ГІСТОРЫЯ
1225
Ордэн Паўлінаў быў заснаваны ў Венгрыі. Першую паўлінскую супольнасць сабраў Барталамей, біскуп дыяцэзіі Пэйч, з рассеяных па лясах і скальных пячорах пустэльнікаў. Для яе ў 1225 годзе ён пабудаваў кляштар і касцёл, прысвечаны св. Якубу на гары Патач (Patacs) і надаў першую рэгулу кляштарнага жыцця.
1246
Аднак за айца і заснавальніка Ордэна лічыцца бл. Эўзэбій з Эстэргома (каля 1200-1270). Ён адмаўляецца ад тытула катэдральнага каноніка, распрадае свой маёнтак, грошы раздае бедным, і пасяляецца ў лясах Піліш (Pilis) як пустэльнік, дзе сустракаецца з іншымі пустэльнікамі. Да яго далучаюцца першыя вучні – Стэфан і Бэнэдыкт.
1250
Бл. Эўзэбій пад уплывам візіі, у якой убачыў мноства малых вогненных языкоў, што зліліся ў адно вялікае полымя, сабраў усіх пустэльнікаў, з найбліжэйшых лясоў, і вырашыў заснаваць кляштар св. Крыжа. Манахі адразу сталі жыць паводле прыкладу св. Паўла Першага Пустэльніка, выхоўваючы асаблівы культ да Маці Божай. У 1250 г. абодва кляштары аб’ядналіся пад кіраўніцтвам бл. Эўзэбія. Новаўтвораная манаская супольнасць ў 1263 г. прыняла назву «Браты святога Паўла Першага Пустэльніка».
1262
Бл. Эўзэбій накіроўваецца да папы Урбана IV у Рым, каб прасіць яго аб зацвярджэння Ордэна і наданні яму Рэгулы св. Аўгустына. Дзякуючы дапамозе св. Тамаша Аквінскага, папа прыняў бл. Эўзэбія і прыхільна паставіўся да просьбы. Аднак дэлегаваў Паўла біскупа Вэспрэм (Veszprém) і даручыў праверыць маёмасны стан паўлінскіх кляштараў. Аказалася, манахі не маюць дастаткова матэрыяльных рэсурсаў, каб адпавядаць патрабаванням неабходным для зацвярджэння. У сувязі з гэтым біскуп Павел даў Паўлінам новую часовую рэгулу.
1382
Князь Уладыслаў Апольчык запрасіў айцоў Паўлінаў ў Польшчу з Венгрыі з кляштара Марыяностра (Наша Марыя). Айцы Паўліны прыбылі ў Чэнстахову ў 1382 годзе, атрымаўшы ўзвышша Ясную Гару з невялікім касцёлам, прысвечаным Маці Божай. Неўзабаве ў ім змясцілі цудатворную ікону Маці Божай, прывезеную фундатарам з Белза. На працягу гісторыі Ясная Гара стала духоўнай сталіцай палякаў, сімвалам вернасці і рэлігійнасці нацыі і, як першы кляштар Паўлінаў у Польшчы, маці іншых паўлінскіх дамоў.
1526
Піку развіцця ордэн Паўлінаў дасягнуў у XVI стагоддзі, калі ў краінах Еўропы, і нават у Палестыне і Егіпце, існавала 300 кляштараў у 8 правінцыях. Паражэнне венгерскага войска пад Мохачам у 1526 г. прынесла Ордэну вялікае спусташэнне. Туркі знішчылі дзесяткі кляштараў, спалілі архівы і бібліятэкі, а манахі былі замучаныя. Астатняе завяршыла Рэфармацыя. Пасля паражэння у Венгрыі цэнтр паўлінскага жыцця пачаў паволі перамяшчацца ў бок Яснай Гары.
1717
Другая паўлінская фундацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім была запачаткавана ў Вільні. Вялікі падскарбі літоўскі Міхал Казімір Коцел і ваявода віцебскі Казімір Аляксандр Пацей ахвяравалі ў Вільні дзве камяніцы і 10000 злотых на пабудову кляштара. Але пасля раптоўнай смерці Коцела, яго сыны ўжо не падтрымлівалі фундацыю і ў 1740-х гг. фундацыя закончыла сваё існаванне.
1864
Пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг. расійскі імператар Аляксандр ІІ выдае ўказ аб ліквідацыі каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі Расійскай імперыі. паводле гэтага ўказа былі ліквідаваныя ўсе паўлінскія кляштары акрамя Яснай Гары. У той жа час Ясная Гара была абавязаная маліцца за цара і яго сям’ю. З усіх паўлінскіх кляштараў захаваліся толькі два, адзеленыя мяжой – Ясная Гара і Кракаў-Скалка.
1934
Адраджэнне Ордэна ў Венгрыі. Для Паўлінаў быў збудаваны скальны касцёл і кляштар на схіле гары св. Геллерта. Але 9 чэрвеня 1950 г. камуністычны рэжым Маціяса Ракочы арыштоўвае усіх паўлінаў, закрывае усе кляштары. І толькі ў траўні 1988 г. Ордэн, які даў венгерскаму народу багатую духоўную і культурную спадчыну, зноў распачынае дзейнасць на матчынай зямлі.
1993
Са згоды а. Яна Наляскоўскага, генерала Ордэна, Прымас Польшчы кс. кард. Юзаф Глемп спецыяльным лістом ад 15 лістапада 1993 г. дэлегуе для душпастырскай працы ў Беларусь а. Марка Смэя. Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч дэкрэтам ад 20 верасня 1993 прызначае а. Марка адміністратарам парафій Карэлічы, Мір і Варонча. Другі айцец, пасланы ў Беларусь – а. Войцех Вішнеўскі – 26 лістапада атрымаў намінацыю вікарыя ў гродзенскай катэдры.
1995
21 лістапада а. Войцеха Вішнеўскага і а. Януша Вітоўскага біскуп Аляксандр Кашкевіч накіраваў да душпастырскай працы ў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Новы Двор (Шчучынскі р-н). Аднак праз некаторы час а. Януш Вітоўскі быў накіраваны у Карэлічы, бо а. Марэк Смэя трапіў у аўтакатастрофу і быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу. Паўлінская пляцоўка ў Новым Двары існавала да 26 красавіка 2005 г.
