу пры паступленні. Я таксама здаў на пяцёрку, але дырэктар гімназіі адразу паведаміў майму Бацьку, што я не буду прыняты, бо мала месцаў, а Бацька змог бы паслаць дзяцей у школы ў Вільні. Да сённяшняга дня не магу сабе дараваць, што калі Тата паведаміў мне, што здзейсніць кожную маю просьбу, як здам экзамен на пяцёрку, а я пасля выканання гэтай умовы не папрасіў аб прыняцці майго сябра ў гімназію, а толькі папрасіў дзве булачкі з шынкай. Але тады мне нават да галавы не прыйшло, каб прасіць аб нечым большым, бо пасля некалькіх гадзін праведзеных у класе, я быў галодны.

           Калі я быў у трэцім ці чацвёртым класе, была як штогод пастаноўка спектакля на 3 Мая[26]. Адбывалася яна як звычайна ў памяшканні пажарнага дэпо, бо ў школе не было такой вялікай залы. Я прымаў удзел у прадстаўленні, а таму быў “вельмі важным”. Хлопцы са старэйшых класаў падглядалі за падрыхтоўкай выступлення прыпаднімаючы занавес. З адным з іх – Чаркасам, сынам вайскавага асадніка, я меў сварку, падчас якой хацеў  адабраць у яго харугвачку, а ён, не аддаючы, падрапаў мне руку да крыві. Я паскардзіўся караўніку пану Дулембе, але замест таго, каб прыструніць Чаркаса – пахваліў за тое, што не даў адабраць штандар.

           Была ў мяне ў класе сяброўка – дачка поштмайстра[27] з Карэліч, польскага татарына Асановіча. Вучылася яна вельмі добра і часта, калі я прапускаў заняткі па хваробе, пазычаў у яе сшыткі, каб перапісаць матэрыял з урокаў. Аднойчы, стоячы з сябрамі на ганку іх дома, у якім месцілася пошта, жартуючы паведаміў: “а я – граф”. Малады сваяк пана Асановічы, які стаяў побач, не памятаю яго прозвішча, звярнуўся да мяне: “памятай Стась, што нараджэнне – гэта не чыя-небудзь заслуга, а кожны толькі таго варты, колькі сам напрацуе ў жыцці”. Такія паняцці існавалі сярод простых польскіх татар на нашых Крэсах – быў гэта цалкам здаровы і правы элемент.

          У Карэлічах не было касцёла, толькі ў нядзелю прыязджаў ксёндз з Нягневіч і адпраўляў Святую Імшу ў школе, дзе на гэты час ставілі алтар у адным з класаў. Каталіцкай рэлігіі вучыла нас адна з настаўніц, а да Першай Камуніі[28] мы прыступалі ў аддаленых на 15 км Нягневічах, дзе была наша парафія. Стаяў там вялікі барочны касцёл. Нейкім цудам захаваўся фатаздымак з нашай Першай Камуніі. Я стаю на ім збоку ў першым радзе моцна надзьмуты. А было гэта так: пасля Камуніі раставілі нас на ступеньках касцёла для фатаграфавання. Дзяўчаты спераду, а хлопцы вышэй у наступных шэрагах. Я стаяў паміж хлопцамі з Адампольскага дзіцячага дома, а перада мною  стаяла дзяўчынка, дачка вайсковых асаднікаў. Хлопцы, якія стаялі каля мяне, пачалі чапляцца да яе, штурхаючы свечкамі, а яна паплаквала. У пэўны момант маці дзяўчынкі ўвайшла паміж намі і пачала рабіць мне авантуру, што гэта я чапляюся яе дачкі і дакучаю ёй. Узнікла замяшанне, у выніку якога я ўвогуле не хацеў фатаграфавацца, але маці маіх сябровак і сяброў гэтага хацелі і паставілі мяне збоку. Адсюль ў мяне на фатаздымку такая міна[29].

          У Карэлічах быў арганізаваны паўэскадрон кракусаў. Гэта быў адпаведнік стральцоў-кавалерыстаў. Зборы і вучэнні адбываліся ў нядзелю пасля св. Імшы на тэрыторыі маёнтка. Камандзірам быў мой Бацька, але  на вучэннях найчасцей камандаваў пан Астроўскі, кіраўнік, падпаручнік у рэзерве. Пашылі мне мундзір, камендант пастарунка пан Цвіркоўскі падарыў мне старую аўстрыйскую шаблю, нашмат карацейшую за польскую вайсковую, якую дасталі кракусы, ну і практыкаваўся разам з імі, сядаючы на поні, а пазней на аднаго з выязных коней. Калі я быў у чацвёртым класе, у эскадроне якраз адбываліся стралецкія спаборніцтвы. Дапусцілі і мяне да іх. Стральніца была зроблена ў яры за цукраварняй, як называлі будынак, які стаяў у полі за трактам, каторы перад першай вайной быў пабудаваны як цукраварня, а ў мой час служыў за гумно. Тады я выстраліў патрэбную колькасць пунктаў – 75 на 100 магчымых, і на 11 Лістапада[30], падчас урачыстасці перад помнікам маршалка Пілсудскага, які збудавалі паміж школай і гмінай, калі была прысутная ўся наша школа і вялікая колькасць дарослых жыхароў, ротмістр з 27-га палка ўланаў уручаў кракусам заслужаныя стралецкія адзнакі. Эскадрон стаяў у шэрагу конна і кожны вычытаны пад’язджаў пад помнік, дзе стаяў ротмістр, і атрымліваў з яго рук адзнаку і пасведчанне. Калі мяне выклікалі – я пад’ехаў і атрымаў сваю адзнаку, “пухнучы ад гонару”.

          У гэтым годзе эскадрон паехаў на ўрачыстасць Божага Цела на працэсію ў Нягневічы. Безумоўна, паехалі разам. Мы ішлі з аголенымі шаблямі з двух бакоў балдахіну. Паматаю, што за мной ішоў Міхалка. Акурат падчас працэсіі наляцела віхура і пачалася бура. Людзі з працэсіі пахаваліся, а мы ішлі далей. На зваротным шляху мне аддалі штандар і я ехаў парад эскадронам, чым вельмі ганарыўся. Да кракусаў належалі амаль выключна вайсковыя асаднікі з Марысіна, Міхаліна, Беразаўца. З некалькімі малодшымі з Марысіна я пасябраваў і не раз ездзіў да іх пасля вучэнняў.

У Карэлічах, як ужо ўспамінаў, спачатку мы жылі ў флігелі, а ўжо, мабыць, на другую зіму перасяліліся ў адрамантаваны палац, а пан Мысліцкі застаўся ў флігелі. Ад ранняй вясны пан Мысліцкі ўжо а трэцяй гадзіне раніцы хадзіў па падворку і адгаварваючы ружанец, усё даглядаў. Каля восьмай служанка выносіла яму на падносе  сняданак, які з’ядаў на падворку ці ў якім-небудзь з гаспадарчых будынкаў, а толькі на абед, у абедзенны перапынак, вяртаўся дахаты. Быў вельмі высокім і худым, пажылым ужо мужчынам, дасканалым тыпам пана Падбіпенты з трылогіі Сянкевіча, заўсёды спакойным і вельмі справядлівым. Аднойчы скотнік, усімі называемы “Капуста” з прычыны вельмі малога роста, але каржакаватага, а пры гэтым вялікі злоснік, маючы да пана Мысліцкага нейкую злосць, з лютасцю ухапіў вялікі камень  і кінуўся на яго. Пан Мысліцкі маментальна выбіў той камень з рук, схапіў яго за каўнер і як пяро падняў яго на выцягнутай руцэ ўгару. Хвіліну так патрымаў, потым паставіў яго назад на зямлю і спакойным голасам запытаў: “Ну што, каханенькі, ужо табе прайшло?”. А калі Бацька мой хацеў пакараць за гэты выбрык  “Капусту”, пан Мысліцкі катэгарычна запярэчыў, сцвярджаючы, што нічога не адбылося.

Калісці на пачатку, калі мы жылі яшчэ ў флігелі, Бацькі паехалі ў Навагрудак і доўга не вярталіся. Мы з Вісяй гулялі ў садзе і  ўжо згаладаліся. Тады старэнькая маці пана Мысліцкага паклікала нас да сябе і пачаставала нас бутэрбродамі з палянвіцай, і кавай з малаком. Памятаю, што тая палянвіца вельмі нам смакавала, была моцна вэнджаная і падсушаная па-літоўску, зусім іншая як у нас бывала.

У наступным годзе пан Мысліцкі пераехаў у Балценікі, дзе быў самастойным кіраўніком, аж да прыходу бальшавікоў. Тамтэйшыя працаўнікі не далі яму зрабіць крыўды і аднагалосна выбралі старшынёй арганізаванага там саветамі калхоза. Падчас нямецкай акупацыі пан Мысліцкі далей быў гаспадаром у Балценіках, а пасля паўторнага ўваходу туды саветаў – зноў кіраўніком калхоза.

Пасля пана Мысліцкага кіраўніком у Карэлічах стаў пан Астроўскі, якога Бацька выклікаў з Памераніі. Калі прыйшоў у Карэлічы быў яшчэ халасцяком і гаспадарыла яму яго цётка, пажылая ўжо асоба. Пан Астроўскі ў надзелю пасля палудня з запалам вучыў кракусаў, замяняючы майго Бацьку, які быў іх намінальным камандзірам.

Ужо доўгі час маёнтак Працяневічы, размешчаны на адлегласці 5 км ад Карэліч, належаў таксама графіні Жалтоўскай. Арэндаваў яго пан Эразм Лазоўскі, стары халасцяк, які жыў са сваімі трыма сёстрамі: пані Тосяй, пані Ганяй, і ўдавой пані Марыяй Жаўняркевічавай і старой цёткай. Дакладна не ведаю, чаму Лазоўскія атрымалі адмову той арэнды, але ва ўсялякім разе ў 1933 ці 1934 годзе пераехалі яны на арэнду ў Руткавічы, а ў Працяневічы на самастойнага кіраўніка пайшоў пан Астроўскі. Ажаніўся, і перад самай вайной у яго сям’і нарадзілася дачка, у якой хросным быў мой Бацька. Жылі там шчасліва да вайны. Пан Астроўскі не быў мабілізаваны, але адразу пасля прыходу бальшавікі яго арыштавалі і слых па ім загінуў. Пані Астроўская з малюткай Уршулькай перайшла зімой 1940 г. зялёную мяжу ў Генеральную губерню[31]. Пасля адкрыцця Катынскіх магілаў[32] у  спісе зыдэнтыфікаваных значыўся і пан Астроўскі.

Пасля пана Астроўскага ў Карэлічах кіраўніком стаў пан Шарагродскі – халасцяк, які папярэдне, да смерці майго Дзядулі, быў кіраўніком у Пуцы. Ён гаспадарыў у Карэлічах да вайны. Не быў мабілізаваны. Калі ўваходзілі бальшавікі, узяў свой штуцар[33], забраў у мяне патроны з запасаў Бацькі, асядлаў аднаго з выязных коней, але калі Віся пры развітанні сказала, што шкада, каб бальшавікі ўзялі нашага жарабца, перакінуў сядло на англаарабскага  жарабца і прыспешыў за  адступаючымі паліцыяй і капістамі[34]. Праўдападобна, што жарабца пакінуў у Балценіках, а сам апынуўся ў лагеры інтэрнаваных у Літве. Там на 11 Лістапада палякі вывешвалі польскія сцягі, а літоўцы пачалі страляць па тых, хто вывешваў. Некалькіх забілі, а паміж забітымі быў і пан Шарагродскі. Паходзіў ён з Вышкава над Бугам.

Але я мушу вярнуцца на некалькі гадоў.

Вясной 1935 г. усе на Крэсах перажылі шок з прычыны смерці маршалка Пілсудскага. Пра яго хваробу ведалі ўсе, але яго смерць была сапраўды шокам. Калі дайшла гэта вестка, то простыя людзі плакалі па ім, як па кімсці блізкім. У дзень пахавальных урачыстасцяў Мамуся выставіла на ганак наша радыё. На ганку і перад ім сабралася вялікая група працаўнікоў маёнтка – фурманы, рамеснікі і іх сем’і. Быў Давід Слуцкі, арандатар сыраварні, жыд з мястэчка, былі выпадковыя інтэрэсанты з маёнткавй канторы, сяляне. Усе з засяроджаннем і павагай услухоўваліся ў інфармацыю з радыё. У многіх з іх былі слёзы на вачах. Плакаў жыд Слуцкі, праваслаўны белагвардзеец Місюль, які жыў у Польшчы на правах уцекача, плакалі жанчыны, жонкі працаўнікоў. Гэта былі сапраўды шчырыя слёзы. Усе задавалі сабе пытанне: што цяпер будзе? Маршалак асацыяваўся са свабодай і супакоем у гэтых краях. Старэйшыя памяталі пажары і рабункі часоў бальшавіцкай навалы. Шмат мужчын ваявала пад камандаваннем Маршалка, Дзядулі, як яго паўсюдна на Крэсах называлі. Усе перажывалі да нядаўна трывогу гвалтаў, забойстваў і падпалаў, якія выконвалі савецкія агенты, падсыланыя з-за мяжы. Яшчэ на пачатку трыццатых гадоў штоночы бачыліся заравы падпаленых двароў, плябаній, вайсковых асад, школ і гмінных будынкаў. Толькі прысланы Дзядулем на пасаду ваяводы Костэк-Бярнацкі[35] здолеў утаймаваць гэты тэрор. КАП[36] шчыльна замкнуў мяжу, а ўсіх злоўленых на гарачым учынку дыверсій бальшавіцкіх агентаў, не будучых польскімі грамадзянамі, пачалі асуджаць на смерць. Пасыпаліся выракі і не знайшлося больш ахвотных на дыверсіі ў Польшчы. Папярэдне польскія ўлады ішлі на абмен злоўленых дыверсантаў  на палякаў, арыштаваных на савецкім баку, якія там пастаянна пражываюць і спецыяльна арыштаваных на закладнікаў. Па гэтай прычыне дыверсіі ў Польшчы былі поўнасцю беспакараныя, бо бальшавікі заўсёды знаходзілі ў сябе мясцовых палякаў, каторых на тым баку мяжы засталося вельмі шмат на закладнікаў.

Восенню 1936 г. Бацькі пасялілі Вісю ў інтэрнаце і агульнай школе сясцёр Назарэтанак у Навагрудку. Гэта быў найлепшы старт да гімназіі, бо гэта школа была на вельмі высокім узроўні.

Я надаль застаўся ў школе ў Карэлічах. Калісці, будучы з Мамусяй у Навагрудку, наведалі Вісю. Было ўжо пасля заняткаў і мы якраз патрапілі на абед. Сястра-кіраўнічка запрасіла Мамусю на абед і заявіла, што хоць мужчынам у рэфекторыюм[37] заходзіць нельга, але я яшчэ не мужчына, а таму і мяне запрашае на абед. Памятаю, што такая заява ўшпіліла мне страшна.

У пяты клас пайшоў я ў Навагрудскую ўсеагульную школу сясцёр Назарэтанак. Віся вясной залічыла экзамен у гімназію. Бацькі знялі жыллё і мы пасяліліся з Мамусяй у Навагрудку.

У Назарэтанак я ўступіў у гарцэрства[38]. Тут знайшліся новыя сябры. Часта мы гулялі на Замкавай гары, хадзілі ў лес каля Гарадзілаўкі. Служылі на імшы ў навагрудскай Фары. Я вучыўся ня кепска. Памятаю толькі, што пані Сакалоўская, наша выхавацелька і паланістка, заўсёды на мяне злавалася, што чытаючы я “спяваў”: заканчваючы кожны сказ, я паніжаў голас. Але ў іншым выпадку заўсёды мяне хваліла – казала, што я найлепей з цэлага класа наводзіў парадак пасла працы. У пятым класе ў назарэтанак была абавязковая французская мова, якой вучыла радавітая французска – мадам Навагродская. Яна прыехала перад першай вайной як гувернантка, выйшла замуж за пана Навагродскага, які памёр праз некалькі гадоў, і так засталася ў Навагрудку. Я хадзіў дадаткова з Галасевічам, калегам з класа, на заняткі да мадам Навагродскай. Вучыла гульні ў французскую латарэйку. Падчас такой лекцыі трэба было размаўляць выключна па-французску. Трэба прызнаць, што гэты метад вельмі мне адпавядаў. Мадам Навагродская мела пасля свайго мужа турэцкі “ружанец” і кішэнны гадзіннік, падобна здабыты пад Хацінам[39] продкам пана Навагродскага.

У школе ў назарэтанак усюды быў паркет і сястра-парадкавая, штодзень хадзіла па калідоры і гімнастычнай залі, састругвала нажом воск з вялікага кружка, які мы, ходзячы ці бегаючы, ўціралі ў падлогу. Воск быў танны, а палацёр дармовы. Трэба адзначыць, што ў той школе абавязкова трэба было насіць пантофлі, а боты пакідаць у гардэробе.

Кіраўнічкай школы ў той час была сястра Дамініка – нізкая і мажная. Здаецца, яна мяне любіла, хоць я страшна сваволіў. З калегаў з майго класа памятаю прозвішчы: Гедыміна – сына судовага служачага, Галасевіча – сына вышэйшага служачага Падатковай палаты, Багдана (Данка) Карповіча з землеўласніцкай сям’і з ваколіц Навагрудка, Маршалкаў і Зверку, а з шостага класа Герцэга – сына каменданта ДМА[40], наш кап’явы[41], а таксама блізнятаў  Адася і Мацька – не памятаю іх прозвішча, падобных адзін да другога. Насілі яны пры каўнерыках кофты літаркі А – Адась і М – Мацек для адрознення, але на занятках звычайна трымалі іх у руках, а калі каторы з іх быў выкліканы адказваць, то той, які лепей ведаў прадмет хутка закладаў літарку выкліканага і амаль заўсёды ім гэта ўдавалася.

Дружыновым нашай дружыны быў гімназіст Лось з вёскі Стрэльнікі, якая знаходзіцца недалёка Карэліч каля Тударава. Калі званіца ў Фары была адчынена, мы любілі паднімацца ўгару. Са званіцы можна было ўскарабкацца на гарышча Фары, дзе жылі чароды галубоў. Столь Фары – паўкруглы і тоўсты на шырыню адной цэглы, пасярэдзіне з адтулінамі, з якіх звісаюць свяцільнікі. Калі паглядзіш праз такую адтуліну ўніз, то дранцвела скура, бо здавалася, што пад нашым цяжарам высунецца па адной цэгле і мы ўпадзем уніз. Фара мае дзве вежы, у адной ёсць лесвіца з вонкавым уваходам і вісяць званы, а другая не мела ўваходу знізу, а калісці была лесвіца з гарышча да падзямелля. Лесвіца гэта даўно спарахнела, зараз бачныя толькі марныя іх рэшткі. Уваход ў падзямелле з касцёла быў закрыты магутнай накрыўкай, і мы марылі аб тым, каб спусціцца праз гэту вежу, але на шчасце гэтага не зрабілі, бо закончылася б усё гэта паламанымі касцямі. А нас вабіў пераход з падзямелля Фары ў замкавыя падзямеллі, у каторыя ўваход з боку замка быў засыпаны. 

Другія падзямеллі былі пад касцёлам св. Міхала. Сын касцельнага з гэтага касцёла хадзіў са мной у пяты клас і апавядаў мне, што яго бацька ўвайшоў у гэтыя падзямеллі і ішоў падземным ходам, які меў цягнуцца да замка, але на пэўнай адлегласці быў завалены. Не ведаю, колькі ў гэтым было праўды, але вельмі хацелася нам туды трапіць, але зноў безвынікова.

У часы майго побыту ў Навагрудку перабудоўвалі вуліцы і будавалі бетонныя ходнікі. Навагрудак пасля акупацыі быў нэндзнай мясцінай, бо расійскія ўлады стараліся сцерці сляды даўняй велічы і знішчыць усялякія сляды Рэчы Паспалітый Абодвух Народаў. З гэтай мэтай ліквідавалі Навагрудскае ваяводства і падзялілі яе на Гродзенскую і Мінскую губерні, а сам Навагрудак застаўся толькі паветам. Толькі ў 20-х гг. палякі ліквідавалі драўляныя ходнікі і брудныя вуліцы.

Менавіта, калі я хадзіў у пяты клас, з бруднага Фарнага завулка паўстала цалкам прыгожая, шырокая вуліца з роўнымі бетоннымі ходнікамі. А на адхонах пад Замкавай гарой быў закладзены вялікі і шырокі парк.

Час ляцеў хутка. На прадвесні Мамуся вярнулася ў Карэлічы, каб дагледзець сад, а з намі часова да канікулаў пасялілася нейкая пані Марыя – пажылая ўжо асоба, нанятая Бацькамі на гэты перыяд. Пры ёй было мне лягчэй ухіляцца ад навукі і ўцякаць з урокаў. А было столькі цікавых рэчаў! У вялікіх лужынах у замкавым рове з’явіліся трытоны. У ярах гарадзілаўскага лесу ўсё ажывала і расквітала, прыўожа свяціла сонца. Нездарма Віся калісці склала вершык:

Wieje wietrzyk, słońce świeci

Wiejcie z budy wszystkie dzieci.

Wasza buda w blaskach słońca

Wcale nie jest czarująca[42].

На канікалах абвясцілі пра выезд гарцэрскіх дружын з Навагрудка на Злёт Віленскай Харугвы. На жаль, з-за коштаў, з нашай дружаны большасць не магла паехаць і ў выніку паехала нас толькі ўдваіх. Уключылі нас у дружыну з гімназіі. Заплечнікі, кацялкі, намёты і ўвесь кухонны рыштунак пазычыла дружыне войска. Зборны пункт быў у пачатковай школе № 2, размешчанай найбліжэй да станцыі вузкакалейкі, каторай даехалі да Наваельні, дзе пераселі на спецыяльны цягнік, які вёз гарцэраў у Вільню. Мы былі ўдваіх з нашай школы ў дружыне.

У Вільні мы высадзіліся, загрузілі свой рыштунак у грузавік, а дружыны, сабраныя ў большыя аддзелы, памаршыравалі ў лясы на поўнач ад Вільні, дзе над Віліяй было месца, прызначанае для лагера мужчынскіх дружын. Жаночы лагер быў аддалены ад нашага на некалькі кіламетраў. Пасля доўгага марша мы прыйшлі на месца, дзе былі ўжо складзеныя нашы рэчы. Начальнік лагера вызначыў месца для нашай дружыны, дзе мы раставілі намёты і арганізавалі кухню. Вызначаныя старэйшыя хлопцы выкапалі на пэўнай адлегласці ад лагера яму і абсталявалі прыбіральню. Іншыя прыгатавалі ежу і настаў вечар. Пасля Апэля[43] і агульнай малітвы ўсе, апроч вызначаных на ноч вартавых, пайшлі спаць. Нас, наймалодшых, моцна шкадавалі, што нам не падабалася. Злёт трываў два тыдні. За гэты час былі агульныя вогнішчы, аглядныя экскурсіі па Вільні і нават начная трывога. Сутнасць той трывогі зводзілася да хуткасці прыбыцця асобных дружын на пляц збору. Мы прыйшлі аднымі з першых, але трэба прызнаць, што нас наймалодшых старэйшыя амаль неслі, кожнага два старэйшыя хлопцы схапілі пад пахі і гэта быў бег. Пасля збору і праверкі становішчаў нас раздзялілі, старэйшых хлопцаў забралі асобна. Нас малодшых  адвялі досыць далёка і раставілі ў “абароне”. Паміж намі, трохі спераду, былі пазіцыі агнявых кулямётаў з вайсковага арсеналу. На гэту абаронную лінію наступалі старэйшыя гарцэры. Кулямёт страляў халастымі патронамі доўгімі чэргамі. Мы мелі ўяўленне сапраўднай вайны. Пасля заканчэння вучэнняў мы вярнуліся ўжо разам са сваімі дружынамі ў лагер і пайшлі спаць. Паміж дружынамі адбыліся спаборніцтвы ў бегу з рознымі перашкодамі. З кожнай дружыны выступалі вызначаныя каманды, а ў нашай быў і я. Наша дружына выступіла ў цэлым добра. Адбыўся таксама агульны марш у Вільню, дзе мы ўдзельнічалі ў св. Імшы ў Вострай Браме. Пасля імшы адбылася прысяга гарцэраў усёй харугвы. Акурат перад гэтым маршам я прабіў сабе нагу і моцна кульгаў, але не захацеў застацца ў лагеры. Забраў мяне і майго калегу з класа ў аўтамабіль да Вільні камендант Віленскай Харугвы гарцмайстар Пуцята. На імшу і прысягу мы далучыліся да сваёй дружыны, а пасля гэтага гарцмайстар забраў нас назад, а перад выездам з Вільні пачаставаў нас у кандытарскай “Усходняя” па вялікай порцыі халвы. Мы былі з гэтага вельмі гордыя.

У гэтым лагеры я спаткаў першы раз айца Тамаша Раствароўскага[44], езуіта, апекуна гарцэрства, які апавядаў нам як у дваццатым годзе праводзіў гарцэрскую кампанію ў атацы на бальшавікоў праз Карэлічы і ўплаў праз Сэрвач. У Сэрвачы заляглі пад вельмі моцным агнём бальшавіцкіх кулямётаў, страляўшых ад Беразаўца. Загінула тады пяцёра гарцэраў з яго кампаніі, але калі лётчык падаў ім вестку, што ідзе падтрымка, рушылі наперад і пагналі “чубарыкаў[45]” аж за Мір. Загінуўшых у рацэ гарцэраў вылавілі толькі каля Шчорсаў з Нёмана і там іх пахавалі ў агульнай магіле. Тое, што я не ведаў раней пра гэту магілу вельмі засмуціла а. Тамаша.

На гэтым злёце асобныя дружыны рабілі адзін аднаму розныя жарты. Каля нас была дружына са Шчучына, у якой дружыновы быў вельмі тоўсты. Нашы хлопцы адной ночы падкраліся і “звэндзілі[46]” яму сподні. Раніцай, пасля пабудкі, бедны дружыновы быў вымушаны прымаць Апэль у трусах, ну і было з гэтага шмат смеху.

Два тыдні праляцелі хутка. Я паспеў яшчэ пастаяць адну ноч на варце і здаць спраўнасць кухара. У канцы мы сабралі лагер, зрабілі за сабой такі парадак, што не засталося і следу нашага бівака[47] рушылі ў Вільню на станцыю.

Спецыяльны цягнік давёз нас да Наваельні, вузкакалейка да Навагрудка і наступіла развітанне. Паколькі па мяне не прыехалі, я затрымаў сабе заплечнік і пайшоў да дому пехатою. Прайшоўшы ўжо кавалак дарогі, калі ў Сяльцы ідучы пад гару я сустрэў брычку з Карэліч, а ў ёй Масусю і цёцю Славу, якія з Міхалкам ехалі ў Навагрудак. Забралі мяне, адразу завёз і аддаў заплечнік, і на позні абед мы вярнуліся ў Карэлічы. Гэта была мая першая прыгода паза домам.

[-] Пачаткова пастарунак паліцыі ў Карэлічах месціўся ў жылым будынку пры “цукраварні” за млынам Мóрдуха Беніна. Пан Свяркоўскі быў камендантам, а адным за трох паліцынтаў быў пан Кавальскі, халасцяк, які меў стары ровар. Быў сімпатычным чалавекам і ахвотна пазычаў мне гэты ровар. На ім я навучыўся ездзіць, а са мною і мае сябры.

Вясною 1936 г. Татка купіў нам ровары. Вісі дамскі, а мне мужчынскі. Былі дарагія, але незнішчальныя. Дзяржаўная фабрыка ўзбраення “Лучнік”[48] частку сваёй прадукцыі кідала на рынак і нашы ровары былі менавіта гэтай фірмы. Віся вельмі дбала пра свой, але я тоўк свой разам з сябрамі. Ездзілі на ім ўтраіх, а нярэдка і ўчацвярых, а ён не псаваўся. Найбольш часам мы прабівалі шыны.

Дзесці ў гэты час з’явіўся ў мяне новы калега. Палявым вартаўніком, штосці на кшталт цяперашняга паляўнічага ахоўніка, толькі ўтрымоўванага маёнткам, быў прыняты швагер Страшкаў – Мацкевіч. Яго старэйшы сын, маладзейшы за мяне на год, быў найніжэйшым з нас. Звалі яго Баляслаў, а паколькі ў нашай грамадзе было два Болекі, а не было звычаю клікаць па прозвішчы, я назваў яго Балюнцё і так засталося. У хуткім часе Балюнцё стаў маім неразлучным сябрам. Яго бацька ўмеў напіхваць птушак і даволі шмат птушак мне напхаў.

Я не ўспомніў, што здабыў стралецкую адзнаку дзядзька Дзержык, мой хросны. Ён падараваў мне дубальтоўку, старую сваю стрэльбу 23-га калібра. Была трохі раскалочана, але рыбак Юлек, ахоўнік сажалак, цалкам беспамылковы прадказальнік надвор’я і майстар да ўсяго – направіў яе і з таго часу я паляваў падчас канікулаў на Людвікаўскіх сажалках. А была там вялікая колькасць рознага птаства. Ну і як штосьці цікавае я ўпаляваў, то заносіў да бацькі Балюнця, а ён напіхваў і адносіў у Татаву канцылярыю. Татусь плаціў за работу і аддаваў мне выпханы экзэмпляр.

З Балюнцем мы будавалі самалёты з дошак і іншыя рэчы. Мы ездзілі ў лес ў Працяневічы, дзе ў яловых гушчарах мелі свой лагер “дзікіх людзей”. Шалашы збудавалі мы з яловых галінак, гатавалі супы з чорных ягад, смажылі яечню з прывезеных з дому яек, якую мы елі драўлянымі лыжкамі. Лыжкі навучыў нас вырабляць з кавалкаў бярозы Казік Страшко, які тады быў у Працяневічах лясніком і стаў нашым галоўным дарадцам у справах ляснога жыцця. Казік Страшко меў такі выпадак – выганяў коней у суботу вечарам на пашу на луг пад Людвікамі. Пры пераездзе праз  масток, пад канём, на каторым ехаў, зламалася бэлька і конь зваліўся ў пралом. Пры тузаніне каня бэлька раструшчыла Казікаў локаць правай рукі. Ад болю, ці ад шоку, Казік страціў прытомнасць. На шчасце ляжаў на сухім. Коні разбегліся і пасвіліся. У нядзелю заўважылі коней і знайшлі непрытомнага Казіка. Бацькі ў той час не было ў Карэлічах. Мамуся паслала па доктара Лявіцкага, які канстатаваў агульную “кашу” з локця – было, падобна, трынаццаць кавалкаў – зафіксаваў руку і сказаў, што неадкладна трэба везці Казіка ў шпіталь. Мамуся па тэлефоне выклікала таксі з Навагрудка і адправіла Казіка з доктарам Лявіцкім. У ваяводскім шпіталі хірург пасля прасвятлення канстатаваў, што можа толькі зафіксаваць руку назаўсёды і паведаміў, што толькі Міхейда ў Вільні можа яе ўратаваць. Доктар Лявіцкі гэтай самай таксоўкай завёз Казіка ў Вільню ў клініку прафесара. Там Казік праляжаў некалькі месяцаў, перанёс некалькі аперацый, але пасля выпіскі валодаў рукой амаль нармальна. Толькі не мог да канца яе згінаць. Натуральна, увесь кошт пераездаў і лячэння панёс маёнтак. Пасля выздараўлення Казік атрымаў інвалідскую пенсію, а Бацька паслаў яго на курсы ў Гродна, пасля заканчэння якіх, стаў гаёвым[49]. Трохі быў гаёвым у Райцы, а потым ужо да вайны жыў у Працяневічах. Ажаніўся і перад самай вайной нарадзіўся ў яго сынок, хросным бацькам якога быў Татусь. Пасля прыходу бальшавікоў у лютым 1940 года вывезлі і Казіка з сям’ёй. У той час былі моцныя маразы – у Навагрудку доўгі час трымалася -46 градусаў. Шмат малых дзяцей замерзла ў дарозе. Такі лёс спаткаў і малога сынка Казіка.

Хіба ў 1936 годзе пераехалі ў Навагрудак пан Дулемба і пан Шымель. Кіраўнічкай школы стала пані Дварэцкая, а ў гміне пасялілася сям’я Грацкіх. Яны мелі траіх дзяцей: Даню, маю равесніцу, Збышка, старэйшага за мяне на два гады і малодшага Густава. Хутка мы пасябравалі з імі і разам праводзілі канікулы.

Да першага паўгоддзя шостага класа я хадзіў у Навагрудку да Назарэтанак і жыў на станцыі ў сям’і Вадасаў на вул. Пілсудскага, але не вельмі гарнуўся да навукі. А таму пасля святаў застаўся я ў Карэлічах і тут хадзіў у школу. У школе ў Карэлічах, акрамя старых сяброў, была таксама Даня Грацкая, якая была маёй першай сімпатыяй.

Вясной 1937 г. памёр у Пуцы Дзядуля. На пахаванне паехаў Тата, бо Мамуся выехала ў Пуц раней, як толькі даведалася пра хваробу Дзядулі, які прастудзіўся, уладжваючы нейкія маёнтковыя справы, ці судовыя, і захварэў на запаленне лёгкіх. Як звычайна, не хацеў класціся ў ложак і калі Мамуся ўгаварыла яго на тое, было ўжо запозна. Адбыўся крываток і Дзядуля памёр. Мяне на пахаванне не ўзялі. Пахавалі Дзядулю ў Касцежыне. Сабраліся натоўпы людзей, пераважна даўніх пацыентаў. Лячыў Дзядуля беднякоў і яны не далі везці труну коньмі, а ўсю дарогу неслі на змену цэлых шэсць кіламетраў з двара да касцёла, а пасля імшы – на могілкі. Пасля пахавання маёнткавымі справамі заняліся дзядзька Дзержык з Татам і вырашылі, што  не магчыма утрымаць Пуц з прычыны яго запазычанасці,  а таму прадалі маёнтак. Бабуля перасялілася да дзядзькі Дзержыка ў Кельцэ, дзе ён тады меў пасаду ў тытунёвым манаполі, а да нас прыехала Соня на дажыванне. Была яна полькай і каталічкай, называлася Сафіяй Бутрым, паходзіла з засценка на Віленшчыне. Калі была маладой дзяўчынай, прыехала з кімсці, у каго служыла, у Адэсу і там праз некаторы час трапіла да майго Дзядулі – бацькоў Таты. У Адэсе перажыла бальшавіцкі пераварот. Бальшавікі яе мучылі і пераследавалі за тое, што хадзіла ў касцёл і не хацела да іх далучыцца, хоць была толькі служанкай, ці, паводле іх, пралетаркай, а яе варожасць лічылі за здраду. Пасля вайны дзядзька Андрэй зрабіў усё, каб у рамках рэпатрыацыі яна прыехала ў Польшчу, а так як сам жыў у Пуцы, то і Соню туды выклікаў. Соня стала як гаспадыня і была нашай другой бабуляй. Любіла нас як уласных унукаў. Пасля нараджэння кожнага з нас, садзіла новы мірт[50]. Калі мы былі ў Пуцы, то яна заўсёды паказвала нам гэтыя мірты, дбайна ёю гадаваныя і казала, што  спатрэбяцца на нашы вяселлі. Прывезла гэтыя мірты ў Карэлічы. Бедная, бо ніводны мірт не дачакаўся вяселля каторага з нас. Соня ў нас узяла пад сваё праўленне гадоўлю дробных жывёл і кухню. Не раз Мамуся не магла настаяць на сваім, а толькі павінна было быць так, як Соня таго хацела. 

[-] Летам быў у маёнтку пажар – загарэўся драўляны хлеў і згарэў дашчэнту. Большасць статка ўратавалі працаўнікі, якія таксама не дапусцілі распаўсюджвання пажара на абору і стайню. Так як баяліся, што стайня загарыцца, бо было вельмі суха і дзьмуў з яго боку вецер, выпусцілі на падворак кабыл з малымі жарабятамі. Устрывожаныя коні цэлым табуном пачалі бегаць па двары, перашкаджаючы ратавальнікам і пагражаючы растаптаць іх. Усе намаганні конюхаў выгнаць статак у поле скончыўся нічым. І тады прыбег з саду наш поні, каторы заўсёды хадзіў свабодна. Ён абабег статак і накіраваў яго на дарогу, якая вяла да тракту. Усе кабылы і жарабяты рушылі за ім. Ніхто не заняўся тым, куды яны ідуць, бо ўсе былі занятыя пажарам. Адась Страшко асядлаў жарабца і паімчаўся галопам у мястэчка па пажарную каманду. Акурат быў кірмаш. І вуліцы і рынак, праз які меў праехаць, былі запоўненыя фурманкамі і людзьмі. Апавядалі потым, што жарабец на поўным галопе пераскокваў праз тых, хто не паспеў уцячы з дарогі. Калі пажарная каманда прыехала са сваёй мотапомпай, то дагасіла дагараючыя рэшткі хлява. Абору захаваў рад таполяў, аддзяляючы яе ад агня, бо стаяла блізка, а крыта была дранкай, так, што не дапамагло бы паліванне вадой з вёдраў. Таполі пасля таго пажара высахлі і іх павысякалі, але сваё яны споўнілі. Гэты пажар і гэтае ратаванне стаіць у мяне заўсёды ў вачах. Бо гарэла дворскае – панскае, а ратавалі з рызыкаю для жыцця не толькі працаўнікі, але і іх жонкі, якія прыбеглі са сваіх дамоў, каторым не пагражаў агонь. Гэты вобраз абвяргае камуністычную тэорыю пра варожасць працаўнікоў да “паноў-прыгнятальнікаў”.

Пасля пажара пачалі шукаць кабыл. Аказалася, што поні спакойна ўвесь статак вывеў на поле канюшыны пад Людвікава. Правёў іх трактам праз Заламанку і знайшоў добрую пашу. Поні быў каштанам, якога Бацька купіў нам пасля смерці старога варанога коніка, каторага мы мелі на пачатку нашага побыту ў Карэлічах. Гэта была вельмі разумная жывёліна. Любіў яблыкі, хадзіў у сад і аб’ядаў найсмачнейшыя гатункі, а калі жыд-арэндатар хацеў яго выгнаць, то рабіў выгляд, быццам хоча яго ўгрысці і жыд уцякаў.

Зімой кулявая Манька варыла бульбу для жывёлы ў будынку пасярэдзіне двара. Поні любіў вараную бульбу і пільнаваў, калі Манька будзе яе давіць, тады ўсаджваў галаву ў тое памяшканне і шчэрыў зубы, тулячы адначасова вушы. Выглядала гэта грозна, і Манька “паддавалася”, а поні выядаў бульбу. У стайні стаяла каля 40 пар рабочых коней. Быў конюх, які рыхтаваў для ўсіх коней корм, а пасля раздачы кармоў замыкаў жэрдкай уваход у стайню. Жэрдка была на такой вышыні, што ані конь, ані карова не маглі ўвайсці, але поні, як толькі ў стайні не было нікога, праходзіў пад жэрдкай на сагнутых нагах, выядаў  кармы і так сама выходзіў. Рабіў гэта так спрытна, што конюх доўгі час не мог яго злавіць. Калі, па яго разуменню, я задоўга яго мучыў, ездзячы на ім па садзе і парку, скідваў мяне і ўцякаў, не даючыся злавіцца. Але мяне не пакідаў. Аднойчы я зваліўся з яго і ляжаў нейкі час не рухаючыся. Поні пасвіўся непадалёк, але, відавочна, занепакоіўся, падышоў да мяне і пачаў абнюхваць і штурхаць носам. Як толькі я пачаў варушыцца, адышоў супакоены. Нягледзячы на малы рост, быў вельмі дужы. Не раз, калі быў без працы, выкарыстоўвалі яго для падвозу вады з рэчкі для паліўкі сада. Вялікую драўляную бочку на двухколцы, якая была пад сілу дужым коням, ён выцягваў з рэчкі пад адносна стромую гару цалкам свабодна. У 1938 г., пасля вайсковых манеўраў, Бацька прадаў поні разам з брычкай маёру Дыленіусу, які меў у той час малых дзяцей. Маёр адразу быў пераведзены ў Паморскую кавалерыйскую брыгаду і забраў поні ў Памеранію.

Не ўспомніў пра Аляксандра. А быў гэта вельмі цікавы чалавек. Аляксандр Булінскі быў ад незапамятных часоў садоўнікам у Карэлічах. Быў ім ужо тады, калі пані Жалтоўская была яшчэ малой дзяўчынкай і насіў яе ў той час на руках. За маёй памяці, Аляксандр меў па-над дзевяноста гадоў, хадзіў, ківаючыся з нагі на нагу, але нічога, што тычылася саду, агароду і парку не магло быць зроблена без згоды і дазволу Аляксандра. Памятаю, як калісці, калі Бацька пры абедзе сказаў пані Жалтоўскай, што трэба будзе дасадзіць дрэў у садзе, бо ёсць шмат пустых месцаў. Пані Жалтоўская адказала, што трэба аб гэтым паразмўляць з Аляксандрам, бо без яго ведама нічога ў садзе нельга змяняць. Аляксандр гадамі закладаў сады ў Карэлічах, Працяневічах, Райцы і ў шмат якіх іншых маёнтках у ваколіцы. Меў шэраг асабіста выгадаваных гатункаў яблынь і груш, сам прышчэпліваў і садзіў. Акрамя таго, трымаў пчол. Як малы хлопец, я любіў з ім хадзіць да пчол. Ён не ўжываў сеткі, а пчолы яго не джалілі. Вясной, калі дакучаў яму рэўматызм, адкрываў калені, садзіў на іх пчол, дразніў іх, каб джалілі, а потым нажом сцягваў пчалу так, што яна не траціла джала і адлятала ў вулей. У наступных гадах  паказваў мне, як прышчэпліваць дрэўцы. У вігілійны вечар[51], пасля вячэры, браў сена з-пад абруса і ім перавязваў свае яблынькі. Верыў, што гэта спрыяе добраму ўраджаю гэтых дрэў у наступным годзе. Памёр Аляксандр летам 1936 года. Ведаў і поспехаў у садоўніцкай працы меў, напэўна, не меней, як знакаміты расійскі Мічурын, толькі не пайшоў з бальшавікамі, быў ціхім і працавітым чалавекам, адданым сваім хлебадаўцам. Удава, пасля пахавання, пасялілася ў дачкі ў суседняй вёсцы Агароднікі, куды завозілі ёй дэпутаты[52] і ардынарыі[53].

Прыходзіла часам да Мамусі, а пасля прыходу бальшавікоў узяла на захаванне нашы сямейныя памятныя дакументы, у каторых, між іншым, былі мінкавецкія дакументы Рэдукса[54].

Летам 1938 г. Бацька купіў два каякі, якія заставаліся на Людвікаўскіх сажалках. Калі іх прывезлі, было акурат жніво. Я браў поні, запрагаў яго да аднаконнага воза і ездзіў звозіць збожжа. Місюль вучыў мяне ўкладваць на возе снапы і ад раніцы да вечара былі мы ў полі. Памятаю, што Тата гневаўся на мяне за тое, што сяджу на полі, і нават не абгледзеў новыя каякі. А мяне цягнула да працы на жніве. Потым у Сібіры спатрэбілася мне навука Місюля, калі працаваў у калхозе. Пасля жніва я перапрасіў за каякі і высіжваўся на сажалках.

Фальварак Людвікава быў размешчаны на невялікім узвышшы на лугах у даліне Сэрвачы, у якую ўплывала наша рэчка Рута. Мяжой маёнткавых лугоў была Рута, аддзяляючая яе ад лугоў і палёў мястэчка Карэлічы. Далей Сэрвач аддзяляла яе ад лугоў Беразаўца, а на поўначы мяжою быў роў для адводу вады з сажалак у Сэрвач. На краі гэтых лугоў, з боку карэліцкіх палёў размяшчаліся рыбныя сажалкі. Дарога да Людвікава бегла паміж сажалкамі і была пастаянна выкладана фашынай[55], бо тарфяністы грунт рабіў язду немагчымай. Вада да сажалак прыбывала ровам з Руты праз спецыяльную запруду, а лішкі вады адводзіліся ў Сэрвач праз апісаны вышэй межавы роў. З боку палёў былі найперш неглыбокія і малыя сажалкі для малькоў, паросшыя травой. Пасля нераста самцы і самкі выпушчаліся ў вялікія сажалкі, а малькі, пасля адгадавання да пэўнай масы, адпраўляліся ў большыя сажалкі, спускаючы ваду з малькамі з меншых, а матачныя сажалкі стаялі без вады да наступнай вясны і зарасталі травой. Летнія сажалкі былі неглыбокія, але займалі плошчу каля дваццаці гектараў і былі ў некаторых месцах зарослыя аерам і чаротам.

У 1935 годзе мой Бацька вырашыў пабудаваць яшчэ дзве сажалкі, а старыя падзяліць уздоўжнымі грэблямі так, каб лепш выкарыстаць іх абшар, не павялічваючы глыбіні. У той час наваколныя беларускія вёскі былі перанаселеныя, было там шмат лішніх працоўных рук. Але савецкая прапаганда абвяшчала байкот маёнткам і аказалася, што не было ахвотных працаваць на будаўніцтве сажалак, хоць прапаноўваліся добрыя заробкі, бо праца была акордная. Тады прадпрымальнік паехаў у Кельцэ і прывёз адтуль дзвесце мужчын. Раскватэравалі іх у бараках і яны працу выканалі цягам аднаго лета, пры гэтым няблага зарабіўшы. Было трохі больш клопату, бо трэба было ім забяспечыць кватэраванне і харчаванне, але праца была выканана своечасова і ўжо ў наступным годзе гэтыя сажалкі далі першы прыбытак. Тымчасам у ваколічных вёсках не было працы і заробкаў. Так савецкая прапаганда “шкодзіла” маёнткам і “брала пад апеку” беларускія вёскі.

На сажалках былі рыбацкія лодкі, якімі рыбакі развозілі вараны лубін для карпаў. Мы ж выкарыстоўвалі гэтыя лодкі, як толькі былі вольныя, для плавання, а я часта паляваў на водных птушак з лодкі. Птаства гэтага было на сажалках незлічоная колькасць. Вясной тысячы батальёнаў наладжвалі на грэблях токі – самцы біліся не на жарт, распасціраючы шырока сваё найпрыгажэйшае жабо і зусім не зважаючы на пад’язджаючых да іх людзей. Чароды розных парод качак, водных курачак, кулікоў, бекасаў, кнігавак, крачак, чапляў, бугаёў і нават вялікіх арлоў штогод вадзіліся ў аеры і чароце, на старых вербах, ці прыляталі на жор на сажалкі.

Дзве сажалкі цягнуліся ўздоўж рэчкі і былі ад яе аддзеленыя высокім валам. На гэтых сажалках штогод вылоўлівалі па некалькі вялікіх шчупакоў. Паколькі вада да сажалак трапляла праз плаціну, іншы шлях выключаўся. Зімой сажалкі заставаліся без прытоку вады. Таму доўгі час невядома было, як старыя шматгадовыя шчупакі трапляюць у сажалкі, дзе чынілі значную шкоду, з’ядаючы масава маладняк карпа. Калісці рыбак Юлек сказаў, каб Бацька прыехаў на надрэчны вал падчас дажджу. Мы з Бацькам якраз былі на Людвіках і адразу паехалі на той вал. Гэта быў участак Юлька і ён першы ўбачыў гэту з’яву. Падчас дажджу трава, пакрываўшая вал, была мокрая. У чыстай вадзе рэчкі бачныя былі плаваючыя рыбы. Што які час вялікі шчупак разганяўся ў рацэ і выскокваў на адхон вала, а потым падскокваючы і паўзком на змену, дабіраўся да хрыбта вала, а адтуль ужо, саслізгваючы па адхоне, дабіраўся да вады ў сажалцы. Не ўсім шчупакам гэта ўдавалася і некаторыя вярталіся назад у рэчку, але шмат іх пераадольвала травяністы вал. Цікава было, адкуль шчупакі ведалі, што за валам ёсць ўрадлівая і рыбная вада, а не сухі луг.

Увачавідкі засведчыўшы такі спосаб, Бацька загадаў пераараць гару вала і шчупакі застравалі ў пяску. Пасля гэтага заарання, пасля дажджа, можна было знайсці шчупакоў на вале.

А на сажалках, акрамя шчупакоў, найвялікшымі шкоднікамі былі чаплі і гагары, на матачніках – крачкі і чайкі. Рыбакі мелі дубальтоўкі і атрымлівалі дадатковую ўзнагароду за адстрэл гэтых шкоднікаў. З забітых птушак збіралі лапкі і праз пэўны час прыносілі ў кантору, дзе атрымлівалі плату: за чаплю – 1 злоты, за гагару – 50 грошаў, а за чайку ці крачку – 30 грошаў. Я меў дамову з рыбакамі такую, што яны плацілі мне за мае адстрэлы палову, а я ім аддаваў здабытыя лапкі. Я так гаспадарыў, што хапала мне заўсёды на порах, шрот і капсулі, бо сам рабіў сабе патроны.

Спецыялістам у паляванні на чаплю быў Юлек, які здолеў на сваім участку забіць за лета дваццаць штук. Зрабіць тое было не так проста, бо парысці да чаплі не адлегласць выстралу вельмі цяжка, а рыбацкія стрэльбы не былі высокага класу.

Аднойчы бачыў бусла, які ўпаляваў вялікага карпа і не мог з ім узляцець. Небарака доўга з ім мучыўся і ў канцы быў вымушаны адмовіцца ад здабычы. Чапля бярэ нават вельмі вялікія рыбы, бо ў палёце кладзе галаву са здабычай на плечы і таму ўвесь цяжар ляжыць пасярэдзіне птушкі. А бусел лятае з выцягнутай уперад шыяй і цяжар вялікай рыбы, якую не здолеў праглынуць, пераважае яго так, што не можа ўтрымаць раўнавагі ў паветры.

На сажалках я навучыўся плаваць. У першае лета, для бяспекі, рыбакі зрабілі мне з тоўстага чароту два пучкі, перавязаныя двума шнуркамі, якія прывязвалі мне пад пах і так пускалі мяне на глыбокую ваду. Гэта было штосці на кшталт ратавальнай камізэлькі – у ёй немагчыма было нырнуць, а тым больш утапіцца. Праз некаторы час я плаваў ужо без гэтага цалкам добра.

Як ужо ўспамінаў, з васьмі гадоў жыцця, ад часу, калі я атрымаў стралецкую адзнаку, я меў дубальтоўку і пасля кожнае лета паляваў на сажалках. Звычайна клаў некалькі патронаў у стары патранташ, які атрымаў у спадчыну пасля дзеда Юліуша і ехаў на сажалкі, дзе хадзіў гадзінамі ў аеры і чароце. Ведаў гэтыя сажалкі, як свой уласны пакой і ведаў дзе якія птушкі любяць жыраваць. Пасля кожнага палявання я прыносіў адну, а часам некалькі качак. Больш прыемнасці мне прыносілі падыход і падпільноўванне птушак, чым само забойства, бо калі хацеў бы я толькі страляць, то можна было б забіваць птушак даслоўна сотнямі. Дастаткова стрэліць раз ўгору для запалохвання, як зрывалася вялізная чарада, да якой можна страляць не цэлячыся і заўсёды трапіш.

Кожнае лета прыязджаў, прынамсі раз, пан Жалтоўскі са сваімі сваякамі і сябрамі. Тады арганізоўваліся паляванні з аблавамі, бо гэтыя панове не любілі брадзіць па затоках, толькі расстаўляліся на грэблях, а аблава палохала птушак.

Пан Жалтоўскі заставаўся звычайна даўжэй. Гэта быў найпрыемнейшы пажылы пан. Ён быў прафесарам філасофіі Познаньскага ўніверсітэта і вельмі багатым чалавекам, але з кожным размаўляў прыязна, як роўны з роўным. Вельмі любіў сам выехаць брычкай у поле. Часта казаў мне, каб браў поні з брычкай і ехаў з ім.  Мы ехалі ў поле. Дазваляў мне падганяць поні пугай і так трушком ехалі перад сабой. Затрымліваўся пры працуючых ў полі і любіў з імі размаўляць. Ведаў усіх старых працаўнікоў і распытваў пра іх сем’і і клопаты. У жніво дзяўчыны пільнавалі графскія пераезды і вязалі яго старым звычаем. Пан Жалтоўскі пытаўся, колькі іх на полі да выкупу, ну і плаціў столькі злотых, колькі было іх пры жніве. Любіў таксама размаўляць з сялянамі, працуючымі на прылягаючых да маёнткавых палёў, палетках. Ведаў усіх старэйшых гаспадароў і цікавіўся іх жыццём.

Зімой у Балценіках здарыўся няшчасны выпадак. Пры выстрале пана Жалтоўскага ў зайца, адна са шрацін зрыкашэціла і скалечыла вока селяніна. Пан Жалтоўскі неадкладна завёз яго ў Вільню да вядомага акуліста. Той дастаў шрот, але канстатаваў трывалае пашкоджанне вока. Пан Жалтоўскі не змірыўся з гэтым і неадкладна павёз хворага ў Швейцарыю да сусветнай славы акуліста, які лячыў пэўны час хворае вока, але таксама не вярнуў яго да здароўя. Пасля вяртання ў Балценікі пан Жалтоўскі загадаў выдзяліць з грунтаў маёнтка 15 гектараў добрай зямлі, пабудаваць на ёй будынкі, забяспечыць інвентаром і гэтае гаспадарства перадаў пацярпеламу, перапрашаючы яго яшчэ раз за крыўду, якую яму ўчыніў. Мой Бацька быў пры гэтым, бо ўладжваў усе фармальнасці з гэтым звязаныя. Праз некаторы час пан Жалтоўскі быў у нас у Карэлічах. Гэтым выпадкам ён быў вельмі прыгнечаны і дакараў сябе, што той чалавек цярпеў праз яго. Пасля гэтага выпадку цалкавіта страціў ахвоту да палявання. А ў прынцыпе, не было ў гэтым зусім яго віны. Страляў з добрай зброі і цвёрдым, як усе, шротам. Ніхто не мог прадбачыць, што шрот адаб’ецца ад нейкага каменя і паляціць у зусім іншым кірунку.

Летам 1934 года вада ў рэчцы была атручана нейкімі вельмі з’ядлівымі бактэрыямі. Усе дзеці, якія хоць раз выкупаліся ці толькі замачыліся ў рэчцы, пакрываліся язвамі. А лета якраз было гарачым і сонечным.

Зімой, найчасцей, рэчка, пасля восеньскіх дажджоў, разлівалася на местачковыя пашы, называныя з гэтай прычыны Паплавамі, і замярзала так, што ад Заламанкі, уздоўж мястэчка, аж да Людвікаўскіх сажалак, цягнулася шырокая ў некалькі соцень метраў гладкая паверхня лёду. Калі быў моцны вецер, маючы канькі на нагах, дастаткова было расцягнуць куртку і трымаць, як ветразь, каб імчацца з вялікай хуткасцю. Тыя, хто не меў сапраўдных канькоў, а такіх была большасць, ездзілі не драўляных каньках, акутых дротам.

У канцы Заламанкі, пры паравым млыне, уласнасцю жыдоўскай суполкі, была хата беднага возчыка. Меў ён морг ці два агароду і зарабляў як возчык, а так як амаль усе жыды ў мястэчку мелі коней, то ён не меў надмеру працы. Затое меў грамаду дзяцей. Найстарэйшы быў маім равеснікам і калегай з класа. Калі мы коўзаліся на Паплавах на каньках, з той хаты высыпалася босае “таварыства” і на пятках слізгаліся разам з намі. Што цікава, мы ніколі не бачылі гэтых дзяцей з насмаркам ці кашлем, а часам яны па некалькі гадзін былі босымі на лёдзе.

Асобна трэба ўспомніць пра штогадовыя вайсковыя манеўры, якія адбываліся заўсёды пасля жніва. Першыя, вялікага маштабу, вайсковыя манеўры ў ваколіцах  Карэліч адбыліся ў 1932 годзе. Шмат войска прыходзіла і кватэравала ў маёнтку, але з гэтага года ў маёй памяці засталося заканчэнне саміх манеўраў. На палях пад Шчорсамі быў устаноўлены алтар і была палявая імша. Кавалерыя, стоячы ў шчыльных шыхтах, займала вялікі кавалак поля перад гэтым алтаром. Так як у тыя часы не ўжывалі ў такіх выпадках мегафонаў, паволе спрадвечнага звычаю на пэўнай адлегласці стаялі афіцэры і гучна паўтаралі словы ксяндза. Такой сістэмай “перадай далей” усе слухалі словы імшы і казання. Падчас імшы аса ўжаліла мяне ў палец, што было вельмі балючы і я запомніў гэта да сёння.

Пасля імшы адбыўся парад зборных палкоў кавалерыі. Перад збудаванай для гэтай мэты трыбунай, праязджалі асобная палкі з аркестрамі наперадзе з разгорнутымі штандарамі, у поўным галопе. Наперадзе эскадронаў ехалі камандзіры, а перад адным эскадронам бег вялікі аўчарак, дакладна трымаючыся прамежкаў паміж эскадронамі. Было тады сабраных вельмі шмат ваколічных жыхароў, нават з далёкіх ваколіц прыехалі на тую ўрачыстасць. А было гэта 15 жніўня – касцёльнае свята[56] і дзяржаўнае – свята Войска Польскага. Урачыстасць тая вельмі ўдалася.

У наступных гадах ўжо пастаянна манеўры адбываліся ў ваколіцах Карэліч, а ў нас заўсёды было поўна войска, а ў доме афіцэраў. Ад 1936 года штаб Навагрудскай брыгады кавалерыі з генералам Андэрсам[57] на працягу ўсяго часу манеўраў размяшчаўся ў нашым доме. Генерал любіў гуляць у брыдж і амаль кожны вечар гуляў дапазна. Так як генерал не заўсёды быў стрыманы падчас гульні, вышэйшыя штабныя афіцэры выстаўлалі супраць яго якога-небудзь маладога паручніка, як кажуць “Богу душой не вінаватага”. Не раз я назіраў пакуты такога афіцэра, калі раздражнёны генерал злаваўся і кідаўся такімі эпітэтамі як “ідыёт”, “дурань” і тп., а малады афіцэр падхопліваўся са словамі “так ёсць” на вуснах. Хіба гэта абрыдзіла мне карты на ўсё жыццё. Часам генерал забіраў мяне з сабой аўтамабілем на тэрыторыю вучэнняў і на стрэльбішча, чым я тады вельмі ганарыўся.

Начальнікам штабу Навагрудскай брыгады кавалерыі быў у той час маёр Адам Солтан[58], вельмі культурны і сімпатычны, сур’ёзны чалавек. Я не бачыў  яго ніколі, каб павышаў голас, ці няветліва звяртаўся да падначаленых. Гэтым ён кантраставаў з генералам Андэрсам, які, здаецца мне, быў халерыкам. Аднойчы маёр Солтан апавядаў пры мне Мамусі пра свайго сына. Меў з ім клопат, бо сын яго не хацеў вучыцца і таму яго не перавялі ў наступны клас гімназіі. Маёр на пачатку канікулаў паехаў з ім да свайго сябра, які быў тады дырэктарам ваеннага завода са спецыяльным рэжымам – работнікі яго жылі ў казармах і панавала вайсковая дысцыпліна, а майстрамі былі падафіцэры. Маёр сказаў сыну, што калі ён не хоча вучыцца, то павінен працавць і аддаў яго на практыку на той завод, пры гэтым папрасіў майстра, каб хлопцу не давалі ніякай падлажкі. Калі паехаў наведаць сына пад канец практыкі, той заявіў, што цяпер разумее, што значыць праца і абяцаў, што будзе цяпер вучыцца добра. Вярнуўся ў гімназію і пачаў вучыцца надзвычай добра.

Найбольшы ўдзел я браў у апошніх манеўрах летам 1938 года. Пэўнага дня аддзелы “чырвоных” баранілі маёнтак, а “белыя” павінны былі яго здабыць, наступаючы з захаду. Ускараскаўшыся на верх аборы, афіцэр, камандуючы гэтым адцінкам абароны, даў мне свой бінокль і я інфармаваў яго пра рухі праціўніка. У выніку выйгралі “чырвоныя” і нават генерал, абмяркоўваючы ход вучэнняў, адзначыў “майго” камандзіра, падкрэсліваючы ўмелае выкарыстанне дапамогі “цывільнага насельніцтва”, то бок маёй. Мяне “распірала” ад такога гонару.

Маёр Дыленіус, сябра Таты з часоў бальшавіцкай вайны, быў у гэтым годзе арбітрам. Праводзіў у нас на кватэры ўвесь час манеўраў. Меў каня – Віхра – гнядога гонтара, найхутчэйшага ва ўсёй Навагрудскай брыгадзе кавалерыі. Так як з прычыны сваёй функцыі маёр заўсёды ездзіў аўтамабілем, конь стаяў бясчынна. Ён дазваляў мне штодзень ездзіць на Віхры, але ў пастаянным суправаджэнні яго люзака[59]. Той пільнаваў, каб я надмерна не замучыў каня, але выглядала гэта так – я падшпарваў пяткамі Віхра, ён імчаўся галопам, а люзак на звычайным уланскім кані адразу заставаўся далёка ззаду. А Віхар імчаўся, як сапраўдны віхор. Каналы, платы і лужы на дарозе літаральна пралятаў без найменшага намагання. За Руціцай, пры дарозе на Працяневічы, быў роў чатырохметровай шырыні. Віхар пераскокваў яго так, як бы галапаваў на раўніне. Звычайна, калі я стрымаў Віхра, па пэўным часе люзак даганяў мяне на ўспененым кані і рабіў мне вымову, але сканчалася ўсё тым, што па вяртанні прыносіў яму яблыкаў з саду і расставаліся мы ў найлепшай згодзе. Толькі адзін раз узнікла непаразуменне. Люзак падчапіў сабе дзяўчыну і аднойчы сказаў мне, каб гэтага дня не ездзіў, бо ён не мае часу, так як у яго спатканне. Ад’ютант генерала запытаў мяне, чаму я сёння не езджу конна, а я, замест таго, каб адказаць яму, што сёння не хачу, сказаў, што люзак заняты. Руплівы ад’ютант паклікаў люзака, насварыўся на яго за невыкананне загада штодзённай язды і загадаў неадкладна сядлаць коней і ехаць. Бедны люзак думаў, што я паскардзіўся і не мог мне гэтага дараваць. Атрымаў прачуханца і прапала яго спатканне.

У папярэдніх гадах я збудаваў з сябрамі гармату на старых колах ад воза. Стралялі з яе, чым папала. Калі ўдалося купіць у аптэцы хлорысты калій, то стралялі з яго дапамогай. Часам стралялі бутэлькамі, напоўненымі нягашанай вапнай, у апошні момант заліванай вадой. А летам 1933 года, падчас манеўраў, я зарадзіў сваю гармату 100 грамамі дымнага пораху, заткнуў пакуллем, падсыпаў кавалачкаў жалеза, узятых з кузні і падпаліў полак, ці адтуліну ззаду, напоўненую порахам. Пазіцыю для стральбы выбраў у яры за цукроўняй, куды мы з дапамогай поні, прыцягнулі гармату. Калегі, або маё войска, стаялі збоку, а я страляў. Грымнула моцна і перш чым я паспеў адхіліць руку, набіла яе порахам, убіла ў далонь аскепак шкла, які застаўся пасля стральбы бутэлькамі, а другім рассякло бок. Больш было страху, чым болю. Я пакінуў гармату і поні калегам, каб яны ехалі дадому на падворак, а сам пайшоў праз поле дадому. Паціху ўзяў з аптэчкі ёд, ім заліў сабе далонь і пашмараваў бок. Супакоіўшыся, выйшай на падворак. Мае калегі былі ўжо там і ўсім расказалі. Жаўнеры намовілі мяне, каб пайшоў да доктара, бо трэба было выцягнуць з далоні аскепак і акуратна зрабіць перавязку. Доктару Лявіцкаму сказаў, што паваліўся і пакалечыўся. Але ён мне не паверыў, бо рука была нашпігаваная порахам. Спрабаваў мне выцягнуць аскепак з далоні, але ён сядзеў глыбока пад вялікім пальцам, а доктар не хацеў рэзаць, каб не пашкодзіць мышцу. Перавязаў мне толькі руку, заклеіў пластырам бок і зрабіў укол супраць заражэння. Тым часам па маёнтку разыйшлася плётка, што мне адарвала руку і жаўнеры аднеслі мяне да доктара. Услужлівыя кумачкі паляцелі з гэтай весткай да Мамусі. Тут жа быў тэлефон да доктара, каторы супакоіў Мамусю. Генерал даведаўся пра выпадак і паслаў да мяне ад’ютанта сваім аўтамабілем, ну і я вяртаўся дадому “у поўнай хвале”. На маё шчасце было поўна афіцэраў і заняты імі Татусь не наладзіў мне лупцоўкі. На другі дзень капітан артылерыст аглядаючы маю гармату, дзівіўся, як такая колькасць пораху не разарвала яе наогул.

З гэтай гарматы мы стралялі яшчэ пазней, а летам наступнага года была на пазіцыі нацэленай на ўсход. Падобна была там яшчэ 1945 годзе.

Так як падчас першай вайны, каля двух гадоў фронт стаяў на Сэрвачы, вакол Карэліч было шмат бетаніраваных бункераў, г.зн. бліндажоў. Яшчэ за маёй памяццю на полі пад Людвікамі, перад рыбнымі сажалкамі разбіралі загароджы з калючага дроту і засыпалі акопы. Бліндажы былі пад апекай войска, а ўваходы да іх у большасці былі засыпаныя зямлёй. Але не ўсе. Тымі незасыпанымі бліндажамі карысталіся дыверсанты і агітатары, прысылаемыя з СССР. Некалькі разоў на палях маёнтка ў бліндажах знаходзілі пачкі бальшавіцкіх улётак з заклікамі да сабатажу і байкоту распараджэнняў польскіх уладаў. Да якой дэмагогіі прыбягалі іх аўтары сведчыць тэкст адной з іх, дзе сцвярджалася, што з моманту прыхода на гэту тэрыторыю “советской власти” г.зн. улады, панскую зямлю раздадуць сялянам і не будзе ніякіх падаткаў, ні іншых павіннасцяў, а сяляне будуць самі сабой кіраваць. Палякі ў гэтых улётках былі прадстаўлены, як адвечныя крывапійцы і эксплуататары. Гучалі заклікі да байкоту школ, недапушчэння будоўлі дарог, да ўзбуйнення зямельных надзелаў і т.п.

Нам нельга было хадзіць у бліндажы, але напэўна гэта забарона нас пабуджала і не раз мы наведалі такія падзямеллі. На шчасце мы нідзе не сустрэлі няпрошаных гасцей з-за мяжы. Магло гэта трагічна скончыцца, бо яны, ведаючы пра кары для іх у выпадку іх выкрыцця, не перабіралі сродкамі. Яшчэ ў пачатку 1930-х гг. часта знаходзілі трупы асобных паліцыянтаў, ці вайсковых асаднікаў, павешаных ці ўтопленых з каменем на шыі. Пад канец трыццатых гадоў такія з’явы зніклі наогул, бо не мелі Саветы ахвотных на дыверсіі ў Польшчы. Вядома, звычайна ў выпадках вострай барацьбы было даволі шмат паліцыйных памылак. Паліцыя набіралася ў асноўным з пазнанякаў і памаракаў, і не разумела мясцовых адносін і людзей часта непакорных, якія размаўлялі па-сялянску г.зн. па-беларуску, лічылі падазронымі.

Так, для прыкладу, было з Касяй Страшкоўнай, якую лічылі камуністкай і парасцярагалі Бацьку, каб быў на яе ўважлівым, а найлепей звольніў з працы, а пасля прыходу бальшавікоў аказалася, што гэта дзяўчына найбольш зацята нас бараніла. Таксама паліцыя рабіла вельмі дрэнную справу, калі масава арыштоўвала беларускую моладзь, у каторай знаходзілі савецкія ўлёткі, а агітатары і платныя распаўсюджвальнікі, рэкрутаваныя найчасцей з жыдоў, пазбягалі адказнасці. Так злоўленую моладзь часта брутальна трактавалі на пачатковым следстве, што не спрыяла ўстасункаванню адносін да польскай улады, а ліло ваду на бальшавіцкі млын.

Як ужо ўспамінаў, у Карэлічах не было касцёла, а парафія месцілася ў Нягневічах, у 15 км ад Карэліч. Што праўда, ксёндз з Нягневіч прыязджаў кожную нядзелю і служыў св. Імшу ў школе. Гэта была правізорка і цесната. Стараннямі майго Бацькі, панства Жалтоўскія далі пад будынак касцёла пляц на пагорку пры парку і ў большасці прафінансавалі будоўлю.

Праца была распачата вясной 1936 года. Увесь вольны час я прасядзеў там. Пасябраваў з мулярамі. Гэта была група з Івянца – усе католікі і палякі. Хадзілі ў мацееўках[60]. Кожнай вясной яны выязджалі на будоўлі, а зімой сядзелі ў родным мястэчку і займаліся абпальваннем гаршкоў. У гэтым годзе брыгада за лета пабудавала нам касцёл. Дах быў крыты гонтам, а толькі вежа бляхай. Частка дахавай канструкцыі была з драўніны, ахвяраванай панам Мечыславам Тукалам, тагачасным уладальнікам Бараціна. Ён ахвяраваў два сасновыя бярвяны дыяметрам каля аднаго метра кожны. Такіх соснаў пазней я не бачыў нідзе. На вежы завесілі звон ахвяраваны маімі Бацькамі, з надпісам, што гэта ахвяра Вісі і Стася Сцібор-Мархоцкіх. Былі ахвяры вялікія і дробныя. Нейкая асадніца падаравала сапраўдны персідскі дыван, стары, але ў добрым стане. Паклалі яго на ступеньках алтара. Пан Расцішэўскі ахвяраваў вечную лямпку прад алтар і срэбныя імшальныя званочкі.

Восенню 1936 года ксёндз-дэкан Міхал Далецкі[61] з Навагрудка  асвяціў наш касцёл і адслужыў першую святую Імшу. Вясной 1937 г. ксёндз біскуп пінскі Казімір Букраба[62] урачыста кансэкраваў касцёл. З’ехалася тады мноства ксяндзоў і ваколічных жыхароў. Быў натоўп вайсковых асаднікаў і ўвогуле каталіцкага насельніцтва і, нават, праваслаўнага. Натуральна, былі панства Жалтоўскія. Урачыстая сустрэча кс. Біскупа адбывалася пры трыумфальнай браме, устаноўленай для гэтай мэты на вуліцы перад будынкам гміны. Былі натоўпы людзей з войтам, пробашчам, праваслаўным бацюшкам і рабінам. Мамуся прыбрала касцёл зелянінай і кветкамі, але амаль у апошні момант пані Жалтоўская заявіла, што гэта так прасцецка выглядае бярэзіна і паслала аўтамабіль у Навагрудак, дзе выкупіла ўсе кветкі, якія знайшла і загадала іх паставіць вакол алтара. Таму стаялі вялікія снапы розных кветак ў вёдрах і лепей гэта зусім не выглядала.

Пасля ўрачыстай кансэкрацыі[63] касцёла і св. Імшы, быў у нас абед для кс. Біскупа і асысты[64], а таксама для знакамітых гасцей. Пасля гэтага кс. Біскуп са світай паехаў да Нягневіч, дзе ўдзяліў сакрамэнт бежмавання[65]. Я таксама ў той час быў бежмаваны, а маім сведкам бежмавання быў пан Расцішэўскі. Пасля заканчэння ўрачыстасці старэйшыя былі запрошаны пробашчам на прыём на плябаніі і там засталіся, а мы самі вярталіся дадому. З намі ехалі Даня, Збышэк і Густаў Грацкія, таксама Ганя і Януш Лявіцкія. Мы запрасілі іх усіх да нас у госці. Дома якраз былі суніцы, якімі пачаставалі мы нашых сяброў.

У пачатку, пасля асвячэння нашага касцёла, ў нядзелю і святы прыязджаў пробашч з Нягневіч і служыў Імшу. Майскія і чэрвеньскія набажэнствы[66] праводзілі Мамуся альбо пан Расцішэўскі. Памятаю, калі аднойчы, калі Бацькі паехалі ў Навагрудак і доўга не вярталіся, я страшна хацеў сам праводзіць майскае набажэнства, але пан Расцішэўскі сказаў мне, што я для гэтага замалады і сам праводзіў.

Праз некаторы час паньства Жалтоўскія пастараліся, каб прыслалі  ксяндза Пончка[67] разам з двума братамі з супольнасці ксяндоў Палатынаў[68]. Спачатку жылі яны ў нас і харчаваліся таксама ў нас, а пасля прыстасавання на мэты плябаніі памяшканняў, якія папярэдне займаў пастарунак паліцыі ў адміністрацыйным будынку па цукроўні, за млынам Беніна, перасяліліся на сваё гаспадарства. Ксёндз Пончэк быў у той час маладым ксяндзом, меў матацыкл і любіў на ім ездзіць. У вольныя хвіліны заняты быў нейкімі грамадска-палітычнымі справамі і пастаянна спяшаўся. Часта ў апошнюю хвіліну заязджаў прад касцёл, пакідаў перад касцёлам свой матацыкл, уваходзіў хуткім крокам праз галоўны ўваход у касцёл, ужо ў дарозе расшпільваючы камбінезон так, што ў дзвярах закрыстыі распранаўся, хутка апранаў літургічныя шаты і выходзіў на святую Імшу. Мае Бацькі некалькі разоў звярталі яму ўвагу, што так нельга, але нічога гэта не дапамагала.

Як я ўжо ўспамінаў, шосты клас пачаў я ў Навагрудку ў Назарэтанак і жыў на станцыі ў паньства Вадасаў, а праз паўгоддзе вярнуўся ў школу ў Карэлічах, а Віся другі клас гімназіі прахадзіла ў Кельцах, жывучы ў дзядзькі Дзержыка, які тады меў там пасаду ў аддзеле тытунёвага манаполю і жыў з бабуляй Вандай.

Ранняй вясной Віся цяжка захварэла і страціла тры месяцы навукі. Вярнулася раней дадому і Бацькі прынялі панну Гэлену Пельчарскую для навукі Вісі. Панна Гэлена была маладой дзяўчынай, якая год таму скончыла настаўніцкую семінарыю і дасюль не мела пасады. Паходзіла з Кракаўскага ваяводства і звярнулася па аб’яве, дадзенай маімі Бацькамі. Насіла вялікія акуляры – Бацька падазраваў, што для больш важнага выгляду, бо выглядала вельмі маладой. Была настаўніцай з замілавання і вельмі хутка мы яе палюбілі. Вучыла Вісю цэлае лета, а восенню Віся здала экзамен у трэці клас гімназіі сясцёр Назарэтанак у Вільні. Летам мы забіралі панну Гэлену на экскурсіі ў лес і на сажалкі. Дзесьці пад канец лета была нарада настаўнікаў з ваколічных школ, арганізаваная ў школе ў Адамполі. Паколькі панна Гэлена вельмі хацела быць на той нарадзе, я завёз яе туды на поні. Вярнулася з настаўнікамі з Карэліч вельмі задаволенай, бо атрымала прапанову працы ў чатырохкласнай школе ў Руткавічах ад найбліжэйшай восені, на што, натуральна, выразіла згоду. За колькі дзён перад пачаткам школьнага году выехала ад нас у Руткавічы, дзе знайшла пакой у сялянскай хаце. Наведвала нас часам і была вельмі задаволеная з працы. Пасля прыходу бальшавікоў, падзяліла лёс большасці іншых польскіх настаўніц – выкінулі з працы і жылля на бадзяжніцтва. Больш я яе не сустракаў і не ведаю, што з ёй сталася.

У 1937 годзе летам мне прысніўся цяжкі і вельмі выразны сон. Снілася мне, што з усходу праз наш парк ехалі на конях без сёдлаў бальшавікі, так як іх апісвалі з дваццатага года. Дзіка раўлі “Урра!” і трымалі ў руках доўгія ланцугі кайданаў, якімі званілі. Гэты гук сніўся мне так выразна, што чуў яго яшчэ хвіліну пасля прабуджэння. Я прабудзіўся заліты потам і трасучыся ад страху. Была сярэдзіна ночы. Пайшоў у спальню Бацькоў і іх абудзіў, але не ўмеў вытлумачыць свайго страху і Тата наказаў мне ісці спаць і не дурыць галавы. Я вярнуўся ў ложак, але не мог заснуць да раніцы, толькі варочаўся пад коўдрай, усё яшчэ адчуваючы пранізлівы страх. А праз два гады расля гэтага бальшавікі сапраўды прынеслі нам кайданы на доўгія гады.  

Маім вялікім сябрам у Карэлічах быў малады механік з млына Беніна, Янак. Ён быў механікам, які абслугоўваў паравую машыну млына, а пасля закладкі Бенінам электрычнага асвятлення ў мястэчку, таксама электрычных агрэгатаў. Быў добрым спецыялістам і трохі “омнібусам”, бо браўся за ўсё і ўсё яму выходзіла. Рамантаваў стрэльбы, радыё, матацыклы і электраправодку. Вучыў мяне асновам электратэхнікі і слясарства.  Я насіў яму яблыкі з саду, якія ён любіў і надакучваў яму рознымі справамі. Калі Татусь купіў, за намовай дзядзькі Стася Шыдэльскага, стары аўтамабіль маркі Рэно, мадэль канца першай вайны, аднаго разу, як Міхалка мыў яго перад узвышшам стайні, дзе быў выдзелены гараж, я націснуў стартар не ведаючы, што без ключыка гэта не дазволена і спаліў магнета. Якраз Татусь хацеў некуды ехаць і я баяўся, што атрымаю за гэта. Я паляцеў да Янка. Той прыйшоў і часова направіў так, што Татусь мог ехаць, а вярнуўшыся пераматаў індукцыйныя катушкі і грунтоўна адрамантаваў, ну і ўратаваў маю скуру. Не раз таксама рамантаваў мне маю дубальтоўку, дарабляў да яе байкí і куркí.

[-] У найбліжэйшай ваколіцы Карэліч жылі паньства Лазоўскія. Як я ўжо ўспамінаў, спачатку яны арэндавалі Працяневічы, а пазней да вайны Руткавічы. Гэта была сям’я, а менавіта брат і сястра, даўно аселыя ў гэтых краях. Пан Эразм, стары кавалер, магутнай будовы мужчына, можны, вельмі вясёлы і таварыскі, любіў выпіць, але заўсёды ў кампаніі. Калі прыязджаў у мястэчка і заходзіў у карчму, убачыўшы яго варанога каня, сходзіліся ў карчму аматары выпіць, бо пан Лазоўскі частаваў усіх знаёмых і тады найлепей бавіўся. А галаву меў моцную. У кампаніі сваіх сабутэльнікаў з карчмы хіба чуў сябе найлепей, бо ў т.зв. “лепшай” кампаніі не раз здаралася паводзіць сябе неадпаведна, калі сябе падхмяліў. Калісці, на прыёме ў паньства Дулембаў моцна падпіты кідаў ў пані  пры стале пончыкамі. Іншым разам, у сябе дома ў Руткавічах, на імянінах, па чарзе адкрываў бутэлькі з фруктовым хатнім квасам, якія стралялі ў столь фантанам. У выніку сталоўка цалкам была заліта квасам. Але быў гэта вельмі добры чалавек і ўсе яго любілі.  Панна Тося Лазоўская, найстарэйшая сястра пана Эрця, вельмі пажылая панна, любіла ездзіць конна, а дома з замілаваннем ставіла кабалу[69].

Пані Марыя Жаўнеркевічава, удава, якой муж памёр ад заразы ў савецкім лагеры на Украіне падчас вайны ў 1920 годзе, дзе абое былі палоннымі, займалася домам. А была цудоўнай гаспадыняй. Яна таксама выручала брата ў гаспадарстве, калі не было яго дома. Панна Ганя Лазоўская, наймалодшая сястра, працавала ў Навагрудку ў дырэкцыі гімназіі і толькі летам бывала ў сям’і. Пастаянна жыла ў Навагрудку, у доме паньства Лазоўскіх, размешчаным у вялікім садзе пры вуліцы Пілсудскага. Жыла яшчэ перад вайною цётка паньства Лазоўскіх, старая пані, якая памерла перад самай вайной.

Другім блізкім суседствам Карэліч быў Барацін паньства Тукалаў. Пан Мечыслаў Тукала паходзіў з вельмі багатай сям’і з Віцебшчыны. Мелі там велізарныя даброты, якія, натуральна, пасля рэвалюцыя страцілі, але вывезлі адтуль вялікую рухомую маёмасць і даволі шмат грошай, за якія пан Тукала купіў у паньства Лазінскіх Барацін, у той час прыгожы маёнтак з добрай глебай, прыгожымі лясамі, рыбнымі сажалкамі і вінакурняй. Сям’я Лазінскіх заканчвалася тады на біскупе пінскім Зыгмунце Лазінскім[70], раней дэкане і прафесары гімназіі ў Навагрудку, а ў часы падзелаў – арганізатары тайнага польскага навучання на гэтай тэрыторыі. Пан Тукала любіў карты і гуляшчае жыццё і так запазычыў Барацін, што даўгі перавышалі яго вартасць. Дапамаглі яму браць звышпазычкі яго сваяк, тагачасны навагрудскі стараста пан Селява і другі сваяк, які быў чальцом праўлення Віленскага зямельнага банку. З гэтай прычыны Барацін не прадавалі з аукцыёна, а судовы выканаўца не меў што апісаць, бо пан Тукала праводзіў арыгінальную гаспадарку: гаспадарчыя будынкі стаялі без дахаў, жывога інвентару амаль не было, рыбныя сажалкі найчасцей былі пустыя, вінакурня ў цалкавітай руіне, а працаўнікі, пастаянна не аплачаныя, жылі з таго, што ўкралі. Збожжа прадаваў яшчэ не зжатым, лес таксама працерабіў і далей як мог, то гуляў. Вядомы быў у ваколіцы яго прыёмчык да судовых выканаўцаў. Ён меў праўдападобна вялізарную грыжу і калі з’яўляўся судовы выканаўца, пан Тукала распранаўся да гала, выбягаў, прыкідваючыся вар’там. Такога ніводны судовы выканаўца не вытрымаў і чым хутчэй ад’язджаў, а жыццё ў Бараціне кацілася па старому. Я быў калісці з Бацькамі ў Бараціне, і калі старэйшыя сядзелі ў доме і размаўлялі, я абыйшоў увесь падворак і сад. Быў там яшчэ прыгожы стары парк, але цалкам запушчаны, а будынкі ўяўлялі плачэўны выгляд. У гумна былі толькі мураваныя слупы без сцен і даху. Кароўнік і канюшня мелі калісці адзіныя салідныя мураваныя сцены, але нават у іх не было варотаў. Вінакурня выглядала як бы даўно спаленая і пасля чаго яе ніхто не кранаў. Адзінае, сам двор і афіцына былі яшчэ ў добрым стане. Натуральна, ніякага плота не было і кожны хадзіў, дзе хацеў.

Навагрудскі стараста пан Селява быў рэдкім арыгіналам, магутнай будовы цела, надта тоўстым, нібы важыў 260 кг. Па гэтай прычыне сам не мог падняцца па прыступках, ездзіў адкрытым шасціасабовым фордам, з якога былі дэмантаваныя пярэднія сядзенні і якія цалкам запаўняў пан стараста. Аднаго разу ў нейкай справе знаходзіўся ў Карэлічах, у канцыляріі майго Бацькі, а паколькі быў ужо час абеду, Мамуся запрасіла яго да нас на абед. Паміж канцылярыяй і сталоўкай быў малы калідорчык, у які можна было патрапіць праз двупольныя дзверы. Былі яны такія шырокія, што пастаянна ўжывалася толькі адна палова, а другая была замкнутая на засоў. Пан Селява літаральна завяз у дзвярах. На два бакі дзвярнога праёма “выліваліся” часткі яго магутнага жывата, а пан стараста соп ад напруджання і тырчаў у дзвярах. Трывала гэта ўсяго хвіліну, але я душыўся ад смеху. Тата з’арыентаваўся ў сітуацыі, адсунуў засоў другой паловы дзвярэй і папхнуў яе, а пан стараста выпаў да памяшкання сталоўкі. Апетыт ён меў надзвычайны і, падобна, пасля працы, дома ўвесь час нешта гатаваў паводле старых кухарскіх кніг. Апавядалі пра яго, што аднойчы, калі ён ішоў калідорам староства, выпала ў яго тэчка. Адышоўшы назад бачыў яе, але калі нагінаўся, каб падняць, жывот яе засланяў і не дазваляў падняць. Урэшце адзін з інтэрэсантаў падняў яе, за што даў яму стараста дзесяць злотых і як мог, найхутчэй адыўшоў. Калі ўсходзіў па ступенькам, то яго кіроўца папіхаў яго ззаду з усёй сілы, бо сам не мог падняцца. Рамізнікі, калі бачылі яго ідучага пешшу, уцякалі ў паніцы, бо, падобна, рысоры ў брычках выпадалі. Незадоўга перад вайной пайшоў пан Селява на пенсію,  а калі ўваходзілі бальшавікі, падобна, падрэзаў сабе вены з боязі іх здзеку з яго.

Да шырокакалейнай чыгункі ездзілі мы з Карэліч альбо ў Наваельню, размешчанай на-над 20 км ад Навагрудка, альбо ў Гарадзею, якая ляжыць недалёка ад Нясвіжа. Адлегласць была амаль аднолькавая, а з Гарадзеі ехалася да Варшавы хуткім цягніком, т.зв. міжнародным, які ехаў з Кітая праз Маскву да Стоўбцаў, а далей непасрэдна праз Варшаву, Берлін, Парыж і Мадрыд у Лісабон. Калі мы ездзілі яшчэ ў Пуц на святы, звычайна мы ехалі гэтым цягніком. Аднойчы ў нашым купэ ехала сям’я Карповічаў з дзецьмі. Праз пэўны час пан Карповіч выйшаў у калідор з малым тады Марыушкам. Хлопчык, выходзячы, выцягнуў ручку назад, а пан Карповіч, не заўважаючы гэтага, прыціснуў яму дзвярыма пальцы. Быў страшны плач. Пасля вайны я сустрэў ужо дарослага Марыуша, які стаў навукоўцам, прафесарам гісторыі мастацтваў. Аднаго разу ў нашым купэ ехалі немцы, якія вярталіся з Кітая. Калі ў купэ ўвайшоў кандуктар, немка штосці запытала яго па-нямецку, на што кандуктар, свабодна размаўлячы па-нямецку, ласкава даў інфармацыю. Калі ж кандуктар выйшаў, Мамуся пачула, як немцы паміж сабой казалі, што ад Стоўбцаў, відаць, заехалі ў Еўропу. Пазней я даведаўся, што кандуктары, якія абслугоўвалі на гэтай лінію гэты цягнік, павінны ведаць добра чатыры мовы: ангельскую, нямецкую, французскую і іспанскую. У гэтым цягніку афіцыянты па заказу разносілі па купэ напоі і ежу з карты, а хто хацеў, мог выпазычыць за малую плату навушнікі, якія падключаліся да сеткі вяшчання праграм варшаўскага радыё.

З Карэліч да Гарадзеі пралягаў шырокі тракт праз Турэц і Мір. У Міры над ставам стаіць мураваны замак, збудаваны яшчэ ў часы князя Вітаўта. Уладальнікам гэтага замка і прылеглага маёнтка быў князь Святаполк-Мірскі, стары кавалер. Ён меў манію шукаць спадкаемцаў. Быў праваслаўным і асноўнай умовай яго было тое, каб кандыдат быў таксама праваслаўным. Збяднелых князёў Мірскіх можна было на Крэсах сустрэць, але частка з іх была католікамі, таму яны адпадалі. Калісці знайшоў нейкага Базыля князя Мірскага, але той аказаўся нецікавым тыпам і пасля нейкай авантуры ім справакаваный, стары князь выгнаў яго з Міра. Перад вайной знайшоў нарэшце годных спадкаемцаў, маладых яшчэ сужонкаў, падобна вельмі прыстойных людзей. На жаль нядоўга яны цешыліся Міром. Пра старога князя апавядалі мноства анекдотаў. Між іншым ён меў звычай хадзіць пешшу на далёкія шпацыры. Калі на такім шпацыры сустрэў вясковую кабету, якая несла на базар яйкі, пытаў яе колькі іх мае, а калі тая адказвала яму колькі, загадваў ёй скласці рукі на грудзях і ўкладваў на іх яйкі, правяраюцы іх лічбу. Пасля гэтага адыходзіў, не турбуючыся, што будзе далей. Натуральна, такая кабета старалася як найменей разбіць яек, а затым з’яўлялася ў замку, дзе князь плаціў ёй за ўсе яйкі, не лічачы колькі іх разбіла. Акрамя такіх забаў, стары князь жыў вельмі сціпла. Зямлю меў пясчаную, таму найбольшы прыбытак меў з фермы срэбных лісаў.  Увесь атрыманы прыбытак прызначаўся на адбудову замка. Адрэстаўраваў адну вежу і адзін кружганак, і там жыў. Аж да вайны пастаянна нешта рамантаваў. Стары князь Мірскі даўно не жыве, а замак у Міры стаіць далей і сведчыць, што не заўсёды гэтыя землі былі расійскія, што існавала спрадвеку вялікая Літоўская дзяржава і магутная Рэч Паспалітая.

Недалёка ад Карэліч знаходзіліся Сянежыцы паньства Яна і Марыі Балінскіх. Гэта быў ультракаталіцкі дом. Бывала там мноства ксяндзоў. Ну і натуральна, размаўлялі пра справы Касцёла. Паньства Балінскія мелі трох малых дзяцей. Аднойчы адзін з ксяндзоў запытаў хлопчыка, ці ведае ён колькі ёсць Асобаў Боскіх – ён без роздуму адказаў, што чатыры і назваў: Бог Айцец, Сын Божы і Букраба. Малы пастаянна чуў імя нашага біскупа і асацыяваў яго з Богам.

Летам 1937 і 1938 гадоў Татусь ездзіў і забіраў мяне з сабой у Жукоўшчыну, размешчаную за Дзятлавам. Гаспадарыў там калега майго Бацькі з часоў навучання – пан Скарына. Маёнтак некалі належаў да старой польскай сям’і Корсакаў, які пасля студзеньскага паўстання[71] быў канфіскаваны царскімі ўладамі. У канцы мінулага [XIX] стагоддзя валодаў гэтым маёнткам нейкі царскі генерал [Данцоў]. Пані Скарыніна была ў першым сужэнстве яго жонкай і з таго сужанства мела дваіх дзяцей. Сын закончыў гімназію ў Хырыве[72] і ў той час быў дарастаючым маладым чалавекам, а дачка была на год ці два старэйшай за Вісю і была вельмі сімпатычнай дзяўчынай. Дом, а дакладней палац у Жукоўшчыне быў сапраўдным музеем. У дваццатым годзе першым увайшоў у Жукоўшчыну бальшавіцкі камісар, былы ардынанс генерала. Відавочна меў добрыя ўспаміны з той службы, бо забараніў што-небудзь рабаваць і нішчыць у маёнтку, а таму, што знаходзіўся там да вяртання польскіх войскаў, нічога не было знішчана.  Гэта быў хіба адзіны двор у Навагрудскім ваяводстве зусім не знішчаны ў вайну. Была там цудоўная і вялікая бібліятэка, прыгожыя і каштоўныя абразы, якія цалкам закрывалі сцены, каштоўная старая мэбля. Усё дбайна збіралася пакаленнямі знаўцаў і аматараў  прыгожага. Польская сям’я Корсакаў збірала, а генерал, відаць, быў культурным чалавекам і захаваў усё не знішчаным. Панове, бо прыязджалі таксама доктар і аптэкар з Дзятлава, гралі ў карты, а я бушаваў у бібліятэцы. Ляля з французскай гувернанткай паказалі мне парк і сад, і я мог там хадзіць, дзе хацеў, але ўсё ж мне хацелася пераглядаць прыгожыя ілюстраваныя кнігі.

У 1938 годзе паехалі мы з Бацькамі аўтамабілем у Вераскава да паньства Брахоцкіх. Пан Станіслаў Брахоцкі быў, на думку майго Бацькі, вельмі добрым гаспадаром і быў сімпатычным чалавекам. Паньства Брахоцкія мелі дзвюх, трохі старэйшых за Вісю, дачок (Ганна і Ізабэла), якія вывучалі ангельскую мову і ездзілі конна, сына (Станіслаў) на некалькі гадоў малодшага за мяне і малюткую дачушку (Ірэна). Двор у Вераскове быў, у прынцыпе, добрым палацам з калонамі пасярод франтона. Адзінае, псула яго тое, што не быў аддзелены ніякім газонам ад падвор’я. Вісі і мне прапанавалі конна праехацца з паннамі. Хлопец, падобна, не любіў конняй язды, цікавіўся толькі аўтамабілямі. Панны мелі выдатных верхавых коней, а нам прывялі асядланых рабочых коней, якія выглядалі горш за коней у Карэлічах. Я не мог наглядзецца на коней паненак і вельмі хацеў паспрабаваць на іх паездзіць. Спачатку не хацеў нават сядаць на пададзенага каня, але нарэшце паехалі. Панны ехалі ступою і нехаця размаўлялі з Вісяй, а я вельмі нудзіўся. Праязджалі мы праз лес, дзе былі паваленыя дрэвы, якія панны старання абміналі. Я не вытрымаў і папрасіў малодшую, каб мне дала свайго каня, каб мог я паскакаць. Мы пераселі. Конь сапраўды быў цудоўны, літаральна пераплываў над перашкодамі. У зваротнай дарозе я ехаў ужо на гэтым кані і ўваліўся на ім галопам прад палац, дзе на ганку сядзела ўсё таварыства. Пані Брахоцкая палічыла, што я дрэнна выхаваны і нават пагразіла мне пальцам, але ўсё адно я скарыстаўся яздой. Праз некаторы час пасля нашага вяртання прыехаў паліцыянт з паведамленнем, што на Людвікаве гарыць кароўнік. Таму мы развіталіся і зараз жа паехалі дадому.

На Людвікаве Бацька пабудаваў вялікі драўляны кароўнік, у якім стаялі летам дойныя каровы з Карэліч, а маладняк цэлы год. У Карэлічах не было зусім натуральнай пашы, а на Людвіках, за рыбнымі сажалкамі, былі адны лугі. Кароўнік згарэў поўнасцю, бо ў той час стаяла спякота і суша. На шчасце, усё быдла было тады на пашы. Адразу ж у гэтым годзе быў збудаваны новы кароўнік, мураваны з пустакоў. Праз некаторы час усё вярнулася да нормы.

У хуткім часе паньства Брахоцкія рэвізітавалі[73] нас. Памятаю, што пані Брахоцкая ўвесь час размаўляла з Мамусяй па-французску. Была, здаецца, “высакамернай” асобай і, у адрозненні ад мужа, мала сімпатычнай. На гэтым візіты скончыліся.

Неаднаразова ездзілі мы з Бацькамі ў Райцу і на Свіцязь. Райца была некалі прыгожым маёнткам. У канцы XVIII ці на пачатку XIX стагоддзя хтосці з уладальнікаў заклаў пры двары прыгожы і разлеглы парк. Былі там вельмі рэдкія экзэмпляры дрэваў і кустоў, вялікія цяпліцы, званыя там аранжарэямі. Яны былі поўныя экзатычных і дэкаратыўных кветкавых раслін. Райца здаўна належала сям’і Жалтоўскіх [ул. Путкамэраў ад 1897 г.]. Дзядзька пана Жалтоўскага загінуў падчас бальшавіцкага нашэсця, абараняючы стады і пахаваны быў у парку. Пасля Першай вайны Райца была значна разпарцэлявана, засталіся лясы, вадзяны млын і маёнтак у некалькі гектараў з паркам і вялікім садам. Гэты маёнтак паньства Жалтоўскія падаравалі ксяндзам Палатынам. Ксяндзы заклалі тут свой дом. Самі перабудавалі двор, дапасоўваючы яго да патрэбаў супольнасці. Ксёндз Маеўскі, настаяцель супольнасці Палатынаў у Польшчы, быў частым госцем у нас у Карэлічах, бо Бацька мой вырашаў ксяндзам розныя маёнткавыя справы. Праз некаторы час ксяндзы выклікалі дзве сястры Палатынкі з Баварыі з умовай, што навіцыят мае быць выключна польскі і перадалі ім Райцу. Быў гэта ў той час першы дом супольнасці сясцёр Палатынак у Польшчы. Яны праводзілі місійную працу ў мясцовасці, апекаваліся сіротамі, праводзілі школу, як зараз назвалі бы, практычнай гаспадыні для вясковых дзяўчат з ваколіцы. Вучылі ў ёй, між іншым, шыццю, гатаванню ежы і т.п. практычным рэчам. Сёстры раздалі ўзоры экзатычных раслін і вырошчвалі ў цяпліцах гародніну. Мамуся атрымала ад іх дзве вялікія агавы і драцэну, вышынёй па-над два метры. Сёстры тасама былі частымі гасцямі ў Карэлічах, бо Бацька далей вырашаў ім розныя маёнткавыя справы.

Млын у Райцы спачатку арэндаваў жыд за пяцьсот злотых у год. Бацька адабраў у яго млын, загадаў яго адрамантаваць і прызначыў у ім самастойнага млынара.  Таксама была там так званая валюшня альбо сукнавальня, дзе выраблялі лямец, званы на Крэсах валёнкамі. Млын быў вельмі арыгінальны, бо ўсё, ад воднага кола праз шэраг зубчатых колаў, на восі млынарскіх камянёў, былі цалкам драўлянымі. Усё было зроблена малапісьменным мясцовым цесляром, працавала як гадзіннік, без устрэсаў і скрыгату. Млын гэты, як успамінаў мой Бацька, даваў пасля рамонту ў сярэднім шэсцьсот злотых чыстага прыбытку штомесяц. Не дзіва, што жыды трымаліся такіх арэндаў і багацелі на іх.  У млыне, апроч млынара, жыў ляснік, які наглядаў за лясамі вакол Райцы. Трохі быў ім Казік Страшко, а пасля яго да вайны быў Берэмідзэ, грузін-белагвардзеец, які атрымаў у Польшчы прытулак, званы звычайна Берамізай. Ніколі не навучыўся ён размаўляць чыста па-польску ці беларуску і страшна калечыў дзве гэтыя мовы, але быў вельмі лагодным і пачцівым чалавекам. Меў некалькі дзяцей і клопат, бо найстарэйшы, які меў каля 10 гадоў, меў рост пяцігадовага хлопца і зусім не рос. Бацька мой меркаваў, што гэта былі нейкія гарманальныя справы, бо разумова развіваўся цалкам правільна. Бераміза, перш чым стаць лясніком у Райцы, быў лясніком у Працяневічах, а яшчэ раней быў палявым вартаўніком у Карэлічах. Зімой застрэліў ён у парку фазана, задаволены прынёс у канцылярыю і паклаўшы перад Татам заявіў: “такусь чудну пцічку убіл”, і быў здзіўлены, што Тата яго не пахваліў.

У Райцы былі чароўныя лясы і ўвесь матэрыял на будаўніцтвы ў Карэлічах і Працяневічах, для сталярні, а таксама шчапу на апал прывозілі адтуль.

[-] У перыяд свайго гаспадаравання ў Карэлічах Бацька пастаянна штосці будаваў. Адрамантаваў жылыя будынкі, пабудаваў дзве новыя хаты ў Працяневічах, кароўнік і свінарнік для працаўнікоў у Карэлічах, драўляны свінарнік, а пасля пажару, мураваны маёнткавы, перабулаваў і накрыў новым дахам кароўнік у Карэлічах, выбудаваў вялікі драўляны кароўнік на Людвікаве, а пасля пажару такі самы мураваны, а перад самай вайной распачаў будаўніцтва новага мураванага васьмісямейнага жылога будынку ў Карэлічах пры дарозе на Руціцу. Быў гэта ўжо, як на тыя часы, сучасны жылы будынак – кожная з васьмі кватэр мела асобны ўваход з ганкам, сенямі, каморай, вялікай кухняй і такім жа самым вялікім пакоем, асобным падвалам і асобным гарышчам. На амаль усіх гэтых будоўлях працаваў Варабей з сынамі. Быў гэта гаспадар з Заполля. Ён меў невалікую гаспадарку і зарабляў цяслярствам і крыццём дахаў гонтам і дранкай. Калі будавалі штосці новае, альбо крылі дах, я любіў праседжваць з майстрамі і прыглядацца да іх работы. Вучылі мяне сваёй рабоце, працы сякерай і крыць дахі. [-]

У мястэчку было паштовае агенства, у якім начальнікам і служачым у адной асобе быў пан Асановіч. Кожны дзень раніцай Файфель, местачковы жыд, выязджаў возам з паштовымі пасылкамі ў Навагрудак, а пад вечар вяртаўся з прыйшоўшай поштай. За пашу для каровы Файфель прыносіў тую пошту ў маёнтак. Лічыў сябе святоўцам, бо, падобна, калісці быў нават у Францыі і ўмеў некалькі словаў па-французску. Калі вечарам прыходзіў на кухню з поштай, нязменна казаў „bonjour”, а адыходзячы „au revoir”. Акрамя пошты мог зладзіць любыя закупы літаральна ад іголкі да аўтамабіля. Для мяне заўсёды купляў порах, шрот і капсулі.

Як я ўжо ўспамінаў, пры палацы быў вялікі сад на паўднёвым скаце, заслонены ад усходу паркам. Сад быў рэдкі, але меў пераважна старыя, разрослыя дрэвы і добра пладаносіў. Сад гэта разам з прылеглым агародам Бацька меў у якасці натураплаты. Так як кожны год садавіны было зашмат, як для нас, то Мамуся здавала сад у арэнду жыду. Арандатарам садоў ва ўсім павеце быў Шустэр, жыд з мястэчка, вялікі багацей. Кожны год падчас цвіцення садовых дрэваў адбываліся таргі: жыд купляў будучы ўраджай на сваю рызыку і ставіў свайго стоража, часта і двух. Мы мелі права рваць плады на свае патрэбы, восенню адсыпалі сабе частку сабранага ўраджаю, а некаторыя дрэвы былі “абумоўленыя”, г.зн. цалкам для нашага карыстання. Шустэр меў у мястэчку камеры захоўвання ў скляпах і гандляваў садавінай у Навагрудку і іншых гарадах, а ў 1935 ці 1936 годзе супольна з іншымі багатымі жыдоўскімі купцамі паставіў вялікую садавіна-агародніцкую пераапрацоўчую фабрыку ў Баранавічах, дзе перараблялі горшыя гатункі садавіны з арэндаваных садоў. Таксама ад гэтага года ў Карэлічах пачалі жыды вырошчваць вялікія плантацыі агуркоў для квашэння і кансервіравання. Арэндавалі нават штогод да 40 гектараў поля, на якіх вырошчвалі свае агуркі. Маёнтку было гэта выгадна, бо пад агуркі вельмі моцна ўгнойвалі глебу, а пасля такой плантацыі добра радзіла пшаніца. Хрысціяне на гэтых плантацыях маглі працаваць, але ад плантатараў не жыдоў не куплялі жыды агуркоў. Аднаго разу Мамуся мела ў агародзе вельмі добры ўраджай агуркоў і паклікала Шустэра, каб іх купіў. Жыд прыйшоў неадкладна, але даваў толькі 10% кошту, на што Мамуся не хацела згадзіцца і агуркі засталіся – бралі іх колькі хацелі працаўнікі маёнтка, а і так большасць згніло.

Аднойчы летам я быў з Бацькам у Навагрудку, ну і пасля вырашэння ўсіх справаў, Бацька засеў у казіно і гуляў у брыдж, а мне не было што рабіць. Быў спякотны дзень позняга лета і мне захацелася грушак, а грошай я не меў. Міхалка сядзеў перад заездам. Калі я яму прызнаўся ў гэтым, пайшоў са мной на рынак, знайшоў гандлюючага Шустэра і  найспакойнейшым чынам загадаў яму даць мне найлепшых грушак з латка. Я ніколі не дадумаўся бы так зрабіць, але Міхалка ўмеў усё зладзіць.

У 1935 ці 1936 годзе невядома ад чаго страшна раздзьмуліся каровы на пашы. Казалі тады, што падобна, размножыўся нейкі павучок у канюшыне, які выклікаў тую ўспушанасць жывата, але ніхто так і не дайшоў да праўды. Аднаго дня, адразу пасля палудня, прыгнаў пастух увесь статак і ўсе мужчыны, што былі на падворку, кінуліся ратаваць успушаных кароў. А ўжо некалькі кароў клаліся на зямлю, усе рабілі, што маглі, але не хапала траакараў[74] і  некалькі кароў трэба было дабіць. Некаторыя з іх былі каровамі працаўнікоў, што для іх было вялікай стратай. Пасля ўсяго Бацька паклікаў у канцылярыю пацярпелых і выплаціў ім з касы авансы на куплю новых кароў. Авансы тыя ўтрымліваліся з заробкаў праз доўгі час малымі часткамі. Тады было гэта магчыма і ніхто за такое вырашэнне справы не меў да Бацькі прэтэнзій.

З пачатку нашага жыхарства ў Карэлічах Мамуся марыла аб тым, каб абсталяваць у маёнтку клуб для працаўнікоў. Хацела, каб для гэтай мэты былі аддадзеныя памяшканні сыраварні ў флігелі. Калі была ў нас панна Гэлена, то часта пра гэта размаўлялі дома. Бацька хацеў пабудаваць спецыяльны будынак для сыраварні і тады было б месца для клуба, але, неяк да вайны нічога з гэтых мараў не выйшла. Штогод жа, падчас святаў Божага Нараджэння Мамуся рабіла падарункі з ласункамі і фруктамі для ўсіх дзяцей у маёнтку. Некаторыя найбліжэйшыя працаўнікі атрымлівалі акрамя гэтага дадатковыя падарункі. Грошы на гэта Мамуся збірала з сада і птаства, якога заўсёды мы мелі шмат, а жыды вельмі любілі асабліва яйкі цацарак і саміх запечаных цацарак. Бралі таксама ахвотна індыкоў.  На Каляды ўсе прыходзілі праз кухонны ганак, кухню і калідор у сталоўку, дзе пад ялінкай стаяў ужо падрыхтаваны, поўны пачак, вялікі кош для бялізны. Дзеці спявалі калядкі, а пасля гэтага Мамуся раздавала па чарзе падарункі. Апошняя такая Каляда адбылася ў 1938 годзе.

Восенню 1938 года выехалі мы з Вісяй у Вільню. Віся ў гімназію сясцёр Назарэтанак у пансіён, а я ў гімназію айцоў Езуітаў і ў канвікт[75]. [-]

Апошняе лета перад вайной было цудоўным, Мы вярталіся дадому ў Карэлічы з Вільні, едучы, як звычайна, аўтобусам. Віся была пераведзена ў чацвёрты клас, а я ў другі, таму мы мелі спакой да восені.

Хутка пасля нашага вяртання, прыехала да нас сям’я Шыдэльскіх [брат маці з жонкай і дзецьмі] і пакінулі ў нас на канікулы Данку – на год старэйшую за мяне, і Збышка – малодшага. Пасля іх дзядзька Богдан Гулевіч прывёз з Гродна, дзе быў намеснікам камандзіра Акругі Корпуса № ІІІ, сваю адзіную дачку Гражыну, наймалодшую з нас усіх. Да пана Шарагродскага  прыехаў яго пляменнік, а мой старэйшы калега з гімназіі, Вацэк Гансоўскі.  Вярнуліся таксама дадому абое Грацкія і абое Лявіцкія. Такім чынам, сабралася нас вялікая грамада. Мы мелі ў распараджэнні два каякі на Людвікаўскіх сажалках, ну і рыбацкія лодкі. Ездзілі мы роварамі і коньмі на вандроўкі ў лес у Працяневічы. Калі пачынаўся сезон палявання на качак, часта хадзілі з Вацкам, а часам таксама са Збышкам Грацкім, паляваць на сажалкі. Вацэк браў з сабой дубальтоўку пана Шарагродскага, а для Збышка я пазычаў стрэльбу ў рыбакоў. Часам цэлымі днямі мы блукалі з дубальтоўкамі сярод чароту на сажалках і заўсёды прыносілі качак. На жаль, дзесьці ў палове жніўня мы бавіліся задоўга. Выйшлі мы з Вацкам вельмі рана і цэлы дзень бадзяліся на сажалках і лугах, і як агледзеліся, што трэба вяртацца, быў ужо вечар, а мы далёка за Людвікавым. Вярталіся мы ўжо ноччу, несучы забітых качак. На дарозе, не даходзячы Заламанкі, сутрэў нас пан Шарагродскі, які ехаў шукаць нас, бо дома ўсе ўжо думалі, што з намі здарылася нешта кепскае. Па вяртанні абрынулася на нас вялікая прачуханка, але найгоршым было тое, што на другі дзень я ўжо не ўбачыў Вацка, бо пан Шарагродскі адаслаў яго ў Вільню дадому. І так праз качкі мы ўжо не сустрэліся і нават не ведаю, ці і як перажыў гэтую вайну.  

З Балюнцем Мацкевічам, маім сардэчным сябрам, будавалі мы самалёт на нашым гаспадарчым падворку з планак і дошак, выпрашаных у маёнткавых сталяроў, найчасцей за яблыкі. Збівалі мадэль натуральнай велічыні. Мы марылі, што абцягнем яго палатном, аснасцім яго рухавіком і будзем ім лятаць. Натуральна, мы зусім не мелі паняцця пра будову самалётаў і ніхто нам не прадставіў ніякага папулярнага падручніка па гэтай тэме. Бацька мой зусім не меў замілавання, ані найменшых здольнасцяў да майставання, і не разумеў маіх патрэбаў у гэтым накірунку так, што я павінны быў спадзявацца толькі на ўласныя сілы.

Дзесьці ў палове лета мае Бацькі арганізавалі нам сплаў на каяках па Сэрвачы да Нёмана. Каякі перавезлі з сажалак на Сэрвач, куды мы прыехалі на конях. Надвор’е было выдатным. У адным каяку плылі мае Бацькі з Гражынай, якая некалькі дзён таму звалілася з роварам на жвір, едучы з горкі ў бок мястэчка, і здзёрла сабе добра скуру. Яна вельмі цярпела з гэтай прычыны, але заціскала зубы і рабіла выгляд, што ёй не баліць. У другім каяку плылі мы ўчацвярых з Данкай і Збышкам. Каякі былі салідныя двухмесныя, але на сажалках часам мы плавалі імі нават па шасцёра, без небяспекі  набрання ў іх вады. Сэрвач, як і большасць рэк і рачулак Навагрудскага ўзвышша мае хуткую плынь і досыць звілістае рэчышча. На ўзроўні Людвікава гэтая рака была мяжою паміж маёнткавымі лугамі і лугамі, распарцэляванага на вайсковыя асады маёнтка Беразавец. Лугі вакол Сэрвачы былі натуральныя, ніколі не араныя, а бліжэй да ракі, парослыя ў значнай ступені, лозамі і вербамі. Усюды было поўна воднага птаства, а ў вадзе поўна рыбы. Мы плылі досыць хутка, толькі кіруючы, бо хуткая плынь несла сама нашы каякі. Ніжэй маёнткавых лугоў расцягваліся лугі, якія належалі навакольным вёскам. Як вокам акінуць, усюды бачыліся лугі, якія шырокім, на некалькі кіламетраў, пасам цягнуліся ўздоўж Сэрвачы і Нёмана. У вусці Сэрвачы перад Нёманам быў шлюз і стаяў водны млын у Панямоні. Мы перацягнулі каякі берагам і далей плылі ўжо Нёманам уніз па рацэ, на месца сталага нашага купання ніжэй Панямоні. У Панямоні быў тады арыгінальны мост збудаваны з кароткіх плытоў, устаноўленых раўналегла з плынню і звязаных паміж сабой у плаваючы памост. Калі едзецца па гэтым мосце возам, некаторыя бэлькі і праслы заглубляліся ў ваду, стасуючыся з цяжарам так, што ехалася па вадзе. А калі плылі плыты, раз’ядноўваўся мост пасярэдзіне і яго часткі сплывалі, і затрымліваліся ўздоўж берагоў, даючы вольную дарогу, а потым іх падцягвалі тросамі на даўнейшае месца і злучалі. Вёска Панямонь у асноўным разцягвалася на правым беразе Нёмана, на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Ніжэй вёскі пушча даходзіла да самай ракі рэдкай дубровай. Быў гэта, уласна кажучы, луг, парослы вялізарнымі дубамі. Большасць гэтых дубоў мела таўшчыню пры зямлі па-над метр, а былі і такія, якіх дыяметр пня даходзіў да двух метраў. Восенню пад гэтымі дубамі ляжалі тоўстыя слаі жалудоў, якія сяляне ваколічных вёсак збіралі на вазы і зімой кармілі імі сваіх свіней. З пушчы выходзілі цэлыя статкі дзікоў і там карміліся. Пад самым Нёманам быў пясчаны пляж, а вада ў рацэ была так чыстай, што на найглыбейшых месцах відаць было дно і плаваючыя ў глыбіні рыбы. Калі мы высадзіліся на пляжы, там ужо быў Міхалка з брычкай, у якой былі прыгатаваныя дома Мамусяй запасы харчоў з фруктовым марозівам уключна. А Мамуся рабіла шыкоўнае марозіва. Некалі Татусь купіў машынку для вырабу марозіва. Лёд быў заўсёды ў лядоўнях пры склепе, дзе даспявалі сыры. Браўся лёд і абкладалася машынка, а ў сярэдзіну Мамуся дадавала свежыя клубніцы або маліны, засыпаныя цукрам і залівала салодкай смятанай, ну і круціла пэўны час ручку. Такога марозіва я не еў ужо ніколі больш. Мы елі і купаліся не перамену амаль да вечара. Мы купалі таксама коней, якія выпражаныя з брычкі пасліся пры нас.

Пад вечар прыехаў конюх з драбіністым возам, на які ўладкавалі нашы каякі і мы вярталіся коньмі праз высокаводны мост, налібоцкім трактам праз Шчорсы, а потым праз Жукі, Краснае, Лясок і Заполле ў Карэлічы. Дарога бегла ўскрайкамі лугоў, а дакладней, агульнай пашы гэтых вёсак, а з боку палёў  цягнуліся бесперарыўна вёскі так, што не вядома было, дзе заканчвалася адна, а пачыналася другая. Толькі Заполле было вёскай-вуліцай. Пачыналася школай – помнікам маршалку Пілсудскаму, якая стаяла над лугамі на ўскрайку дарогі.

Школа ў Заполлі мела сваю кароткую, але цікавую гісторыю. Пабудавалі яе ў 1935-36 годзе. Быў гэта тыповы аднапавярховы драўляны будынак з вельмі вялікімі вокнамі і магчымасцю разбудовы. Вучылі там два маладыя настаўнікі-энтузіясты. Адзін называўся Календа, а другога прозвішча не памятаю. Калі ў 1936 годзе закончылася будаўніцтва школы, пачаўся школьны год, абодва настаўнікі марна чакалі вучняў. Беларускія сяляне, агітаваныя камуністамі, байкатавалі польскую школу. Пан Дулемба, кіраўнік гміннай сямікласнай школы ў Карэлічах, якому падпарадкоўваліся вясковыя чатырохкласныя школы на тэрыторыі гміны, хацеў паслаць паліцыю для прымусу сялян штрафамі выправіць дзяцей у школу, але абодва маладыя настаўнікі рашуча гэтаму запярэчылі. Яны мелі ўласны грамафон з пласцінкамі, радыё і шмат кніжак з каляровымі малюнкамі для дзяцей. Пачалі па аднаму заводзіць з дзецьмі знаёмствы, паказваючы ім цікавыя малюнкі, кніжкі і пускаючы пласцінкі. Грамафон, радыё і цікавыя кніжкі, а перш за ўсё паводзіны абодвух настаўнікаў, сталі прычынаю таго, што насельніцтва пераканалася ў іх і ў хуткім часе школа была поўная не толькі дзецьмі, але і старэйшымі, якія прыходзілі да настаўнікаў па параду і навіны. У той час школы не мелі сродкаў на так званую навуковую дапамогу, а абодва гэтыя настаўнікі ўсё куплялі за уласныя грошы, ашчаджаючы са сціплых заробкаў. У хуткім часе запісалі сваю школу ў турыстычна-краязнаўчае таварыства, з дапамогай каторага, ужо ў наступным годзе завезлі сваіх вучняў на экскурсіі. Былі з імі ў Вільні, а нават у Варшаве і Кракаве. На жаль, вайна перарвала гэту працу, а пра гэтых цудоўных настаўнікаў-выхавацеляў след загінуў. Ніхто з нас не ведаў дзе яны падзеліся, ці ацалелі, ці, як афіцэры рэзерву загінулі ў якім-небудзь савецкім лагеры.

Але ў час, які я апісваю, ніхто з нас не мог прадбачыць таго найгоршага, што мела надысці. Пастаянна гаварылася пра магчымасць надыходу вайны, а мы перажывалі, што як неўзабаве выбухне вайна, то не паспеем нават паваяваць, бо, напэўна, хутка скончыцца. Мы выхоўваліся на паўстанцкай і ваеннай літаратуры. У нашым доме штогод летам поўна было афіцэраў розных палкоў, якія ўдзельнічалі ў летніх манеўрах, сярод якіх шмат было калегаў майго Бацькі з часоў Першай вайны. Пры пасілках і вечарамі бясконца цягнуліся ўспаміны баёў і сутычак Легіёнаў, IV дывізіі генерала Жалігоўскага[76], у складзе якой мой Бацька з Адэсы праз Румынію вярнуўся ў Польшчу і ваяваў у 1919-1921 гадах з украінцамі, а потым з бальшавікамі. [-]

Канікулы хутка прайшлі і мы не агледзеліся, як надыйшоў іх канец. Незадоўга перад канцом жніўня прыехаў дзядзька Стась Шыдэльскі і забраў Данку і Збышка, а пасля гэтага прыехаў вайсковы аўтамабіль з Гродна па Гражыну. Дзядзька Богдан сам ужо не мог прыехаць, бо меў шмат працы. Сітуацыя станавілася ўсё больш напружанай. Нарэшце прыйшла навіна, што абвешчана ўсеагульная мабілізацыя. Раніцай Татусь тэлефанаваў у Навагрудак да Сельскагаспадарчага сіндыкату з запытаннем пра цэмент. Дырэктар сіндыкату пан Кордыяк адказаў, што, папраўдзе кажучы, цэмент ёсць, але ён не будзе Бацьку патрэбны, бо абвешчана мабілізацыя. Праз дзве гадзіны пасля гэтага ў мястэчку былі ўжо вывешаны мабілізацыйныя плакаты. Татусь загадаў мне паехаць у пастарунак паліцыі і даведацца, якія ўзросты і катэгорыі яна ахоплівае. Перад пастарункам ужо быў натоўп мужчын і ўсе хацелі даведацца, ці падлягаюць неадкладнай мабілізацыі. Каля пастарунку было ўжо тады па-над дваццаці змабілізаваных з рэзерву паліцыянтаў і камандаваў імі нейкі свежа прысланы старшы сержант, а не пан Сверкоўскі, які быў, наколькі памятаю, узводным. Усе былі ў вайсковых мундзірах з сапёрнымі рыдлёўкамі і карычневымі ботамі. З плакатаў нельга было нічога зразумець. Хутка пасля мяне прыйшоў пан Шарагродскі і пазычыў адзін плакат. Мы вярнуліся дадому, дзе чакалі ўжо ў канцэлярыі з Татусем кіраўнікі і пісары. Усе тут жа пагрузіліся ў вывучэнне аб’явы і доўга дыскутавалі над тым, што распараджэнне было так заблытана, што, уласна кажучы, цяжка было з яго зрабіць выснову, хто падлягае неадкладнай яўцы, а хто пазней. Нарэшце прыйшлі да высновы, што, між іншым, павінны зараз жа ехаць: Татусь, пан Астроўскі, пан Шарагродскі і пан Жэвульскі, а таксама Міхалка і некаторыя фурманы. Раніцай 31 жніўня ад нашага дому выязджалі яны брычкай у Навагрудак, а вёз іх старшы фурман. Другой брычкай ехалі астатнія змабілізаваныя з маёнтка. Мамуся развіталася з Татусем букетам ружаў з сада і калі ўжо рушылі – знам крыжа.

Прыйшла тэлеграма ад дзядзькі Дзержыка, што высылае бабулю Ванду да нас, бо не хоча яе адну пакідаць у Кракаве, дзе ў той час жылі, а сам ідзе ў войска. Цягнік, у якім Бабуля ехала, меў паводле раскладу прыехаць у Гарадзею першага верасня раніцай. Яшчэ ноччу Мамуся паехала коньмі на станцыю па Бабулю, а мы з Вісяй засталіся дома. Па радыё было абвешчана, што навучанне ў школах распачнецца ад пачатку кастрычніка, такім чынам, мы мелі падоўжаныя канікулы.

[-] Раніцай 1-га верасня было абвешчана па радыё, што пачалася вайна і калі папалудню прыехала Мамуся з Бабуляй, мы з Вісяй прывіталі яе гэтай навіной. Там, на Крэсах, была гэта навіна здалёк, бо па-за ёй пакуль нічога не змянілася. Праз некаторы час вярнуліся пан Астроўскі, пан Шарагродскі і пан Жэвульскі – як па-над кантынгентавыя, мелі яны чакаць імянныя позвы.

У мястэчку, недалёка ад пастарунка паліцыі, была пастаўлена вежа, на якой, забяспечаныя біноклямі, дзяжурылі хлопцы з мястэчка, з арганізацыі “Маладая Польшча”. Мелі яны папярэджваць магчымыя налёты. Я ім зайздросціў і звярнуўся ў адміністрацыю гміны,  і разам са Збышкам Грацкім выконвалі функцыю ганцоў – мы ездзілі роварамі да солтысаў навакольных вёсак з указаннямі і загадамі з гміны. Мы мелі вызначаныя гадзіны дзяжурстваў, якіх сумленна пільнаваліся. З загадамі адміністрацыі, перадаваемымі намі, было рознае. Большасць солтысаў гэтыя загады прымала і зараз жа выконвала, але здаралася і так, што солтыс у Заполлі, катораму мы завезлі загад даставіць пэўную колькасць збожжа для войска, адказаў, што Заполле не выканае гэтага распараджэння. Пасля вяртання ў гміну і паведамлення пра гэта, пан Грацкі сказаў нам, што больш ужо туды мы не паедзем, а гэтым зоймецца паліцыя. Для збору збожжа для войска была рэквізавана палова свірна ў маёнтку і туды звозілі яго з ваколічных вёсак і маёнткаў.

На другі дзень вайны я меў прыкрае здарэнне: на наш гаспадарчы падворак, дзе мы з Балюнцем будавалі наш самалёт, прыйшло некалькі хлопцаў з вёскі з-за мястэчка, і пачалі ўсё спусташаць. Нікога з дарослых паблізу не было, а сам я іх не мог прагнаць. Сказалі мне наўпрост, што “хутка вашае панаванне скончыцца”.  Я не ведаў тады, што гэта азначае, а яны ўжо ведалі пра бальшавіцкую навалу, якая мела хутка наступіць. Паламалі мой самалёт і, нарэшце, пайшлі. Тады першы раз у жыцці я адчуў сябе ніякавата і неяк няўпэўнена.

Трэцяга верасня раніцай прыехала аўтамабілем з Навагрудка пані Сакальніцкая са старой маці, служанкай, трыма сынамі і Юркам – сынам пані Вадасовай ад першага шлюбу. Прыслала іх пані Вадасова, бо ў іх разуменні Навагрудак мелі бамбіць немцы. Апавядалі, што над Навагрудкам лятаў намецкі бамбавік. Паньства Сакальніцкіх жылі на захадзе Польшчы і эвакуаваліся ў Навагрудак, як у мясцовасць аддаленую ад магчымага тэатру вайны  і пасяліліся спачатку ў паньства Вадасаў, бо былі з імі сваякамі. У сувязі з аповесцямі пра нямецкія бамбардзіроўкі, мы выкапалі ў парку некалькі супрацьпаветраных акопаў. [-]

14 верасня нечакана прыехаў аўтамабілем Татусь з падпаручнікам Кулікоўскім. Па загаду палкоўніка Бэба Каўнацкага, камандзіра запаснога аддзела кавалерыі[77] ў Лапігузе пад Лукавам, дзе Татусь быў прыкамандзіраваны, прывезлі бацьку палкоўніка, таму што дзядуля прыехаў да сына ў пярэдадзень вайны, быў хворы і бездапаможны, а нямецкія калоны набліжаліся да Лукава. У запасным аддзеле быў лішак афіцэраў, па-над тысячу свежа прызваных рэзервістаў, поўныя склады амуніцыі ўсялякага роду, а зброі амаль не было, так што пра абарону не было нават мовы.  Усе разам мелі быць перанесеныя далей на ўсход, але не было транспарта і заставаўся толькі марш пешшу. У гэтых умовах палкоўнік мусіў адаслаць свайго бацьку ў нейкае магчыма бяспечнае месца, а так як ведаў пра Карэлічы, выслаў яго да нас. [-]

Татусь быў моцна прастужаны і абодва з панам Кулікоўскім не спалі некалькі начэй, пакуль ехалі, таму адразу пасля вячэры пайшлі спаць. Раніцай наступнага дня паехалі ў Навагрудак у Дзяржаўны мабілізацыйны аддзел, каб зарэгістравацца і прасіць накіраванне, дзе маюць шукаць сваё падраздзяленне. Камендант ДМА рэкамендаваў ім ехаць у Пінск, дзе, падобна, павінны былі збірацца рэзервовыя аддзелы кавалерыі. Так як пан Кулікоўскі не меў бензіну і ўжо ў бок Карэліч ехалі на здабытым у нейкай аптэцы спірце, Татусь паслаў у Вераскава Місюлю з просьбай, каб далі з вінакурні каністру акавіты[78]. Місюль ездзіў коньмі і вярнуўся вечарам з бідонам ад малака поўным акавіты. Тым часам пан Кулікоўскі разбіраў і чысціў карбюратар, клапаны і свечы ў сваім аўтамабілі, бо, як казаў, з прычыны язды на спірце і дэнатураце аўтамабіль не даваў гарантыі даехаць да Пінска.

Раніцай 16-га верасня лятаў над Карэлічамі і ваколіцай савецкі самалёт-разведчык, а ў нядзелю 17-га верасня на досвітку на тракце, з боку Міра з’явіліся аўтамабілі розных марак, усе імчаліся ў бок Навагрудка. Татусь з панам Кулікоўскім якраз закончылі сняданне і мелі ад’язджаць у Пінск, калі забег пан Расцішэўскі, трымаючы карабін у руках і трасучымся голасам паведаміў: “бальшавікі ў Нясвіжы”. Паліцыя запатрабавала дзве фурманкі з маёнтка для эвакуацыі. Паехалі двое маладых фурманаў, яшчэ не жанатых. Паліцыя і капісты з мястэчка загрузіліся ў гэтыя вазы, забіраючы зброю і паехалі ў бок Навагрудка. Праз некалькі дзён фурманы вярнуліся і апавядалі, што даехалі аж да літоўскай мяжы. Некалькі разоў даганялі іх савецкія танкі, але камандуючы групай старшы сержант клаў тады сваіх людзей упоперак дарогі, распачынаў агонь, ну і бальшавікі адступалі.

Ранішняя св. Імша ў нашым касцёле, якую служыў кс. Пончэк, была скарочана. Ксёндз удзяліў усім прысутным абсалюцыю[79] і раздаў св. Камунію, хутка пераапрануўся ў свой камбінезон і таксама выехаў сваім матацыклам на захад. Татусь развітаўся з намі і паехаў з падпаручнікам Кулікоўскім, змяняючы трасу, замест у Пінск на Вільню. Мамуся спачатку разважала, ці не выехаць з намі ў Навагрудак, але ўсё ж вырашыла застацца на месцы. Пан Шарагродскі ўзяў свой паляўнічы карабін цераз плечы, асядлаў выязнога каня і прыйшоў развітацца. Я даў яму яшчэ з Татуся запасаў патроны для карабіна, бо сваіх меў мала, а Віся сказала, што шкада ёй нашага жарабца-англаараба, чароўнага дэраша, каб яго вывезлі бальшавікі. Пан Шарагродскі перакінуў без роздуму сядло на жарабца і пагнаў за паліцыянтамі. Па вяртанні фурманы казалі, што жарабца пакінуў у Балценіках і далей паехаў ужо з імі.

Цэлы дзень, аж да ўваходу саветаў у Карэлічы, ляталі іх самалёты і бамбілі тракт і тэрыторыю вакол яго малымі бомбамі. Мы закапалі зброю і пахавалі памятныя рэчы. Прыйшоў бацька Клаўдзі – нашай служанкі, які быў аборавым і прапанаваў Мамусі, што як хоча, то можа выслаць нас з Клаўдыяй да яго маці ў Падгайна. Мамуся, баючыся першых хвілін пасля ўваходу бальшавікоў, якія звычайна былі найгоршымі, выслала нас.

Мы ехалі малым аднаконным возам. Такімі ездзілі ў тых мясцовасцях сяляне. Па дарозе ва ўсіх маёнтках панаваў ужо вялікі рух. Адны запрагалі паспешна коней, забіралі ўсё, што ім пападала пад руку і ўцякалі, іншыя хавалі, што маглі. Дзесці ў палове дарогі мы сустрэлі савецкія танкі і ўжо далей ехалі сярод іх. У Варончы праязджалі каля маёнтка і бачылі здалёк маладых Чарноўскіх, што стаялі ў грамадзе маёнткавых людзей, якія назіралі за саветамі. Пад вечар мы даехалі на месца. Бабка Клаўдзі дала нам есці і мы засталіся ў хаце адны, бо ўсе з вёскі стаялі пры дарозе і прыглядаліся да праходзячага савецкага войска. У хаце было пуста, толькі па кутках ляжалі кучы збожжа. Клаўдзя паслала нам і сабе лежыва на ноч з пасцелі, якую мы забралі з дому з ложкаў Бацькоў і пайшлі спаць. Бабка, калі вярнулася, ускараскалася на печ, а цётка Клаўдзі спала на лаве.

На другі дзень зранку Клаўдзя з цёткай паехалі ў Карэлічы даведацца, што там чуваць і што з намі рабіць. Тым часам праз вёску пастаянна ішло савецкае войска. Дзень пачаўся панурым і пахмурным, імглістым, па-сапраўднаму восеньскім. Я выйшаў на дарогу і прыглядаўся за бальшавікамі, што бясконца валакліся. Выглядалі яны як абадранцы.  Плашчы абшарпаныя і брудныя, боты крывыя і парваныя, вінтоўкі на вяроўках, замест пасаў, штыкі альбо прымкнутыя да вінтовак, альбо засунутыя абы-як за пасам, ці прывязаныя да вінтоўкі дротам. Коні ў артылерыі і ў абозах пасля праходжання тых ста кіламетраў ад мяжы выглядалі, як здыхаючыя клячы. Некаторыя камандзіры ехалі на такіх жа конях. Усе былі не голеныя і брудныя. Калі я ўспамінаў сабе наша войска, нават тое, што вярталася з манеўраў, то ў параўнанні было неба да зямлі. Сяляне нібыта прыязна віталі “вызваліцеляў”, але відаць была ў іх вачах няўпэўненасць і страх перад невядомым. Апавядалі, што, падобна, злавілі саветы нейкага паліцыянта і закатавалі яго, таўчучы яго галаву аб парог сялянскай хаты. 

Вечарам прыехала Клаўдзя з тым, што Мамуся казала нам вяртацца дадому. На другі дзень выехалі мы назад. У бабкі мы пакінулі пасцель і ехалі як дзеці другой цёткі Клаўдзі, якая жыла ў Гарадзеі. Цётка Клаўдзі ўклала гэтую байку ўжо ў вёсцы, каб адцягнуць увагу суседзяў, а ў дарозе паўтарала яе затрымліваючым нас і правяраючым некалькі разоў воз пры шуканні зброі. У гэтай версіі мы прыехалі да бабкі на вёску з Гарадзеі, бо баяліся бамбардзіровак, а цяпер вяртаемся дадому. Тым, хто пытае, чаму не маем прапускоў з камітэту, яна апавядала пра нейкі напад польскіх дыверсантаў на савецкае войска каля Падгайна і па гэтай прычыне паўстаўшым замяшанні ў народнай уладзе. Слухачы круцілі галовамі і ў канцы пускалі нас без гэтых прапускоў. Мне абвязалі галаву хусткай, як бы ў мяне страшна балелі зубы, а Вісю прыбралі вясковай дзяўчынай. Каля вёскі Казакі бачылі мы двух бальшавікоў, якія вялі арыштаванага мужчыну. Падобна быў гэта ўпраўляючы суседняга маёнтка. У гэтай ваколіцы адразу пасля ўваходу замардавалі старэйшага ўжо мужчыну, уладальніка невялікага фальварка, вядомага ва ўсёй ваколіцы з таго, што як толькі які-небудзь селянін з ваколіцы прыйшоў да яго са скаргай, што ў яго загінула карова, ці быў пажар, чалавек гэты дзяліўся з селянінам чым мог – даваў карову ці ялоўку, дрэва з лесу на будаўніцтва, ці грошы. Сам жыў вельмі сціпла. А так як не пацвярджаў бальшавіцкай тэорыі пра паной “крывапійцаў”, павінен быў загінуць.

Па дарозе мы сустракалі шмат папсутых танкаў і аўтамабіляў “пераможнай арміі”. Ледзьве гэта ўсё ездзіла і на роўнай дарозе псулася.

Мы даехалі нізам каля “бровара”пад агароджу парка і праз агарод пайшлі з Клаўдзяй у дом. Мамуся пры сустрэчы расплакалася. Расцалавала Клаўдзю, дзякуючы ёй за апеку над намі і адправіла яе да яе бацькоў, каб не мела праблем, што дапамагала нам.

У доме бесперарыўна круцілася поўна савецкіх салдат і камандзіраў, якія ўсё аглядалі і бралі, што ім спадабалася. На наступны дзень пасля нашага вяртання з Падгайна, трактам на ўсход саветы гналі польскіх жаўнераў, узятых у палон. Канваіравалі іх конныя і пешыя чырвонаармейцы. Ішлі доўгай калонай па чатыры чалавекі. Былі нялюдзка галодныя і стомленыя, бо не давалі ім есці, а кабетаў, якія хацелі ім што-небудзь падаць, канваіры адганялі штыкамі. У прыдарожных жыдоўскіх агародах ляжалі застаўшыяся насенныя агуркі, але калі палонныя хацелі іх узяць, саветы іх білі і гналі ў шарэнгу. Мы глядзелі на гэта з дарогі за нашым падворкам, а каля нас стаялі кабеты з маёнтка. Усе былі гэтым відовішчам усхваляваныя, а некаторыя плакалі. Камароўская, жонка каваля, з плачам адвярнулася да Мамусі ўздыхаюцы: “Ці гэта ўжо ўсё прапала? Ці мы ўжо так загінем?”. Адзін з палонных уцёк з прывала, каторы зрабілі саветы на гандлёвым пляцы пад мястэчкам. Дагналі яго конныя канваіры на маёнтвавым полі і проста на месцы забілі, не клапоцячыся пра труп. Пазней працаўнікі маёнтка пахавалі яго там, дзе загінуў, бо камітэт не дазволіў на пахаванне “белапаляка”. Прыйшла вестка, што ў Руце парабак зарэзаў нажом старых ужо людзей, уладальнікаў тамтэйшага фальварчыку. Падобна быў гэта іх выхаванец, які пасля гэтага “подзвіга” выказаў ахвоту працаваць у НКВД. Дайшлі да нас слухі, што бальшавікі перабілі ў Шчорсах аддзел адступаючых капістаў. Сорак жаўнераў адступала з боку Налібакаў на Навагрудак, і ў Шчорсах, пасля пераходу імі праз мост на Нёмане, акружылі іх савецкія танкі. Калі капісты здаліся і былі раззброены, саветы склікалі мясцовую бальшавіцкую ячэйку, і гэтыя, моцна падпітыя з радасці “вызвалення” бальшавіцкія сяляне, перабілі жаўнераў сякерамі. Пасля гэтага нават трупы не пахавалі і сабакі і вясковыя хатнія птушкі расцягвалі чалавечыя парэшткі і распырсканыя мазгі. Шмат пазней, ужо ў Навагрудку, аб гэтым падрабязна апавядала Мамусі дачка садоўніка са Шчорсаў, якая працавала разам з Мамусяй у амбулаторыі.

Падчас нашай адсутнасці, адразу пасля ўваходу саветаў, прыйшоў Гацко, абматаны вакол шыі белым шалікам, з наганам у руцэ і, размахваючы ім, пагражаў Мамусі. Быў гэта сын гаспадара з Руціцы, які закончыў перад вайной лясны факультэт сельскагаспадарчага універсітэта[80] ў Варшаве нават з адзнакай, але ўвязаўся ў камуністычную дзейнасць яшчэ ў вучэльні і сядзеў на вёсцы ў бацькі, дзейнічаючы ў нелегальнай партыі. Цяпер стаў першым “председателем комитета” у Карэлічах і ўдаваў з сябе бальшавіка з сямнаццатага года. Сваю сястру, таксама камуністку, прызначыў загадчыкам маёнтка і рабавалі начамі, што хацелі. Ва ўсялякім разе, усё збожжа, сабранае для польскага войска і часова складзіраванае ў выдзеленай частцы свірна, а таксама большую частку маёнткавага, вывезлі начамі. З працаўнікоў маёнтка быў у маёнткавым камітэце Коля Лазаровіч, але ён нічога не мог з Гацкоўнай парадзіць і, уласна, на пачатку разумеліся толькі Гацко.

У пачатку вайны быў загад польскіх уладаў, каб здаць усю зброю. У нас паліцыя ўзяла толькі спіс нашай зброі і забараніла страляць. Пасля прыходу бальшавікоў Гацко разам з арганізаванай на хуткую руку міліцыяй, каторую, зрэшты, хутка пасля гэтага саветы раззбраілі і разагналі, загадаў Мамусі здаць усю зброю. Паўлік яе адкапаў і занёс на былы пастарунак паліцыі, дзе цяпер гаспадарылі міліцыянты, а Мамуся павінна была ісці з ім. У пастарунку спачатку пачалі насміхацца з “паноў”, а потым разабралі нашую зброю. Аказалася пры гэтым, што паліцыя ў спешцы перад уцёкамі не спаліла сваіх папераў і саветы мелі, між іншым, спіс зброі. На шчасце акрамя кпін не спаткала тады Мамусю нічога злога. Мы дзякавалі Пану Богу, што Бацька не паспеў адбудаваць і запусціць вінакурні ў Карэлічах, бо, калі б у першых днях “вызвалення” мелі дастатак спірта, то магло бы быць трагічна.

20 верасня, ўжо позным вечарам, прыйшоў НКВД-ыст з двума міліцыянтамі ў справе зброі. Мучыў нас тры гадзіны, даказваючы, што частку зброі мы схавалі. Ён меў гэты няшчасны спіс. Рабіў дакладную рэвізію ва ўсім доме. Распытваў нават пра аздобленыя сякеркі, зробленыя калісці яшчэ ў Любамілі маім Дзядулем. Забралі нават паляўнічыя нажы і старую паламаную гербовую карабэлу[81]. Ноччу Мамуся пачула галасы і крокі вакол дома. Выйшла паглядзець, хто гэта ходзіць і аказалася, што конюхі дамовіліся паміж сабой, што трэба нас пільнаваць, каб хто-небудзь не зрабіў нам крыўды, ну і выставілі з-пасярод сябе варту, якая на змены цэлымі начамі кружыла вакол нашага дома.

Адразу ў першы дзень саветы забралі ўсіх маёнткавых коней, пакідаючы сваіх, ужо здыхаючых. Частку з іх конюхам удалося адкарміць і потым служылі ў саўгасе, які паўстаў у маёнтку. Нашу кабылу, якую Бацька купіў пасля продажу ўвосень 1938 года нашага поні маёру Дыленіусу, асядлалі для нейкага важнейшага камандзіра. Калі бальшавік сеў на яе, кабыла ў імгненне скінула яго так, што разбіў сваю морду аб камень. Другі адважны таксама прызямліўся на замлі. Тады пачалі яе біць так, што аж яе скрывавілі, і пасля гэтага ўжо далася сесці і прапала.

НКВД-ыст склікаў на падворку сход маёнткавых працаўнікоў і падбухторваў іх, каб “зарэзалі барыню”, г.зн. Мамусю. Доўгі час не даваў ім з гэтым супакою, пакуль нейкая кабета не сказала яму, што яна і так ледзьве ходзіць, такая худзенькая і бедная, і гэта яго пераканала. Намаўляў таксама іх, каб з маёнтка зрабілі калхоз, але яны адзінадушна заявілі, што быў гэта графскі маёнтак, дрэнна ім не было, то цяпер няхай будзе савецкі саўгас, а яны калхозу не хочуць. Так і застаўся ў Карэлічах саўгас, а ў Працяневічах арганізавалі адразу калхоз. І так першае абяцанне даванае ва ўлётках, што зямлю панскую атрымаюць сяляне, адразу не было выканана, бо сяляне з ваколічных вёсак не атрымалі яе ані кавалка.

Ужо 23 верасня з раніцы нам паведамілі, што нас выкінуць з дому. Найшло поўна міліцыянтаў і камандзіраў, лазілі па ўсім доме, усё кідалі і пераварочвалі рэчы. Доўжылася гэта да позняга вечара, але ў канцы аднак пайшлі. Апошнюю ноч мы спалі ў нашым доме. На наступны дзень з раніцы зноў налезла поўна міліцыі і вайсковых. Абвясцілі, што даюць нам забраць бялізну і асабістыя рэчы, адзін стол, чатыры стулы, чатыры ложкі і шафу з калідора. Вызначылі нам жыллё ў бровары. Гацкоўна спецыяльна выбірала найбруднейшае жыллё. Яго жыхароў перасяліла ў жыллё пана Шарагродскага, дзе засталася адна цётка, якая там гаспадарыла, таму Гацкоўна вырашыла, што мае завялікае жыллё. Пасля пастановы Гацкоўны аб выдзяленні нам жылля, дзяўчыны – працаўніцы маёнтка дабраахвотна прыбралі і вымылі яго, а ў канцы пабялілі вапнай. Гэтым часам нас пачалі выкідваць. Падставілі воз для нашых рэчаў. Працаўнікі маёнтка гуртам прашчаміліся ў дом паміж бальшавікамі, вынеслі аддадзеныя нам рэчы на воз, а потым пачаўся, літаральна, рабунак. Кожны з працаўнікоў хапаў, што мог, вырываючы паасобна рэчы з рук міліцыянтаў і камандзіраў, і выносіў да сябе. Кася Страшкоўна схапіла авальнае люстэрка са спальні Бацькоў, якое паходзіла з Пуца і вынесла яго, а так як саветы не дазвалялі выносіць мэблі, хтосці з міліцыянтаў загарадзіў ёй дарогу і не хацеў яе з гэтым люстэркам выпусціць. Кася, доўга не думаючы, дала яму такога выспятка, што ён увесь скорчыўся і выбегла, забіраючы люстэрка. Стась Страшко схапіў ровар Вісі і вынес яго да свайго дому, потым вярнуўся і забраў з кладоўкі мяшок цукру. Усе яны хапалі што ўдавалася і выносілі, а пасля перавязення нас у бровар, вечарам, прынеслі нам усё, што змаглі забраць. Было вялікае абурэнне, калі адна з дзяўчын з’ела слоічак канфітур, а не аднесла яго нам. Выдзелілі нам бальшавікі чатыры літры малака дзённа і дазволілі карыстацца агародам.

Камітэт загадаў, што Мамуся мае ісці даіць кароў, але кабеты рашуча супрацівіліся гэтаму, ну і бальшавікі далі Мамусі супакой. Малако пасля дойкі дзяўчыны самі прыносілі і, як Гацкоўна не бачыла, то быў поўны бідон, але не тыя чатыры літры. Тут жа вечарам прыйшоў Гацко паглядзець як выглядае нашае “новае” жыллё і пэўна думаў, што зможа пакпіць з бруду і нэндзы, але ўбачыў ўжо чыстае памяшканне, а Мамуся проста выгнала яго за дзверы, бо акурат закончыла парадкаваць рэчы. На другі дзень, па ўказанні Колі Лазаровіча, прывезлі нам дровы з лесу, бо нашых не далі нам забраць з каморкі. Таксама нашых птушак і свінак не аддалі нам, і “нацыяналізавалі” іх.

Так як у выдзеленым нам памяшканні было цесна, Соня пераехала да паньства Расцішэўскіх, а камітэт загадаў ёй надаль апекавацца нашай свойскай птушкай. Мамуся заўсёды мела дома шмат розных кветак у вазонах. Калі нас выкідвалі, прасіла, каб магла раздаць кветкі кабетам, але не дазволілі і на другі дзень ўсе нашы кветкі ляжалі паламаныя перад домам і з разбітымі вазонамі. У нашым доме кватэравалася войска, а мэблю разабралі паміж сабой міліцыянты і камітэтчыкі з вёскі, частку мэблі паламалі, а фартэпіян і вялікае старое люстра, што стаяла ў салоне, засталіся на месцы, бо было завялікае.

У некалькі дзён з дапамогай Балюнця, пасёк прывезеныя нам дровы і мы склалі іх у калідоры пры нашым памяшканні.

У камітэт пры маёнтку ўвайшоў Коля Лазаровіч і некалькі іншых працаўнікоў, і баранілі маёмасць, але Гацкі з вясковымі расцягнулі, што маглі. У адносінах  да нас усе працаўнікі маёнтка ставіліся вельмі зычліва.

28 верасня прыехала цёця Тэрэня. Яна атрымала дазвол на выезд у Навагрудак і, праязджаючы, наведала нас. Не далі ёй таксама забраць усіх рэчаў. Дамовіліся з Мамусяй, што забярэ Вісю і мяне з сабой, а Мамуся з Бабуляй застануцца ў Карэлічах. Я ехаў роварам Вісі, а яна з цёцяй на возе. Мы сустрэлі савецкія аддзелы, што ішлі трактам, а таксама трохі польскіх жаўнераў без пасаў, а замест арлоў [на фуражках], з чырвонымі бантамі. Былі гэта нешматлікія, зрэшты, жаўнеры, пераважна беларусы, свабодна адпушчаныя саветамі пасля раззбраення і цяпер вярталіся дадому. Так ўдалося вярнуцца, між іншым, і Міхалку.

На шчасце ніхто нас не зачапіў і мы спакойна даехалі да Навагрудка. Вісю прынялі паньства Мадзялеўскія, якія пасябравалі з нашымі Бацькамі перад вайной. Пан Мадзялеўскі быў высокім чыноўнікам у ваяводскай Скарбовай Палаце[82] ў Навагрудку і меў там жыллё ў адным з чыноўніцкіх дамоў у ведамственнай калоніі[83]. Мяне прынялі паньства Старк, які жылі на вуліцы Пілсудскага. Пан Старк быў перад вайной дырэктарам Рамесніцкай Палаты[84] ў Навагрудку, раней бурмістрам Дзятлава. Яны мелі аднаго сына – Здзіська, старэйшага за мяне на тры гады, які таксама перад вайной вучыўся ў Езуітаў у Вільні.

Пасля поўдня 1 кастрычніка прыехала Мамуся з Бабуляй. Гацко не хацеў даць коней з маёнтка, а ў мястэчку ніхто не хацеў ехаць на падводзе за грошы, тады фурманы злажыліся і нанялі дзве фурманкі, заплаціўшы за іх уласным збожжам. Татусь, адыходзячы ў войска, загадаў усім выдаць належныя авансы да канца года, але ніхто не ведаў, як доўга будзе там заставацца. Мы зусім не мелі збожжа, бо Гацко нічога нам не выдаў, хоць Татусю належалася шмат аванса, якога не забраў. Даяркі паклалі на воз Мамусі поўны бідон малака, а двое маладых працаўнікоў ехалі з Мамусяй, пільнуючы, каб яе ў дарозе ніхто не абрабаваў.

Мамуся з Бабуляй затрымаліся ў флігелі дому паньства Лазоўскіх. Я зараз жа перайшоў да Мамусі, а Віся засталася яшчэ ў паньства Мадзялеўскіх, а мы з Мамусяй наступныя два дні шукалі жыллё. Усе баяліся прымаць уцекачоў з вёскі, бо паўсюдна баяліся прызнаваць за сяброў польскіх “паноў і буржуяў”. Нарэшце, на трэці дзень пошукаў Мамуся знайшла жыллё ў доме Нойманаў. Гэта былі вайсковыя асаднікі, якія перасяліліся ў Навагрудак і заняліся гандлем, адкрыўшы спажыўчую краму на вул. Касцёльнай недалёка ведамственнай калоніі. Крама месцілася ў іх уласным доме, у якім жылі, а другі дом мелі каля могілак, у якім жыллё здавалі. Мы атрымалі малы пакойчык з кухняй і ганкам. Пляц, на якім стаяў гэты дом, прылягаў да могілкавай вуліцы і суседнічаў з тэрыторыяй могілак. [-] Уладкаваліся мы досыць хутка, бо не мелі шмат рэчаў і Мамуся пачала шукаць якую-небудзь працу, бо мы не мелі зусім грошай, а рабілася штораз большая дарагавізна.

Мы даведаліся, што падчас уваходу саветаў закатавалі папа ў Ваўковічах. Нейкі мясцовы камуніст павесіў папа ў дзвярах царквы. Падобна, першы савецкі камандзір, які апынуўся на месцы забойства, запытаў, хто гэта зрабіў, а калі горды сваім учынкам камуніст азваўся, камандзір выняў наган і застрэліў “героя”. Прыйшла таксама чутка, што ў той самы час камуністычная ячэйка павесіла ў Жукоўшчыне адміністратара, пана Скарыну, калегу майго Бацькі з часоў навучання. З панам Лазоўскім абыйшліся лагодней – пасадзілі яму на спіну парабка і загадалі з ім бегчы праз усю вёску, але пасля гэтага дазволілі ім усім спакойна выехаць у Навагрудак, і нават не забралі іх рэчы і мэблю. У Навагрудку, у дзень уваходу саветаў, падрэзаў сабе вены і памёр пан Селява, адстаўны навагрудскі стараста, а ў Гарадзілаўцы нейкі праязджаючы бальшавік застрэліў пана Бэкера, уладальніка невялікага фальварчыка, калі той стаяў на ганку ўласнага дома. Акрамя гэтага адразу арыштавалі вялікую колькасць мужчын з асяроддзя польскай інтэлегенцыі, ну і кожны дзень каго-небудзь бралі. У Варончы адразу арыштавалі пана Чарноўскага[85], а калі пайшла дэлегацыя з ваколічных вёсак прасіць, каб яго адпусцілі, бо быў добры, то яго неадкладна перавезлі ў турму ў Навагрудак. Калі найстарэйшы сын[86] звярнуўся ў НКВД з просьбай, каб з прычыны хваробы бацькі яго затрымалі, а бацьку адпусцілі, то затрымалі іх дваіх.

Нас Мамуся запісала ў польскую гімназію, якую саветы размясцілі ў будынку былой беларускай гімназіі, якая стаяла на Перасецы. Я быў у другім класе, а Віся ў чацвёртым. Былі там таксама Грацкія і я сустрэў іншых маіх даўніх сяброў. Асабліва пасябраваў са мной Дзюнак Дварэцкі, сын дырэктаркі агульнай школы з Карэліч. Яна прыняла гэту пасаду пасля пана Дулембы, які перавёўся на кіраўніка агульнай школы ў Навагрудку. Саветы выгналі ўсіх настаўнікаў з Карэліч. Толькі пана Федаркевіча і панну Гарадзееўскую пакінуў Гацко на месцы. Напэўна таму, што яны вучылі яго, калі хадзіў у школу ў Карэлічах і меў пра іх добрыя ўспаміны. Дварэцкія перасяліліся ў Навагрудак і Дзюнак, які быў старэйшы за мяне, хадзіў са мной у гімназію ў адзін клас. Не вельмі хацелася нам вучыцца, а настаўнікі не ведалі, чаму трэба вучыць і што вымагаць. Наогул, дарослыя былі страшна прыгнечаныя  апошнімі выпадкамі і пастаяннай небяспекай новых арыштаў. Турма была перапоўнена, і ўвесь час каго-небудзь новага арыштоўвалі. НКВД дзейнічала на поўную. Польскія ўлады ў эвакуацыйным спеху не спалілі свае акты і цяпер саветы пастаянна выграбалі нейкія справы з дакументаў паліцыі і судоў.

[-] Саветы пачалі рыхтавацца да галасавання. Рабілі гэта з вялікім шумам і размахам, спатыканым толькі ў іх. Насельніцтва павінна галасаваць за далучэнне да Беларусі часткі нашых Крэсаў, называемых імі “Западная Белоруссия”. Адначасова павінны выбіраць дэпутатаў у Савет рэспублікі. Увесь горад быў абвешаны плакатамі і партрэтамі іх правадыроў, у выбарчыя ўчасткі дарогу паказвалі маляваныя на фанеры і прыбітыя да слупоў стрэлкі. Самі ўчасткі, ахоўваемыя вайсковымі пастамі, былі дэкараваныя партрэтамі, чырвонымі сцягамі і гірляндамі зелені. [-]

          Далей успаміны майго Бацькі Станіслава датычацца яго ваеннага і пасляваеннага лёсу не звязанага ўжо з Карэлічамі. У чэрвені 1941 г. ён быў вывезены з Навагрудка разам з маці ў Сібір. Раней НКВД арыштавала яго сястру Вісю (Ядзвігу), якая перажыла побыт у турме ў Мінску. Вярнулася ў ліпені 1941 г. ў Навагрудак, восенню 1942 г. вышла за муж за Юзафа Чарноўскага з Варончы і разам з яго сям’ёй была там закатавана ноччу з 30 красавіка на 1 траўня 1943 г. атрадам савецкіх партызан.

Пасля вайны мой бацька быў у Карэлічах толькі раз, у 1988 г. Так ён апісаў Карэлічы ў той час:

Будынак адміністрацыі гміны стаіць. Зараз у ім міліцыя. Будынак нашай старой школы стаіць таксама, далей за ім пабудавалі вялікі гмах сярэдняй школы. Ад помніка маршалка Пілсудскага не засталося і следу. Стаіць дом доктара Лявіцкага. Месціцца зараз у ім раённы музей. На месцы гаспадарства Масловічаў зараз нейкі сквер з помнікам. Дом ветэрынара Шабуні стаіць, падобна на вуліцы, што вядзе да рынку, як і старыя мураваныя жыдоўскія дамы, збудаваныя пасля пажара ў 20-х гг. Рынак заасфальтаваны, ад гандлёвых радоў няма і следу. У паўночнай частцы стаіць некалькі старых дамоў, між іншым дом, у якім была аптэка магістра Намёта. Царква адноўленая і дзейнічае. Пад’езд на гару да маёнтка пашыраны і заасвальтаваны. На гары не засталося нічога ад парка, нашага дома і флігеля. Уся тэрыторыя спіхнута бульдозерамі на адхон парка, сада і агарода. Насупраць касцёла стаіць будынак пажарнай аховы, а далей нейкая школа. З газону перад флігелем засталіся толькі дзве ліпы і каштан. Флігель быў помнікам архітэктуры XVII ст. Ён меў тоўстыя муры, арачныя скляпенні ў падвалах, ганак, падпёрны на тоўстых калонах і высокі пакаты дах, крыты гонтам. Мясцовая легенда сцвярджала, што ў ім начаваў расійскі цар Пётр I, калі ехаў на сустрэчу з Аўгустам II Моцным, і меў начаваць тут таксама Напалеон, які вяртаўся ў 1812 г. з-пад Масквы, і напэўна Адам Міцкевіч. На месцы канюшні, сталярні і ўздоўж дарогі да мястэчка стаяць ў малых агародах аднасямейныя дамкі. Толькі ўнізе над рэчкай застаўся бровар, будынак па вінакурні, перароблены на жылы, а на падворку мураваны свіран, гумно і манеж. Касцёл стаіць агароджаны вялікім плотам з дошак. За імі нейкія сараі. Вокны часткова без шкла, а дах без вежы, пакрыты нядбайна рубероідам. Месціцца ў ім прыёмны пункт шклатары.

 Бацька тады наведаў пані Ірэну Смолікаўну – Саўчанка, якая жыла з сям’ёй на Заламанцы і працавала ў дзіцячым садку, а таксама Колю Лазарэвіча, які жыў тады ў месцы, дзе стаяў млын Беніна, і Стася Страшко, каваля.

Гэта было для яго апошняе вельмі хвалюючае спатканне.

[1] Pomorskie Towarzystwo Rolnicze

[2] Janina hr. Żółtowska z domu Puttkamer (19.07.1889-8.02.1968)

[3] Maria Ewa Puttkamer z domu Wereszczaka (24.12.1794 Тугановічы – 28.12.1863 Балценікі), каля 1820 г. выйшла замуж за Ваўжынца Станіслава Путкамэра (26.08 1794 Балценікі – 30.01.1850 Вільня), пахавана ў Старых Беняконях.

[4] Zofia Kieniewicz (нар. 1865 г.)

[5] Adam hr. Żółtowski (4.12.1881 Львоў – 7.05.1958 Лондан), польскі філосаф, удзельнік ІІІ Паўстання ў Сілезіі (1921 г.), пасол Сэйму РП II склікання (1928-1930 гг.), у 1933 г. з палітычных прычынаў быў пазбаўлены ўніверсітэтскай кафедры і пасяліўся ў маёнтку жонкі ў Балценіках.

[6] Пленіпатэнт – лац. plenus (“поўны”) + potenspotentis (“магутны”) паўнамоцнік, хадайнік.

[7] Памeранія – гістарычная вобласць на тэрыторыі сучасных Польшчы і Германіі, знаходзіцца ў вусці Рэкніцы, Одры і Віслы ля Балтыйскага мора. Назва рэгіёну (каш. Pòmòrskô, Pòmòrzé, лац. Pomerania,  ням. Pommern) паходзіць з геаграфічнага становішча рэгіёну – «зямля, якая ляжыць у мора ці каля мора».

[8] Пуц (польск. Puc) – кашубская вёска ў паўночнай Польшчы, у Паморскім ваяводстве, касцерскім павеце, гміне Касцежына.

[9] Касцежына (польск. Kościerzyna) – горад у паўночнай Польшчы, уваходзіць у Паморскае ваяводства. Сядзіба касцерскага павету. 

[10] Біблія Якуба Вуйка (польск.: Biblia Jakuba Wujka) – пераклад  Бібліі на польскую мову, выдадзены ў 1599 годзе. Некаторыя выданні былі ілюстраваныя багатымі гравюрымі. Названы паводле выканаўцы перакладу, езуіцкага ксяндза Якуба Вуйка (1541-1597). Яго пераклад заставаўся асноўным польскім тэкстам Бібліі да сярэдзіны XX стагоддзя.

[11] Edward Hulewicz (11.10.1859-1936), доктар медыцыны.

[12] Клінч (польск. Wielki Klincz) – вялікая кашубская вёска ў паўночнай Польшчы, у Паморскім ваяводстве, касцерскім павеце, гміне Касцежына.

[13] Польска-савецкая вайна 1919-1921 – вайна паміж адроджанай Польшчай і СССР, якая імкнулася да захопу еўрапейскіх краін і ператварэння іх у савецкія рэспублікі, згодна з ідэалогіяй, дактрынай і праграмай партыіі бальшавікоў. Вынікам вайны стала падпісанне Рыжскага мірнага дагавора 18 сакавіка 1921, паводле якога да Польшчы адыходзяць тэрыторыя Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.

[14] Hipolit Puttkamer (каля 1861-31.12.1895 Вільня)

[15] 27 Полк Уланаў ім. караля Стэфана Баторыя – аддзел кавалерыі Польскага Войска ІІ Рэчы Паспалітай. Полк паўстаў у палове 1921 г. на базе створанага 28 ліпеня 1920 г. 203 Дабраахвотнага Палку Уланаў, пераймаючы яго баявыя традыцыі з часоў польска-савецкай вайны. 1929-1937 гг. полк быў у складзе Брыгады Кавалерыі “Баранавічы”, з 1937 г. у складзе Навагрудскай Брыгады Кавалерыі. Полк змагаўся пад Мінскам Мазавецкім (13 верасня), Краснабродам (23 верасня), Гутай Ружанецкай і Маранцамі (26 верасня). Акружаны Чырвонай Арміяяй полк капітуляваў 27 верасня пад в. Владыполь. У часы Другой Сусветнай вайны полк быў адноўлены ў складзе Арміі Краёвай. Расфарміраваны ў студзені 1945 г.

[16] Караль Лявіцкі – лекар, жыў у будынку, у якім сёння знаходзіцца раённы краязнаўчы музей у Карэлічах. Памёр у 1943 г. заразіўшыся тыфам.

[17] Шкаплер – асаблівы асвечаны прадмет, які ўяўляе собой два прамавуговольных кавалкі матэрыяла альбо медалік, на які нанесены рэлігійныя выявы і тэксты, злучаныя паміж сабой шнурком. Носіцца малы шкаплер католікамі на целе пад вопраткай. З’яўляецца знакам апекі і заступніцтва Багародзіцы.

[18] Шкіў – фрыкцыйнае кола з гладкай або рэльефнай акружнасцю, якое перадае рух прыводнаму рэменю або ланцугу. Выкарыстоўваецца як адна з асноўных частак раменнай перадачы.

[19] Каланіяльныя тавары – тавары, якія даўней прывозіліся ў Еўропу з заморскіх краін і калоній.

[20] Шабат – у юдаізме сёмы дзень тыдня, у які Тора прадпісвае устрымлівацца ад працы. Пачынаецца на заходзе сонца ў пятніцу і працягваецца да захаду сонца наступнага дня. У гэты час не павінна выконвацца аніякая праца, у тым ліку паўсядзённая.

[21] Саюз вайсковых асаднікаў (Centralny Związek Osadników Wojskowych) – саюз, створаны ў сакавіку 1922 г. у Варшаве вайсковымі асаднікамі на Усходніх Крэсах Польшчы, якія пасяліліся там паводле закона аб наданні зямлі жаўнерам Польскага войска (17.12.1920 г.).

[22] Алеандры (польск. Oleandry) – назва паходзіць ад вуліцы Алеандры ў Кракаве, на якой 2 жніўня 1914 г. Юзаф Пілсудскі сфарміраваў 1-ю Кадравую Кампанію, пададзел пехоты, які стаў пачаткам Польскага войска.

[23] Stanisław Józef Szydelski (7.10. 1892-11.08.1942 канцлагер Аўшвіц), муж Ірэны Гулевіч, сястры Анны Сцібор-Мархоцкай, маці Стася.

[24] Zbigniew «Kit» Szydelski (15.01.1928-2015), сын Станіслава і Ірэны Шыдэльскіх, удзельнік Варшаўскага паўстання 1944 г.

[25] У міжваеннай Польшчы ў школах выкарыстоўвалася сістэма ацэнкі ведаў вучняў ад 1 да 5 балаў.

[26] 3 Мая – дзяржаўнае свята ў Польшчы, якое адзначаецца ў гадавіну прыняцця Канстытуцыі Рэчы Паспалітый 3 Мая 1791 г.

[27] Поштмайстар (ням. Postmeister) – даўняя назва пасады кіраўніка паштовага аддзялення.

[28] Першая Св. Камунія – каталіцкая ўрачыстасць, у якой падчас Імшы верныя першы раз у жыцці прымаюць Эўхарыстыю, г.зн. згодна з вызнаванай верай, сапраўдныя Цела і Кроў Хрыста.

[29] Міна – твар.

[30] 11 Лістапада – Дзень Незалежнасці Польшчы (1918 г.).

[31] Генеральная губерня – (ням. Generalgouvernement für die besetzten polnischen Gebiete, польск. Generalne Gubernatorstwo dla okupowanych ziem polskich) ад 26.10.1939 да 31.07.1940 г. адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка, створая Трэцім Рэйхам на падставе дэкрэта А. Гітлера ад 12.10.1939 г. Займала частку тэрыторыі Польшчы акупаванай нацысцкай Германіяй. 

[32] Катынскія магілы – масавыя забойствы польскіх грамадзянаў (у асноўным палонных афіцэраў Польскага войска), што здзяйсняліся вясной 1940 г. супрацоўнікамі НКУС СССР у Катынскім лесе каля в. Катынь (Смаленская вобл., Расія).

[33]  Штуцар – нарэзная дульназарадная стрэльба з адносна кароткай руляй вялікага калібру, прызначаная для прыцэльнага адзіночнага страляння.

[34]   Капіст – вайскоўцы Корпуса Аховы Памежжа.

[35] Wacław Kostek-Biernacki (28.09.1884 Люблін – 25.05.1957 Варшава) – польскі пісьменнік і паэт, ваявода навагрудскі (1.07.1932-3.09.1932) і палескі (1932-1939), палкоўнік пехоты Польскага войска, адказваў за арганізацыю і нагляд Бяроза-Картускага канцэнтрацыйнага лагера.

[36] КАП (КОР) – Корпус Аховы Памежжа (польск. Korpus Ochrony Pogranicza), адмысловае фармаванне Польскага войска, створанае ў 1924 годзе з ініцыятывы ген. Уладыслава Сікорскага для «змагання з бальшавіцкімі бандамі на ўсходнім паграніччы». КАП спрабаваў стрымліваць дзейнасць кантрабандыстаў, савецкіх шпегаў і нелегальных уцекачоў у/з БССР, пераносчыкаў камуністычнай літаратуры.

[37] Рэфекторыюм – сталоўка ў каталіцкіх манастырах.

[38] Гарцэрства (польск. Harcerstwo) – скауства, польскі грамадскі моладзевы выхаваўчы рух, які палягае на службе, самаўдасканальванню (працы над сабой) і братэрстве.

[39] Бітва пад Хацінам (2.09-9.10.1621) – бітва паміж войскам Рэчы Паспалітай і ўкраінскага казацтва з Атаманскай імперыяй каля мястэчка Хацін (Украіна) у час вайны Рэчы Паспалітай і Турцыі.

[40] ДМА – Дзяржаўны мабілізацыйна аддзел (польск. Komendа rejonów uzupełnień) – тэрытарыяльны вайсковы орган, які займаўся мабілізацыяй Збройных Сіл Другой Рэчы Паспалітай і адміністрацыі рэзерва ў даверанай яму акрузе (павет ці некалькі паветаў). 

[41] Кап’явы (zastępowy) – у гарцэрстве адказны за функцыянаванне адзінкі гарцэрскай дружыны, рыхтуе і рэгулярна праводзіць зборы.

[42] Вее ветрык, сонца свеціць

    Вейце з буды ўсе дзеці.

    Ваша буда ў блеску сонца

    Не чароўная зусім.

[43] Апэль – сход усіх удзельнікаў лагера, вучняў школы ці жаўнераў, з мэтай праверкі прысутнасці або перадачы якой-небудзь інфармацыі.

[44] Tomasz Rostworowski (9.11.1904 Варшава – 9.03.1974 Лодзь) – польскі святар, езуіт, музыкант-педагог, гарцэр, жаўнер АК, удзельнік абароны Львова і Варшаўскага паўстання, кіраўнік польскай секцыі Ватыканскага Радыё.

[45] Чубарык – (пол. сzubaryk) у акупацыйнай гаворцы азначала жаўнера Чырвонай Арміі (больш у перыяд 1939-1941гг.), савецкае войска, якое заязджала ў горад.

[46] Звэндзіць – скрасці, сцягнуць.

[47] Бівак – род імправізаванага лагера пераважна ў турстыцы.

[48] Fabryka Broni „Łucznik” – фабрыка ўзбраенняў у г. Радом, дзе ў 1929-1939 гг.  выпускалі ровары і прадавалі пад маркай “Лучнік”.

[49] Гаёвы – ляснік.

[50] Мірт – паўднёвыя вечназялёныя расліны з белымі пухнатымі кветкамі, якія змяшчаюць эфірнае масла.

[51] Вігілійны вечар – вечар 24 снежня перад святам Божага Нараджэння.

[52] Дэпутат (лац. Deputatus – вызначаны) – элемент узнагароды за працу, які складаецца з натуры. 

[53] Ардынарыя (лац. Ordynaria) – частка ўзнагароды маёнткавай прыслугі, якая ажыццяўлялася праз выплату ў натуральнай форме (прадукты харчавання, радзей адзенне).

[54] Мінкавецкая дзяржава Рэдукса – уладанні на Падоллі (Украіна) шляхціца Ігнацыя Сцібор-Мархоцкага (1755-29.09.1827), продка Стася і Вісі Сцібор-Мархоцкіх. Абвясціў на тэрыторыі сваіх уладанняў незалежнае Княства Мінкавецкае і правеў там шэраг рэформ, зліквідаваў паншчыну, усталяваў роўную судовую сістэму для ўсіх грамадзян сваёй дзяржавы, пабудаваў некалькі школ і шпіталь. У 1813 г. за І. Сцібор-Мархоцкім быў прызнаны тытул графа. У 1814 г. быў выбраны мясцовай шляхтай для арганізацыі транспарта з правіянтам для расійскіх войскаў у Варшаву. Падчас паездкі загадаў называць сябе “Dux” (князь), а пасля паспяховага выканання місіі назваў сябе “Redux” (які вярнуўся). У 1822 г. быў пазбаўлены графскага тутыла за “неспакойны нораў” і розныя заклікі да ўрада. За вяртанне яму тытула змагаўся да 1826 г.

[55] Фашына – звязак дубцоў, пучок галля, перавязаны скручанымі прутамі, вяроўкамі або дротам.

[56]   15 жніўня ў Каталіцкім Касцёле святкуецца ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

[57] Уладыслаў Андэрс (Władysław Anders; 11.08.1892, Блоне каля Кросьневіц, Кутнаўскі павет – 12.05.1970, Лондан) – генерал, кіраўнік польскіх узброеных фармаванняў у 1944-1945 гадах.

[58] Adam Lech Sołtan – (24.09.1898 Паляноўка – 1940 Харкаў), дыпламаваны маёр кавалерыі Польскага войска, кавалер ордэну Virtuti Militari, ахвяра катынскіх забойстваў.  

[59] Люзак – даўней у польскім войску вайсковец, які праводзіў каня; конны ардынанс.

[60] Мацееўка (польск. Maciejówka) – мужчынская шапка з круглым дном выкананая з тканіны. Над цвёрдым дахам быў пояс або шнур. У канцы XIX-XX ст. насілі ў вёсках, падчас I Сусветнай вайны i ў пасляваенны час насілі члены стралецкіх арганізацый і жаўнеры Польскіх Легіёнаў.

[61] Кс. Міхал Далецкі – дэкан, канонік, нарадзіўся ў 1884 г., атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1909 г. Пробашч парафіі ў Навагрудку, растраляны нацыстамі ў Навагрудку 31.07.1942. разам з іншымі 63-ма людзьмі, сярод якіх быў кс. Юзаф Кучынскі з Уселюба.

[62] Кс. бп Казімір Букраба – (23.11.1885 Гродна – 6.05.1946 Лодзь), біскуп пінскі. 2.11.1909 г. быў пасвечаны ў святары ў Кракаве. У розны час служыў у Мінску, Пінску, Навагрудку і Брэсце. Падчас Другой Сусветнай вайны некалькі разоў быў арыштаваны і сядзеў у турме. 10.07.1932 г. стаў біскупам пінскай дыяцэзіі, прыняў біскупскую сакру 21 ліпеня ў Вільні з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. З-за ваеннх дзеянняў і змянення межаў быў вымушаны пакінуць сталіцу дыяцэзіі, з 1939 г. жыў у Львове, з 1942 – у Варшаве. У 1944 г. пераехаў у Лодзь, дзе жыў да смерці.

[63] Кансэкрацыя – урачыстае пасвячэнне новазбудаванага касцёла.

[64] Асыста – літургічная служба, якая дапамагае падчас набажэнстваў.

[65] Бежмаванне – адзін з сямі сакрамэнтаў у Каталіцкім Касцёле. Паводле хрысціянскай традыцыі з’яўляецца другім пасля хросту сакрамэнтам хрысціянскай ініцыяцыі, падчас якога вернікі атрымліваюць дары Святога Духа і ўмацаванне ў веры. Бежмаванне ўдзяляецца вернікам ва ўзросце 14-18 гадоў.

[66] Майскія і чэрвеньскія набажэнствы – набажэнствы, якія адбываюцца ў маі і чэрвені, падчас якіх асаблівым чынам вернікі ўшаноўваюць Багародзіцу і Найсвяцейшае Сэрца Пана Езуса, спяваючы адмысловыя малітвы.

[67] Кс. Валерыян Пончэк – (Walerian Pączek; 17.10.1909 Ліпінкі Крулеўске – 17.06.2001 Ліджэрвуд, ЗША), першы і адзіны да 1939 г. пробашч у Карэлічах, у 1928 г. уступіў у Супольнасць Ксяндзоў Палатынаў у Алтажэве каля Варшавы, быў пасвечаны ў святары ў Познані 17.06.1934 г. Ад 1.10.1938 г. займаў пасаду пробашча ў Карэлічах і капэлана Корпуса Аховы Памежжа. З пачаткам савецкай інвазіі закончыў там сваю дзейнасць і прыбыў у Варшаву. Браў удзел у Варшаўскім паўстанні. Ад 1950 г. да смерці жыў і працаваў у ЗША.

[68] Супольнасць Ксяндзоў Палатынаў – (лац. Societas Apostolatus Catholici, S.A.C.), каталіцкая супольнасць апостальскага жыцця, заснаваная св. Вінчэнцо Палоцці ў 1846 г.  

[69] Ставіць кабалу – варажыць.

[70] Кс. бп Зыгмунт Лазінскі – (5.06.1870 Барацін каля Карэліч – 26.03.1932 Пінск), скончыў семінарыю і рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу, дзе потым выкладаў. Святарскія пасвячэнні атрымаў 23.06.1895 г. З-за канфлікту з касцёльнымі ўладамі двойчы (1898-1900 і 1905) быў адхілены ад пасады. У 1905 г. стаў пробашчам катэдральнага касцёла ў Мінску. У 1905-09 гг. зноў прафесар духоўнай акадэміі ў Пецярбургу, з 1908 г. – адначасова ў семінарыі. 2.11.1917 г. пастаўлены біскупам на адноўленую Мінскую архідыяцэзію, біскупскую сакру прыняў 28.07.1918 г. ў Варшаве. 14 жніўня заняў катэдру. Спрыяў усталяванню беларускай мовы ў касцёле. 6.12.1918 разам з Ф. Абрантовічам правёў першае беларускае набажэнства ў Мінску. Быў арганізатарам беларускай каталіцкай семінарыі ў Мінску, якая пазней была пераведзена ў Пінск, дзе паступова паланізавалася. У 1920 г. арыштаваны камуністычнымі ўладамі, 11 месяцаў правёў у маскоўскай «Бутырцы», пасля вымушаны з’ехаць у Заходнюю Беларусь. 28.10.1925 г. прызначаны першым біскупам навастворанай Пінскай дыяцэзіі. Памёр у 1932 г. ў Вялікую Суботу. Пахаваны ў крыпце катэдральнага касцёла ў Пінску.

[71] Паўстанне ў Польшчы, Літве і Беларусі (1863-1864) – у польскай гістарыяграфіі – Студзеньскае паўстанне – паўстанне нацыянальна-рэвалюцыйных сіл на частцы земляў колішняй Рэчы Паспалітай супраць расійскага панавання і за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

[72] Хырыў – горад у Старасамбірскім раёне Львоўскай вобласці ва Украіне.

[73] Рэвізітаваць – скласці візіт у адказ.

[74] Траакар – хірургічны інструмент у выглядзе полай трубкі з устаўленай у яе трохграннай іголкай для выпускання вадкасці з поласцей цела.

[75] Канвікт – форма інтэрнату для вучняў каталіцкай школы, якая належыць ордэнам езуітаў, піяраў і тэатынаў.

[76] Люцыян Жалігоўскі (Lucjan Żeligowski; 17.10.1865 фальв. Пераходы, Смаргонскі раён, Гродзенская вобл. – 9.07.1947 Лондан) – палкоўнік пехоты Расійскай Імперыі, генерал броні Польскага войска, вядомы з г.зв. бунту Жалігоўскага, падчас якога заняў Вільню і ваколіцы, абвяшчаючы стварэнне г.зв. Сярэдняй Літв, кавалер ордэну Virtuti Militari.

[77]  Ośrodek Zapasowy Kawalerii

[78]  Акавіта – уст., моцная гарэлка, неачышчаны спірт.

[79] Абсалюцыя генеральная – разграшэнне, якога ўдзяляе святар у небяспецы смерці некалькім людзям адначасова без папярэдняга вызнавання грахоў.

[80] Szkoła Główna Gospodarstwa Wiejskiego

[81] Карабэла (польск. Karabela) – тып шаблі, які быў шарока распаўсюджаны сярод польскай, беларускай і літоўскай шляхты ў XVII—XVIII стагоддзях.

[82] Wojewódzka Izba Skarbowa

[83] Kolonia Urzędnicza – комплекс жылых будынкаў у Навагрудку ў раёне вакзала, якія былі збудаваныя ў 1920-яя гг. для чыноўнікаў мясцовай адміністрацыі.

[84] Izba Rzemieślnicza

[85] Адам Чарноўскі (1876-1941)

[86] Юзаф Чарноцкі (1918-30.04.1943)

Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка

                                                                                                     

(c) 2025 Ордэн Паўлінаў у Беларусі