Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе. (Ян 19, 25-27)
Хрыстус дае нам Марыю за Маці і дае нам выбар: мы можам Яе прыняць або адкінуць. Можна задаць сабе пытанне, ці я хацеў бы, каб мая маці была таксама маці для кагосьці. Большасць людзей, магчыма, сказалі б «не», але з Хрыстом гэта не той выпадак. Ён памёр за нашы грахі і ўваскрос, цярпеў за нас і, акрамя ўсяго гэтага, дае нам сваю Маці. Я заўсёды задаваўся пытаннем, калі я прыняў Маці ў сваё жыццё, у сваё сэрца? Ведаю, што ад пачатку Яна ўвесь час была і ёсць са мной. Яна вядзе мяне з самага пачатку. Першай малітвай, якой мяне навучыла бабуля, была «Ойча наш». Я вымаўляў яе з годнасцю і вялікім захапленнем. Яна ўмацоўвала мяне і давала яшчэ большую радасць.
Гэта ўмацоўвала мяне, калі я быў дзіцём, а пазней, калі я дарастаў, я ўбачыў, што Панна з абраза дзейнічае ў маім жыцці, умацоўваючы і змяняючы мяне. Адбывалася гэта праз ружанцовую малітву, якой нас вучыў айцец паўлін, які быў для мяне прыкладам і ўзорам любові да Маці.
Ружанцовую малітву я палюбіў з самага пачатку, маліўся ёю яшчэ ў школе, а потым, калі вучыўся ў каледжы. І я ўбачыў, як Марыя ўвесь час са мной, не пакідае мяне, вядзе мяне і хоча, каб я заўсёды ішоў за Ёй. Пазней я зразумеў, што калі іду за Марыяй, Яна вядзе мяне да Хрыста. У жыцці было шмат цяжкасцей, злосці, рознагалоссяў, але гэта не так ужо і страшна, калі ты з Марыяй і прысвячаеш Ёй сваё жыццё.
Сапраўды цяжка сказаць і напісаць, як Марыя любіць чалавека, як апякуецца ім і заступаецца за яго.
На пачатку свайго жыцця я не ведаў, што маю рабіць, куды сябе накіраваць, што са мной будзе. Я згубіўся. Згубіўся ў сваіх жыццёвых праблемах. Тады мне вельмі дапамог адзін айцец паўлін, які падказаў мне, каб я запытаў ў Марыі, што я маю рабіць, і таксама каб я давяраў Ёй, калі Яна будзе мяне весці. Пазней я даведаўся, што гэта Яна паслала гэтага айца сказаць мне гэта. Толькі Маці ведае, што ляжыць на сэрцы і што перажывае яе сын.
Я доўга пытаўся, але адказу не было. Адказ прыйшоў на свята святых Якіма і Ганны падчас спеву гімна «Цябе, Божа, праслаўляем». І ў той час я зразумеў, што хачу ісці за Марыяй, а так як ад пачатку я быў у паўлінскай парафіі, то ведаў, што там – Яна – Маці Божая.
На пачатку майго шляху, будучы ў навіцыяце, я пазнаў Марыю яшчэ больш праз ружанец. Тады я ўбачыў, як Яна вяла мяне ў кожную цяжкую хвіліну і паказвала мне, якія цуды можа здзейсніць мая малітва, калі я Ёю даверуся. Таму што толькі Яна ведае, што нам патрэбна. Толькі Яна ведае нашыя сэрцы. Толькі Яна, як маці, ведае Хрыста і Яго сэрца, таму што Яна з’яўляецца Маці ўсяго Касцёла і нашай Маці.
Аддадзімся Марыі ў апеку: Яна нас выслухае – Святая Марыя, Багародзіца Дзева, сёння я выбіраю Цябе за сваю Пані, Заступніцу, Апякунку і Маці. Я цвёрда пастанаўляю і абяцаю, што ніколі не пакіну Цябе, ніколі не скажу і не зраблю нічога супраць Цябе. Ніколі не дазволю іншым рабіць што-небудзь, што ганьбіла б Твой гонар. Прашу Цябе, прымі мяне назаўсёды як свайго слугу і дзіця. Будзь мне дапамогаю ва ўсіх маіх патрэбах душы і цела і ў святарскай працы для іншых.
Аддаюся Табе, Марыя, цалкам у няволю, і як Твой нявольнік прысвячаю Табе сваё цела і душу, унутраныя і знешнія даброты, нават каштоўнасць маіх добрых учынкаў, мінулых, цяперашніх і будучых, пакідаючы Табе поўнае права распараджацца мной і ўсім без выключэння, што мне належыць, паводле Твайго ўпадабання, для большай хвалы Божай, у часе і вечнасці.
Прагну праз Цябе, з Табой, у Табе і для Цябе стаць цалкавітым нявольнікам Твайго Сына, якому Ты, о Маці, аддай мяне ў няволю, як я сам аддаўся Табе ў няволю. Усё, што буду рабіць, праз Твае беззаганныя рукі, Пасярэдніца ўсіх ласкаў, аддаю на хвалу Найсвяцейшай Тройцы – Soli Deo!
Яснагорская Марыя, не пакінь мяне ў штодзённай працы і пакажы Тваё чыстае Аблічча ў гадзіну маёй смерці. Амэн.
