ГІСТОРЫЯ

 

 

 

 

1225

Ордэн Паўлінаў быў заснаваны ў Венгрыі. Першую паўлінскую супольнасць сабраў Барталамей, біскуп  дыяцэзіі Пэйч, з рассеяных па лясах і скальных пячорах пустэльнікаў. Для яе ў 1225 годзе ён пабудаваў кляштар і касцёл, прысвечаны св. Якубу на гары Патач (Patacs) і надаў першую рэгулу кляштарнага жыцця.

 

 

 

 

1246

Аднак за айца і заснавальніка Ордэна лічыцца бл.  Эўзэбій з Эстэргома (каля 1200-1270). Ён адмаўляецца ад тытула катэдральнага каноніка, распрадае свой маёнтак, грошы раздае бедным, і пасяляецца ў лясах Піліш (Pilis) як пустэльнік, дзе сустракаецца з іншымі пустэльнікамі. Да яго далучаюцца першыя вучні – Стэфан і Бэнэдыкт.

 

 

 

 

1250

Бл. Эўзэбій пад уплывам візіі, у якой убачыў мноства малых вогненных языкоў, што зліліся ў адно вялікае полымя, сабраў усіх пустэльнікаў, з найбліжэйшых лясоў, і вырашыў заснаваць кляштар св. Крыжа. Манахі адразу сталі жыць паводле прыкладу св. Паўла Першага Пустэльніка, выхоўваючы асаблівы культ да Маці Божай. У 1250 г. абодва кляштары аб’ядналіся пад кіраўніцтвам бл. Эўзэбія. Новаўтвораная манаская супольнасць ў 1263 г. прыняла назву «Браты святога Паўла Першага Пустэльніка».

 

 

 

 

1262

Бл. Эўзэбій накіроўваецца да папы Урбана IV у Рым, каб прасіць яго аб зацвярджэння Ордэна і наданні яму Рэгулы св. Аўгустына. Дзякуючы дапамозе св. Тамаша Аквінскага, папа прыняў бл. Эўзэбія і прыхільна паставіўся да просьбы. Аднак дэлегаваў Паўла біскупа Вэспрэм (Veszprém) і даручыў праверыць маёмасны стан паўлінскіх кляштараў.  Аказалася, манахі не маюць дастаткова матэрыяльных рэсурсаў, каб адпавядаць патрабаванням неабходным для зацвярджэння. У сувязі з гэтым біскуп Павел даў Паўлінам новую часовую рэгулу. 

 

 

 

 

1270

Бл. Эўзэбій памірае 20 студзеня ў заснаваным сабою кляштары Святога Крыжа ў Кластромпушце (Klastrompuszta).

 

 

 

 

1308

Кардынал Джэнтыліс дэ Монтэ Флорыдо (Gentilis de Monte Florido), легат папы Клеменса V, ад імя Апостальскай Сталіцы дэкрэтам Qui saecularia  13 снежня 1308 г. надаў Ордэну Рэгулу св. Аўгустына і афіцыйна зацвердзіў Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка.

 

 

 

 

1309

Капітула, сабраная ў кляштары св. Лаўрэнція пад Будай, распрацоўвае першую манаскую канстытуцыю. Першым генералам Ордэна быў выбраны правінцыял Лаўрэнцій (чацвёрты пераемнік бл. Эўзэбія на пасадзе правінцыяла). 

 

 

 

 

1319

З Венгрыі ордэн Паўлінаў распаўсюдзіўся на тэрыторыю Харватыі, дзе было заснавана каля 50 кляштараў, а ў Рэметэ быў заснаваны першы марыйны санктуарый Ордэна. У Харватыі ўпершыню былі ўведзены паўлінскія імшал і брэвіярый. Паўліны праводзілі ўласныя школы, у тым ліку і ўніверсітэт.

 

 

 

 

1341

Генерал Ордэна а. Мікалай І Немец “Teutonicus” выдае распараджэнне, каб ва ўсіх правінцыях паўліны ўжывалі габіты толькі белага колеру .

 

 

 

 

1382

Князь Уладыслаў Апольчык запрасіў айцоў Паўлінаў ў Польшчу з Венгрыі з кляштара Марыяностра (Наша Марыя). Айцы Паўліны прыбылі ў Чэнстахову ў 1382 годзе, атрымаўшы ўзвышша Ясную Гару з невялікім касцёлам, прысвечаным Маці Божай. Неўзабаве ў ім змясцілі цудатворную ікону  Маці Божай, прывезеную фундатарам з Белза. На працягу гісторыі Ясная Гара стала духоўнай сталіцай палякаў, сімвалам вернасці і рэлігійнасці нацыі і, як першы кляштар Паўлінаў у Польшчы, маці іншых паўлінскіх дамоў.

 

 

 

 

1474

Святы каралевіч Казімір (1458-1484), другі сын вялікага князя літоўскага і караля польскага Казіміра IV і Альжбеты Аўстрыйскай, прыняты ў паўлінскую канфратэрню. Праз некаторы час ён будзе абвешчаны яе нябесным апекуном.

 

 

 

 

1493

Каралева Кастыліі Ізабэла I даручае айцам Паўлінам місію па евангелізацыі нядаўна адкрытай Амерыкі падчас другой экспедыцыі Калумба. Неўзабаве евангелізацыйную працу, распачатую айцамі Паўлінамі, пераймаюць іншыя ордэны.

 

 

 

 

1526

Піку развіцця ордэн Паўлінаў дасягнуў у XVI стагоддзі, калі ў краінах Еўропы, і нават у Палестыне і Егіпце, існавала 300 кляштараў у 8 правінцыях. Паражэнне венгерскага войска пад Мохачам у 1526 г. прынесла Ордэну вялікае спусташэнне. Туркі знішчылі дзесяткі кляштараў, спалілі архівы і бібліятэкі, а манахі былі замучаныя. Астатняе завяршыла Рэфармацыя. Пасля паражэння у Венгрыі цэнтр паўлінскага жыцця пачаў паволі перамяшчацца ў бок Яснай Гары.

 

 

 

 

1537

Кардынал Грыгорый Марцінуцці (György Martinuzzi), паўлін, выдае ў Венецыі паўлінскі  Імшал. 

 

 

 

 

1600

Пасля Трыдэнцкага сабору на Генеральнай капітуле ў кляштары ў Лепаглаве (Харватыя) было пастаноўлена прыняць Рымскі Імшал і Рымскі Брэвіарый. 

 

 

 

 

1644

Генеральная капітула, якая сабралася ў кляштары Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Вольфганга каля горада Шопран, прыняла новую паўлінскую Канстытуцыю.

 

 

 

 

1655

Обарона Яснай Гары пад камандаваннем прыёра а. Аўгустына Кардэцкага супраць войскаў шведскага караля Карла Х Густава.

 

 

 

 

1656

1 красавіка кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян ІІ Казімір Ваза ў львоўскай катэдры даў зарокі, ў якіх даручыў Рэч Паспалітую апецы Маці Божай, і назваў Багародзіцу Каралевай Кароны Польскай.

 

 

 

 

1698

Першы паўлінскі кляштар у Вялікім Княстве Літоўскім  засноўвае ва Уладаве падкаморы брэсцкі, пазнейшы гетман вялікі літоўскі Людвік Канстанцін Пацей (1664-1730).

 

 

 

 

1717

Каранацыя абраза Маці Божай Чэнстахоўскай папскімі каронамі адбылася на Яснай Гары 8 верасня ў свята Нараджэння Маці Божай. Гэта была першая падобная падзея ў свеце па-за межамі Рыма. На ўрачыстасці прысутнічала каля 200 тысяч пілігрымаў.

 

 

 

 

1717

Другая паўлінская фундацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім  была запачаткавана ў Вільні. Вялікі падскарбі літоўскі Міхал Казімір Коцел і ваявода віцебскі Казімір Аляксандр Пацей ахвяравалі ў Вільні дзве камяніцы і 10000 злотых на пабудову кляштара. Але пасля раптоўнай смерці Коцела, яго сыны ўжо не падтрымлівалі фундацыю і ў 1740-х гг. фундацыя закончыла сваё існаванне.

 

 

 

 

1725

Генеральная капітула, якая сабралася ў 1724 г. у кляштары Марыя Таль (Maria Thall, Máriavölgy, Marianka) пастанавіла правесці рэвізію Канстытуцыі. Праз год у  Рыме быў надрукаваны наклад новай Канстытуцыі Ордэна Паўлінаў.

 

 

 

 

1786

Аўстра-венгерскі імператар Юзаф ІІ дэкрэтам ад 7 лютага 1786 г. ліквідуе Ордэн на тэрыторыі сваёй імперыі. Было закрыта 65 кляштараў у некалькіх правінцыях, у якіх прабывала каля 786 паўлінаў.

 

 

 

 

1819

На тэрыторыі Польскага Каралеўства расійскія ўлады ліквідуюць 7 паўлінскіх кляштараў. 

 

 

 

 

1864

Пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг. расійскі імператар Аляксандр ІІ выдае ўказ аб ліквідацыі каталіцкіх кляштараў на тэрыторыі Расійскай імперыі. паводле гэтага ўказа былі ліквідаваныя ўсе паўлінскія кляштары акрамя Яснай Гары. У той жа час Ясная Гара была абавязаная маліцца за цара і яго сям’ю. З усіх паўлінскіх кляштараў захаваліся толькі два, адзеленыя мяжой – Ясная Гара і Кракаў-Скалка.

 

 

 

 

1904

Папа Пій X устанаўлівае свята Маці Божай Чэнстахоўскай.

 

 

 

 

1910

22 траўня на Яснай Гары біскуп Станіслаў Здзітавецкі здзейсніў рэкаранацыю Цудоўнага Абраза Маці Божай новымі каронамі, якія ахвяраваў папа св. Пій Х. Папярэднія кароны Клеменса ХІ і сукенка з каштоўнасцямі былі скрадзеныя ў ноч з 22 на 23 кастрычніка 1909 г.

 

 

 

 

1920

На Яснай Гары  пасля амаль стопяцідзесяцігадовага перапынку збіраецца першая Генеральная капітула адроджанага Ордэна. Быў выбраны генеральны настаяцель – а. Пётр Маркевіч.

 

 

 

 

1930

Папа Пій ХІ зацвердзіў новую Канстытуцыю Ордэна.

 

 

 

 

1934

Адраджэнне Ордэна ў Венгрыі. Для Паўлінаў быў збудаваны скальны касцёл і кляштар на схіле гары св. Геллерта. Але 9 чэрвеня 1950 г. камуністычны рэжым Маціяса Ракочы арыштоўвае усіх паўлінаў, закрывае усе кляштары. І толькі ў траўні 1988 г. Ордэн, які даў венгерскаму народу багатую духоўную і культурную спадчыну, зноў распачынае дзейнасць на матчынай зямлі.

 

 

 

 

1953

Заснаванне кляштара і санктуарыя Маці Божай Чэнстахоўскай у Дойлестауне (Doylestown), штат Пенсільванія, ЗША.

 

 

 

 

1979

Першая пілігрымка папы Яна Паўла ІІ на Ясную Гару. За свой пантыфікат Святы Айцец будзе ў Чэнстахове яшчэ ў 1983, 1987, 1991, 1997, 1999 гадах.

 

 

 

 

1986

Другі Ватыканскі Сабор  сваімі канстытуцыямі і дэкрэтамі, асабліва дэкрэтам Perfectae caritatis, абавязаў супольнасці кансэкраванага жыцця прыстасаваць свае  ўласныя канстытуцыі да саборных пастановаў. Новая Канстытуцыя Ордэна Паўлінаў была зацверджана 26 жніўня 1986 г.

 

 

 

 

1993

Са згоды а. Яна Наляскоўскага, генерала Ордэна, Прымас Польшчы кс. кард. Юзаф Глемп спецыяльным лістом ад 15 лістапада 1993 г. дэлегуе для душпастырскай працы ў Беларусь а. Марка Смэя. Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч дэкрэтам ад 20 верасня 1993 прызначае а. Марка адміністратарам парафій Карэлічы, Мір і Варонча. Другі айцец, пасланы ў Беларусь – а. Войцех Вішнеўскі – 26 лістапада атрымаў  намінацыю вікарыя ў гродзенскай катэдры.

 

 

 

 

1995

21 лістапада а. Войцеха Вішнеўскага і а. Януша Вітоўскага біскуп Аляксандр Кашкевіч накіраваў да душпастырскай працы ў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Новы Двор (Шчучынскі р-н). Аднак праз некаторы час а. Януш Вітоўскі быў накіраваны у Карэлічы, бо а. Марэк Смэя трапіў у аўтакатастрофу і быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу. Паўлінская пляцоўка ў Новым Двары існавала да 26 красавіка 2005 г. 

 

 

 

 

2004

Кангрэгацыя Божага культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў дазволіла ўключыць у літургічны каляндар Ордэна на дзень 20 студзеня свята бл. Эўзэбія з Эстэргома, святара і Заснавальніка Ордэна Паўлінаў.

 

 

 

 

2006

Апостальская пілігрымка папы Бэнэдыкта XVI на Ясную Гару.

 

 

 

 

2007

Пробашчам ў Карэлічы, Мір і Варончу быў прызначаны а. Ежы Саковіч.

 

 

 

 

2016

Папа Францішак наведвае Ясную Гару падчас  XXXI Сусветных Дзён Моладзі ў Кракаве.

 

 

 

 

2018

24 снежня ў маладую паўлінскую парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі быў прызначаны пробашчам а. Леанард Адушкевіч. 

Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка

                                                                                                     

(c) 2025 Ордэн Паўлінаў у Беларусі