МАЦІ БОЖАЯ

 

 

“У служэнні нашага Ордэна ад самага пачатку свайго існавання Марыя адыгрывала выключную ролю. Яна прысутнічала ў жыцці і паўлінскай дзейнасці. Наш Ордэн заўсёды ўшаноўваў Яе як Маці, Пані і Каралеву, і старанна распаўсюджваў гэтае набажэнства”.

(Канстытуцыя і Дырэкторый Ордэна Святога Паўла Першага Пустэльніка, арт. 60)

 

 

Набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта адзін з найважнейшых аспектаў духоўнасці нашага Ордэна. Нягледзячы на тое, што паўлінская гісторыя паказвае пустэльніцкі характар нашай супольнасці, Марыя адыгрывае важную ролю ў жыцці пустэльніка, і як Маці вядзе ўсіх нас да свайго Сына, Езуса Хрыста. З самага пачатку існавання нашага Ордэна айцы-заснавальнікі бачылі ў Ёй прытулак святасці і зразумелі, наколькі эфектыўнай можа быць наша місія ў свеце, калі мы даручым Ёй нашу манаскую супольнасць.

Наследаванне Марыі такое ж важнае, як і наследаванне св. Паўла Першага Пустэльніка, таму што Яна вучыць нас пакоры і поўнага даверу Богу, адрачэння ад уласнай волі і любові да кожнага чалавека, якога Бог ставіць на шлях нашага паклікання.

Наша набажэнства да Марыі грунтуецца на Святым Евангеллі і вучэнні Касцёла. Шанаванне Найсвяцейшай Панны Марыі выяўляецца ў нашай супольнасці па-рознаму. Акрамя сузірання Яе жыцця ў таямніцах ружанца, чытання  і вывучэння касцёльных дакументаў і кніг на марыйную тэматыку, спеву Літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі (Ларэтанскай літаніі) з выкарыстаннем нашай уласнай традыцыйнай яснагорскай мелодыі, і іншыя касцёльныя набажэнствы. Мы таксама святкуем усе марыйныя святы ў літургічным годзе.

У летні час  ўдзельнічаем у пешых пілігрымках з нашых паўлінскіх парафій і святыняў да санктуарыя на Ясную Гару ў Чэнстахове, (Польшча).

Чэнстахоўскі абраз Маці Божай

Чэнстахоўскі абраз Маці Божай напісаны на трох ліпавых дошках, якія маюць наступныя агульныя памеры: вышыня 122,2 см; шырыня 82,2 см; і максімальная таўшчыня 13,2 см. На іконе паказана Найсвяцейшая Панна Марыя, якая стаіць, трымаючы Дзіцятка Езуса на руках. Іх абліччы задуменныя, Марыя глядзіць на вернікаў, а Дзіця скіроўвае свой позірк на пілігрыма. Правая шчака Найсвяцейшай Маці пазначана двума паралельнымі драпінамі, а трэцяя – на лініі носа. На шыі бачныя шэсць парэзаў, два з якіх добра бачныя, а астатнія чатыры больш схаваныя. Дзіця ляжыць на левай руцэ Марыі. У Сваёй левай руцэ Ён трымае кнігу, а правую руку падымае ў жэсце, характэрным для навучання або благаслаўлення. Правая рука Марыі паказвае на Езуса, які з’яўляецца адзіным Збаўцам свету.

З самага пачатку цудатворная ікона праславілася незлічонымі цудамі. На працягу стагоддзяў гэтыя цуды прымушалі многіх пілігрымаў з ўсёй Польшчы і з далёкіх іншых краін Еўропы наведаць марыйны санктуарый на Яснай Гары. Знакамі пабожнасці пілігрымаў да Найсвяцейшай Маці былі незлічоныя ахвяраванні і дары, якія сёння можна вымераць каштоўнасцю інтэнцый вернікаў, а не іх матэрыяльнай каштоўнасцю. Адзін з самых  незвычайных дароў у санктуарыі  пакінуў папа Ян Павел ІІ. Цяпер ён знаходзіцца пры алтары Маці Божай. Гэта пояс яго сутаны, прастрэлены і заплямлены крывёю падчас замаху на плошчы Святога Пятра 13 траўня 1981 года.

 

Абраз Маці Божай Чэнстахоўскай з самага пачатку быў прызнаны незвычайным і акружаны ўшанаваннем вернікаў (у тым ліку польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх), якія прыносілі Маці Божай шматлікія дары і ахвяраванні. Ян Длугаш, польскі летапісец, называе Маці Божую Чэнстахоўскую «самай годнай Каралевай свету і нашай».

 

Першая каранацыя абраза Маці Божай Чэнстахоўскай адбылася 8 верасня 1717 г. Яна стала вынікам шматвяковай народнай пабожнасці да Найсвяцейшай Багародзіцы, праяўленай усімі людзьмі і ўладарамі народаў Рэчы Паспалітай. Рашэнне аб каранацыі абраза прыняў папа Клімент XI, які ахвяраваў каштоўныя кароны.

Аднак у ноч з 22 на 23 кастрычніка 1909 г. гэтыя кароны разам з каштоўнай сукенкай абраза Божай Маці былі скрадзеныя невядомымі.

 

Крадзеж карон папы Клімента XI выклікаў смутак не толькі ў польскага народа, але і расчуліў папу Пія X, які сказаў: «Я толькі што даведаўся, што Польшча плача. Я вырашыў ахвяраваць кароны Найсвяцейшай Маці замест тых, што паслаў адзін з маіх папярэднікаў. Я толькі шкадую, што мая беднасць не дазволіла мне зрабіць падарунак настолькі цудоўны, які хацела паднесці сэрца. Калі б гэта было ў маіх сілах, то я зрабіў бы цуд, каб зрабіць свой дар як мага пышнейшым, каб выказаць сваю адданасць Маці Божай і любоў да польскага народа».

Урачыстая каранацыя адбылася 22 траўня 1910 г. у Чэнстахове, а кароны наклаў біскуп Станіслаў Здзітавецкі.

 

У другой палове ХХ стагоддзя было выраблена і прапанавана некалькі іншых карон. Найбольш важнымі з іх з’яўляюцца кароны, вырабленыя на тысячагоддзе Хросту Польшчы ў 1966 г. Напрыканцы свайго жыцця ў 2005 годзе папа Ян Павел ІІ таксама ахвяраваў кароны для Маці Божай. Каранацыя гэтымі каронамі адбылася 26 жніўня 2005 г., ва ўрачыстасць Маці Божай Чэнстахоўскай. Апошнія кароны былі зробленыя ў 2017 г. да 300-годдзя першай папскай каранацыі абраза. Гэтыя кароны сталі рэканструкцыяй скрадзеных карон папы Клімента XI і былі ахвяраваныя італьянскай архідыяцэзіяй Кротоне-Санта-Севярына. Кароны благаславіў папа Францішак 17 траўня 2017 г.

Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка

                                                                                                     

(c) 2025 Ордэн Паўлінаў у Беларусі