ГІСТОРЫЯ КАСЦЁЛА СВЯТОЙ ГАННЫ

Варонча знаходзіцца ў вельмі незвычайным месцы гістарычнай Навагрудчыны, а сёння ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці, дзе стромкія схілы шматлікіх пакрытых лесам узгоркаў і глыбокія яры ўтвараюць маляўнічыя пейзажы. Сама прырода падрыхтавала ўрадлівую глебу для шматлікіх паданняў, старых шляхецкіх традыцый і каларытных герояў з даўніх часоў. Усё гэта знайшло сваё ўвасабленне ў паэмах Адама Міцкевіча, для якога наваколлі Варончы былі родным домам.

Гісторыя Варончы неразрыўна звязана са старадаўнім шляхецкім родам Несялоўскіх. Прыхільнік каралёў Аўгуста ІІ і яго сына Аўгуста ІІІ, Казімір, гербу Коржбок, з Несяловіц Несялоўскі, амаль адначасова пасля смерці караля Яна ІІІ Сабескага стаў маршалкам навагрудскай канфедэрацыі, цырынскім старастам, а таксама ўласнікам вялікіх варанчанскіх уладанняў. У 1734 г. атрымаў ад караля Аўгуста ІІІ пасаду мсціслаўскага ваяводы, але Несялоўскі адмовіўся. Тады манарх прызначыў яго кашталянам смаленскім. У той час Варонча належыла да парафіі Гарадзішча (цяпер Баранавіцкі р-н). Мясцовы мураваны парафіяльны касцёл св. Ганны быў узведзеная каля 1640 г. Каменскімі, тагачаснымі ўладальнікамі Гарадзішча. У 1739 г. па ініцыятыве Антаніны Замойскай пры касцёле была адкрыта езуіцкая місійная стацыя. Езуіцкія місіянеры першапачаткова даязджалі з Навагрудка, а пазней з Варончы.  У 1741 г. Казімір Несялоўскі заснаваў альтарыю пры касцёле ў Гарадзішчы. 

Казімір Несялоўскі доўгі час быў нежанаты, і толькі пасля заканчэння Паўночнай вайны 1700-1721 гг. узяў шлюб з уладальніцай суседняга з Варончай маёнтка Ясянец, Тэафілай дэ Раэс, удавой пасля смерці падчашага Яна Войны. У сужэнцаў нарадзіўся толькі адзін сын Адам, але ў 1746 г. ён памірае, а разам з ім Тэафіла. Праз некалькі гадоў самотны кашталян збудаваў у Варончы касцёл, як сямейную пахавальню. З Гарадзішча былі перанесены парэшткі жонкі і сына, і перапахаваныя пры касцёле. Касцёл св. Ганны, меў характар ​​філіі Гарадзішчанскай парафіі. Гэта была дзвюхвежавая, пабудаваная часткова з дрэва, часткова з цэглы, крыжастая ў плане святыня. Пры касцёле быў збудаваны таксама мураваны 2-павярховы місійны дом для айцоў езуітаў, які да сённяшняга дня не захаваўся. Па запрашэнні Казіміра Несялоўскага ў 1749 г. у Варончы была заснавана  езуіцкая місія пры навагрудскім калегіуме, і да самай касацыі Таварыства езуітаў яна абслугоўваўся езуіцкімі місіянерамі. 

У 1752 г. Казімір Несялоўскі адмовіўся ад смаленскай кашталяніі і неўзабаве памёр. Пахавалі яго побач з жонкай і сынам. На памяць аб іх на тыльнай сцяне касцёла была ўмуравана вялікая мемарыяльная табліца, якая захавалася да сённяшняга дня.
Пасля смерці Казіміра Несялоўскага варанчанскія ўладанні перайшлі ў спадчыну да Юзафа Несялоўскага (1728-1814), тагачаснага старасты цырынскага. У 1769 г. Юзаф быў ужо жанаты на Кацярыне Масальскай, дачцы гетмана Міхала Масальскага і сястрой віленскага біскупа Ігнацыя Якуба Масальскага. Ва ўладанні Юзафа Несялоўскага ўваходзілі не толькі Варонча, але таксама Сэрвач, Крынкі, Новая Мыш, Дорагава, Паручын і шмат іншых мясцовасцяў.

17 чэрвеня 1773 г. Юзаф Несялоўскі становіцца апошнім навагрудскім ваяводам. Жонка ваяводы не выдзялялася маладосцю ці прыгажосцю, але праславілася як жанчына мудрая, цнатлівая і багабойная. У збудаваным у Варончы для яе палацы знаходзілася капліца. 

  • Варанчанская сядзіба

“Рэгулярна а гадзіне 8-ай рана ваявода, ваяводзіна і іх адзіны сын, Ксаверый Несялоўскі, пазнейшы генерал войскаў польскіх, са світай шматлікіх прыдворных, з вокнаў сталовай слухалі імшу святую, адпраўляную пры алтары св. Міхала Арханёла хатнім капеланам і найсардэчнейшым сябрам гаспадароў, кс. Андрэем Яновічам. У серады і суботы звычайна спявалі там літанію да Маці Божай, а штовечар маліліся разам з усёй службай хатняй і гасцямі, якіх заўсёды хапала, Анёл Панскі, і спявалі пабожную песню “Дабранач, о Езу!”.

 

 

  • Віленскі біскуп Ігнацы Якуб Масальскі (1727-1794)

Пасля касацыі ордэна езуітаў у 1773 г., віленскі біскуп Ігнацы Масальскі ў 1781 годзе надаў варанчанскаму касцёлу статус парафіяльнага і загадаў вызначыць межы парафіі. Першым пробашчам быў прызначаны кс. Ігнацый Дэнісевіч.

Пазней Юзаф Несялоўскі заклаў падмуркі новага, ужо мураванага касцёла, будаўніцтва якога скончылася ў 1809 годзе, і ў тым жа годзе навагрудскі дзекан кс. Ян Цвірка асвяціў храм пад тытулам святой Ганны. У прэзбітэрыі знаходзіўся вялікі алтар з абразом Укрыжаванага Збавіцеля. Над ім у 1850-х гг. будзе размешчаны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай, падараваны Ізабэлай Мержэеўскай. У правай наве – алтар Збавіцеля Антокальскага, у левай наве – алтар св. Антонія. З левага боку да касцёла была прыбудавана капліца, у якой быў алтар і абраз св. Ганны. На хорах стаяў арган у 8 галасоў. Пад касцёлам былі 2 крыпты. З левага боку былі пахаваныя Верашчакі, па сярэдзіне пад прэзбітэрыем – Несялоўскія.

“У вялікія святочныя ўрачыстасці ваявода з жонкай ездзіў да варанчанскага касцёла, дзе асобна засядаў у сваёй калатарскай лаўцы, а з другога боку прызбітэрыя – ваяводзіна з фраўцымерам займала шырокія, прыкрытыя багатымі персідскімі дыванамі, лаўкі”.

 

 

  • Касцёл святой Ганны. Гравюра 1878 года.

Юзаф Несялоўскі памёр у 1814 г. ва ўзросце 86 гадоў. Спачатку быў пахаваны ў крыпце пад касцёлам, але з часам, калі варанчанскі маёнтак перайшоў іншым ўладальнікам, парэшткі Несялоўскіх перанеслі ў родавую капліцу ў Сэрвачы. Спадчыннікам Юзафа Несялоўскага быў яго сын Ксаверый (1771-1845), які маючы 21 год кіраваў пяхотным палком у войску Рэчы Паспалітай супраць інтэрвенцыі расійскіх войскаў перад другім падзелам Рэчы Паспалітай. Адразу пасля ўступлення ў спадчыну ў 1814 г. Францішак прадае Варончу свайму паплечніку па паўстанні 1794 г. і напалеонаўскай арміі генералу Фларыяну Кабылінскаму (1774-1843).  Ён павінен быў аддаць за Варончу 500 тысяч злотых і маёнтак Юзэфава ў Каралеўстве Польскім. Але тут Францішак Несялоўскі павёў сябе вельмі дзіўным чынам. Атрымаўшы ад Кабылінскага ўсе належныя сродкі, ён наадрэз адмовіўся выязджаць з Варончы, і замест гэтага ён умацаваў двор, і пасадзіўшы там узброены гарнізон, загадаў не пускаць у яго новага ўладальніка. Аднак Фларыян Кабылінскі быў не захацеў увязвацца ў доўгія судовыя цяжбы за маёнтак. Ён на чале атрада з 50 сваіх ўзброеных сялян напаў на Варончу, загнаў у двор яе гарнізон і затым аблогай прымусіў іх здацца і аддаць яму належную сядзібу. Поўная назва паэмы Адама Міцкевіча была «Пан Тадэвуш ці апошні наезд на Літве». І можна сказаць, што гэты апошні наезд насамрэч адбыўся ў 1819 годзе ў Варончы, калі два генералы дзялілі сядзібу такім старым, здаўна вядомым у Літве, спосабам.

  • Капліца-пахавальня ў Сэрвачы. Фота 1930-я гг.

“Неўзабаве пачаліся гарачыя спрэчкі, і ў старога напалеонаўскага жаўнера закіпела кроў, і ён зноў выхапіў шаблю. На чале атрада з пяцісот сялян, ён здзейсніў набег на добра ўмацаваны і забяспечаны маёнтак у Варончы, здушыўшы яго абаронцаў голадам з-за доўгай аблогі, а таксама дзёрзкім наскокам. Пра падзею было гучна па ўсёй Літве”.

 

 

  • Палац у Варончы.  Малюнак 1878 г.

Як аказалася, уся гэтая ўпартая барацьба за Варончу патрэбна была Фларыяну Кабылінскаму толькі для таго, каб неўзабаве перадаць гэтую сядзібу ў пасаг адной са сваіх дачок Юзэфе. Але Юзэфа Раствароўская Кабылінская не асабліва даражыла варанчанскім маёнткам і прадала яго ўжо тым, для каго ён стане па-сапраўднаму радавым гняздом – Мержаеўскім. Гэта быў род, які гістарычна паходзіў з украінскага Падолля, але ўжо шмат гадоў меў сваіх прадстаўнікоў і на землях Літвы. 

У хуткім часе, 9 чэрвеня 1844 г. Варончу набывае Антоній Мержэеўскі (1792-1864). Яго сын Ян ажаніўся на прадстаўніцы старога мясцовага роду з маёнтка Сноў Марыі Рдултоўскай. На жаль, Ян Мержэеўскі раптоўна памёр 26 верасня 1874 г. ва ўзросце  32 гадоў і меў толькі адну дачку Ізабэлу, якая ў канцы XIX ст. будзе адзінай спадчынніцай маёнтка Варонча. Ізабэла выйшла замуж за буйнога землеўладальніка Аляксандра Любанскага (1857-1932). Вельмі яму спадабаўся маёнтак сваёй жонкі, таму маладая пара вырашыла зрабіць Варончу галоўнай рэзідэнцыяй сваёй сям’і. У іх нарадзіліся тры дачкі і адзін сын Ян, які памёр ва ўзросце 22 гадоў у 1922 г. 

  • Касцёл у Варончы. Фота 1907 г.
  • Касцёл святой Ганны. Фатаздымак пачатку 20 ст.

Маёнтак у Варончы стаў домам для сям’і старэйшай дачкі Любанскіх Аляксандры, якая ў 1914 годзе выйшла замуж за Адама Чарноўскага, шляхціца са старога мазавецкага роду, які асеў у Віленскай зямлі. У неспакойны час першай сусветнай і савецка-польскай войнаў у іх нарадзіліся чацвёра дзяцей. Малодшы, Антоній, на жаль, быў са слабым зрокам, аднак з дзяцінства праяўляў музычныя таленты.

Жыццё ў Варончы спакойна працякала да самага 1939 года. Ліхалецці Другой Сусветнай вайны назаўсёды змяніла аблічча Варончы. Ноччу 30 красавіка 1943 г. была забіта амаль уся сям’я Любанскіх і Чарноўскіх (застаўся жывым толькі сляпы сын Антоній), і разам з іх целамі бандыты спалілі палац. Адначасова быў  спаліены касцёл. Але ў мураваным будынку вялікі пажар не разгарэўся. Пробашч парафіі кс. Віктар Кулюкас, ратуючыся ад карнікаў, паспеў уцячы ў Навагрудак.

Кс. Віктар Кулюкас нарадзіўся 14.01.1870 г. у в. Дабрамыслі Ковенскай губерніі. Бацькі: Юзаф і Анастасія з Шыдлоўскіх. У 1890 г. паступіў у  Духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбургу. Святарскае пасвячэнне атрымаў там жа 22. 05.1894.

Служыў вікарыем у Ракаве з 21.12.1894 г. Затым ад 12.09.1900 г.  быў пробашчам у Пылдзе, Віцебская губ. (сёння Латвія). З 11.05.1902 г. быў пробашчам у Каралішчавічах каля Мінска. Пасля з 19.02.1921 г. служыў пробашч у Івянцы. Ад 6.06.1925 г. – пробашч у Сваятычах каля Баранавічаў.  1.04.1928 г. быў прызначаны дзеканам сталавіцкім. 21.07.1930-1943 – пробашч у Варончы.  1943-1945 – выконвае абавязкі дзекана ў Навагрудку.  З’яўляўся ганаровым канонікам Пінскай дыяцэзіі.

7.12.1945 – прыязджае ва Уроцлаў. 24.04.1951 – быў інкардынаваны ва ўроцлаўскую дыяцэзію. Ад 1945 г. працуе як капэлан Шпіталя Брацкай Суполкі ў Валбжыху. З’яўляўся рэзыдэнтам пры парафіі Святых Анёлаў Ахоўнікаў у Валбжыху. Памёр 27.07.1957 г. у Валбжыху ва ўзросце 81 года і маючы 56 гадоў святарства. Пахаваны 30.07.1957 г. там жа на парафіяльных могілках пры вул. Пжэмысловай. 

  • Унутры касцёла. Фота 10.07.1952 г.

 

 

  • Руіны касцёла ў 1974 г.
  • Пачатак адбудовы касцёла. 

Пасля вайны, у канцы 1952 г., камуністы разбурылі касцёл амаль поўнасцю. Яго спрабавалі ўзарваць, але цалкам разбурыць будынак не ўдалося. У разбураным стане касцёл прастаяў да пачатку 1990-х гадоў. Як толькі савецкая ўлада дазволіла збірацца на набажэнствы, у 1989 г. на могілках пабудавалі капліцу. Адразу ж пачалася праца па адраджэнні касцёла. Значныя сродкі на рэстаўрацыю сабраў кс. Стэфан Недзялак, а кіраваў рэстаўрацыяй тагачасны пробашч навагрудскай парафіі кс. Антоній Дзям’янка (біскуп з 1998 г.).

Касцёл – помнік архітэктуры класіцызму. Вырашаны мураванай 3-нававай базілікай. У сілуэце святыні дамінуюць дзве 3-ярусныя 4-гранныя купальныя вежы з паўцыркульнымі праёмамі і трохвгольным франтонам між імі. Галоўны фасад вылучаны прысценным 6-калонным дарычным порцікам з антаблементам, аздоблены рустам, прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі, бакавыя фасады – стральчатымі (уплыў рэтраспектыўнай готыкі).

  • Касцёл св. Ганны. Здымак пач. ХХ ст.

У ХIХ ст. да варанчанскай парафіі (колькасць парафіян на той час складала амаль 3000 душ) Навагрудскага дэканата былі прыпісаны капліцы ў Казловічах і Тугановічах (сёння Баранавіцкі раён, абедзве не захаваліся), Сэрвачы (збудаваная на месцы старой у 1851 г. Ганнай Несялоўскай) і на мясцовых могілках. Апошняя, пабудаваная ў 1837 генералам Кабылінскім, уяўляла сабою драўляны залавы аб’ём з двух’яруснай грувасткай дэкаратыўнай вежай, якая пазначала галоўны ўваход. Уваход на могілкі пазначала двух’ярусная драўляная брама-званіца. Аднойчы ўзгадваецца і капліца ў Мірацічах.

У касцёле былі ахрышчаныя беларуска-польскі паэт Ян Чачот (19.07.1796 г.) і Марыя Верашчака (1.01.1800 г.) — каханая Адама Міцкевіча. Тут жа ў 1821 г. Марыя ўзяла шлюб з графам Ваўжынцам Путкамерам. Каля касцёла знаходзяцца 4 магілы Булгакаў.

Ад 20 верасня 1993 г. у варанчанскім касцёле паслугоўваюць айцы Ордэна Святога Паўла Першага Пустэльніка.
26 ліпеня 1995 года касцёл быў рэкансэкраваны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам пад гістарычным тытулам св. Ганны.
24 ліпеня 2010 г. быў асвечаны новы алтар разам з алтарнай наставай, зроблены намаганнямі пробашча а. Ежы Саковіча OSPPE і парафіянамі. Айцы Паўліны грунтоўна адрамантавалі будынак касцёла, былі замененыя вокны, дзверы, пафарбаваныя сцены. Вакол касцёла была ўпарадкаваная тэрыторыя, збудавана Бэтлеемская капліца  і зроблены паркінг для парафіянаў і гасцей старадаўняй святыні.

Святары, якія паслугоўвалі ў Варончы:

1750-1760 – а. Анджэй Мараўскі SJ
1749-1760 (вікарый), 1767-1771 (пробашч) – а. Павел Галэмбёўскі SJ
1763-1764 – а. Уладыслаў Галашэўскі SJ
1766-1767 – a. Юзаф Бака SJ
1771-1772 – а. Адам Ракоўскі SJ
1772-1773 – а. Міхал Пшэрадоўскі SJ
1781-1791 – кс. Ігнацы Дзенісевіч
1791-1801 – кс. Войцех Шчэсніцкі
1792-1794 (вікарый) – кс. Аляксандр Лазавіцкі
1794-1795 (вікарый) – кс. Войцех Магнушэўскі
1814-1820-я – кс. Алаізій Кавалеўскі
1820-я – кс. Людвік Патоцкі
1830-я – кс. Пётр Дзяржкоўскі
1840-я – кс. Томаш Семёновіч
1850-я – кс. Лукаш Шадкоўскі
пач. 1860-х – кс. Адам Пятроўскі
1860-я – кс. Казімір Вайноўскі
2 пал. 1860-х-1871 – кс. Апалінарый  Драбышэўскі
1872-1889 – кс. Юстын Кодзь
1889-17.02.1900 – кс. Эдвард Жылінскі
1900-1909 – кс. Ежы Мацкевіч
1909-1918 – кс. Антоній Сымановіч
1918-5.02.1930 – кс. Аляксандр Лэнтоўскі
1930 (в.а. пробашча) – кс. Юзаф Альшэўскі
21.07.1930-1943 – кс. Віктар Кулюкас
1991-1993 – кс. Тадэвуш Маркевіч
1993-2000 – а. Марэк Смея OSPPE
2000-2007 – а. Януш Вітоўскі OSPPE
2007-сёння – а. Ежы Саковіч OSPPE

  • Магіла кс. Эдварда Жылінскага на Варанчанскіх могілках

 

 

КРЫНІЦЫ:

“Kłosy” Nr/ 701 – Tom XXVII, R. 1878, s. 356-358.
Załęcki S., “Jezuici w Polsce”, T. IV, cz. 4, Kraków 1905, s. IV.
Усадьба Воронча. – Stara Litwa — ЖЖ (livejournal.com)
Варонча (grodnensis.by)
Józef h. Korzbok Niesiołowski (nina.gov.pl)
А. М. Кулагін, “Каталіцкія храмы Беларусі”, Мінск 2008, c.53.
Т. В. Габрусь, “Мураваныя харалы”, Мінск 2001, c. 260.
А. Самец, “У пошуках ісціны, або анатомія хлусні”, Мінск, 2018, c. 108.
Żyskar J., “Nasze kościoły. Djecezja Mińska”, T. I, cz. 2, Warszawa 1912, s. 330-331.
Wizyta Kościoła parafialnego Woroczańskiego 1828 r., LVIA 694-1-3733
Визитная опись плебаніи и костела Римско-Католическаго приходскаго Ворончанскаго 1856 г., НГАБ 1781-27-465
Визитная опись Римско-Католическаго приходскаго Ворончанскаго костела 1867 г., НГАБ 1781-27-480

 

 

Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка

                                                                                                     

(c) 2022 Ордэн Паўлінаў у Беларусі