You are currently viewing ПАЎЛІНСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ МАЛІТВЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ

ПАЎЛІНСКАЯ ТРАДЫЦЫЯ МАЛІТВЫ ЗА ПАМЕРЛЫХ

Кожны хрысціянін думае пра жыццё вечнае ў Нябесным Валадарстве, дзе разам з анёламі і святымі будзе праслаўляць Бога. Аб такім жыцці асабліва мараць манахі, бо яны ўжо на зямлі стараюцца жыць так, як жывуць анёлы ў небе і тым самым сведчаць аб жыцці вечным. Але ведаем, што без дапамогі Хрыста, такога жыцця мы не атрымаем. Чытаючы пра жыццё св. Паўла Першага Пустэльніка, мы можам даведацца, што ён уцёк на пустыню, бо хацеў быць бліжэй Езуса Хрыста, каб нічога яму ў гэтым не перашкаджала. Пустыня для св. Паўла было месцам, дзе ён мог сустрэцца сам на сам з Панам Богам, можна сказаць, што ён ужо быў у небе. Але каб быць у сапраўдным небе трэба спачатку памерці, бо праз смерць Хрыстус адчыніў нам брамы неба і толькі так зможам перайсці да жыцця вечнага, калі стары чалавек памрэ, а народзіцца новы. Калі прыйшоў час сустрэчы з Богам, св. Павел Пустэльнік трываў на малітве, аб гэтым сведчыць св. Антоній, калі ўбачыў яго цела са скрыжаванымі нагамі, узнесенай галавой і рукамі паднятымі ўгару, але душа Паўла ўзносілася ўжо да неба. Гэта значыць, што апошнімі яго хвілінамі жыцця, быў час прысвечаны малітве. Прыклад св. Паўла Пустэльніка, які праз ўсё сваё жыццё наследаваў Хрыста і прабываў на малітве, паказвае нам, што дзякуючы малітве можам атрымаць збаўленне.

Алтар у крыпце пад Капліцай Маці Божай у яснагорскім кляштары

Малітва за памерлых, гэта азнака нашай любові да памерлага, а любоў хоча толькі аднаго, каб чалавек быў шчаслівы, а мы для памерлых хочам шчасця вечнага, для гэтага ім патрэбна наша малітва. Ужо ў Старым Запавеце мы можам знайсці ўрывак, дзе людзі складаюць ахвяры Богу, каб Ён аказаў памерлым міласэрнасць за іх грахі, і каб яны маглі ўваскрэснуць: “Зрабіўшы ж збор па ліку мужоў да дзвюх тысяч драхм срэбра, ён паслаў у Ерузалем, каб прынесці ахвяру за грэх, і паступіў вельмі добра і пабожна, разважаючы пра ўваскрашэнне; бо, калі б ён не спадзяваўся, што загінуўшыя ў бітве ўваскрэснуць, то залішне і дарэмна было б маліцца аб памерлых. Але ён думаў, што памерлым у праведнасці прыгатаваная выдатная ўзнагарода, – якая святая і набожная думка! — Таму прынёс за памерлых уміласціўную ахвяру, каб вызваліліся ад граху” (2 Мак 12:43-45).

У Новым Запавеце чытаем, як Пан Езус кажа, што для збаўлення патрэбная Эўхарыстыя – сапраўднае Цела і Кроў Езуса Хрыста: “Я – гэта Хлеб жывы, што зышоў з неба. Калі хто спажывае гэты Хлеб, будзе жыць вечна. Хлеб, які Я дам, гэта Цела Маё за жыццё свету“ (Ян 6,51). Першыя хрысціяне практыкавалі ўжо ў ІІ ст. Св. Імшу за памерлых падчас іх пахавання, а таксама ў гадавіну смерці. Панаваў звычай ўсю ноч чуваць пры памерлым, а таксама ў VII ст. з’явіліся тэксты за памерлых у Літургіі гадзінаў. У 998 г. святы абат Адылон з Клюні распарадзіўся, каб падпарадкаваныя яму кляштары адзначалі 2 лістапада як дзень усіх памерлых. У гэты дзень усе моляцца за памерлых, асабліва падчас Святой Імшы. Гэты звычай існуе па сённяшні дзень.

Малітва мае вялікую сілу выратаваць душу ад смерці вечнай, бо калі мы молімся, мы звяртаемся да самога Бога, які з’яўляецца стварыцелем чалавечай душы і цела, і ад Яго залежыць нашае жыццё. Для гэтага мы ў нашым Ордэне Святога Паўла Першага Пустэльніка вялікі націск ставім на малітву, асабліва за памерлых. Стоячы перад Богам з узнесенымі рукамі да неба мы трываем на малітве пасля смерці нашага сабрата, каб Бог узнёс душу спачылага ў неба, як некалі душу св. Паўла.

Крыпта пад Капліцай Маці Божай

Ордэн Паўлінаў мае сваю канстытуцыю і дырэкторый. Яны вызначаюць місію і харызму Ордэна ў Касцёле і свеце, рэгулююць многія прававыя фактары, рэгламентуюць адносіны манахаў да дабротаў гэтага свету, а таксама захоўваюць важныя для Ордэна звычаі і традыцыі. У канстытуцыі Ордэну Святога Паўла Першага Пустэльніка з 1644 г. можна знайсці звычай малітвы за памерлых. Канстытуцыя нагадвае, каб кожны святар цэлебраваў Св. Імшу за памерлых, а таксама літургію з дзевяццю чытаннямі (цяперашняя Гадзіна чытанняў)  у духу паслухмянасці (калі не памоліца будзе мець цяжкі грэх), дзе б ён не быў, у канкрэтны дзень: 18 ліпеня – за памерлых сабратоў з нашага Ордэна; 11 верасня – за Людвіка І, караля Венгрыі, а таксама за яго бацькоў і дзяцей; 18 верасня – за дабрадзеяў Ордэну; 19 кастрычніка – за бацькоў нашых сабратоў. Таксама ўсе паўлінскія семінарысты памоляцца ў гэтыя дні сем пакутных псальмаў (Пс. 6, 32, 38, 51, 102, 130 i 143) і псальмы градуальныя[1] (Пс. 119—133), а браты-канверсы (не святары) 50 Ойча наш і Вітай Марыя за душы памерлых. Таксама пасля кожнай генеральнай капітулы[2] быў звычай, каб падлічыць імёны ўсіх памерлых сабратоў ад апошняй капітулы, і за кожнага памерлага памаліца. Усе святары той правінцыі[3], дзе памерлі сабраты, павінны былі цэлебраваць тры Св. Імшы за кожнага памерлага, а за памерлых з іншых правінцый адну Св. Імшу. Усе семінарысты павіны былі памаліца за памерлага 25 псальмоў і браты (не святары) 100 псальмоў, а таксама Ойча наш і Вітай Марыя. Тагачасны звычай пахавання ў нашых кляштарах выглядаў такім чынам: спачатку памерлага сабрата апраналі ў габіт з плашчом, пераносілі памерлага ў капліцу, затым, на змену, па два манахі з кляштара, у якім памёр сабрат, збіраліся на малітву ў вызначаны час, і там маліліся псальмамі і малітвай Вечны Адпачынак за памерлага, пакуль не прыходзіў час пахавання.

Наступная рэдакцыя канстытуцыі Ордэна Паўлінаў з’явілася праз 286 гадоў – у 1930 годзе. Таксама і ў гэтым выданні можам знайсці цікавыя рэчы адносна малітвы за памерлых. Існаваў у тыя гады абавязак, што ў кожным кляштары пасля дня ўсіх памерлых (2 лістапада) павінна быць цэлебравана Св. Імша, а таксама літургія з дзевяццю чытаннямі за памерлых сабратоў з нашага Ордэну, а другая Імша за бацькоў і родных нашых сабратоў. Штогод у лістападзе ў кожным нашым кляштары, павінна была цэлебравацца Св. Імша за памерлых: Людвіка, караля венгерскага, за яго жонку і дзяцей, а таксама за караля польскага Уладыслава Ягайлу і яго сям’ю. Таксама ў лістападзе павінна была цэлебравацца Св. Імша і літургія з дзевяццю чытаннямі за нашых памерлых дабрачынцаў. Паявіўся звычай маліцца за душу спачылага айца Генерала. Кожны святар павінен быў цэлебраваць тры Імшы, адна з іх злучаная з пахавальнай літургіяй з дзевяццю чытаннямі. Гэтаксама за памерлага айца Правінцыяла ў кляштарах яго правінцыі. За кожнага памерлага сабрата, таксама і за навіцыя (паслушніка) трэба было цэлебраваць тры Св. Імшы ў кляштары, у якім ён памёр, і ў кляштарах правінцыі да якой ён належыў. У кожнай іншай правінцыі ўсе кляштары павінны былі цэлебраваць адну Св. Імшу за памерлага. Семінарысты мелі абавязак маліцца за памерлага пакутнымі Псальмамі, а браты-канверсы часткай ружанца. На заканчэнне генеральнай капітулы ці правінцыяльнай зачытваліся ўсе імёны памерлых сабратоў ад апошняй капітулы і ўсе маліліся 130 псальмам: “З глыбіні я клічу цябе, Пане“[4]. Таксама гэтым псальмам маліліся ў момант смерці сабрата.

Чаму існаваў абавязак маліцца за Людвіка I (1326-1382), караля Венгрыі і за яго сям’ю? Кароль Людвік быў вельмі веруючым чалавекам. Збудаваў шмат касцёлаў, дбаў аб духоўным узросце сваіх падданых. Вельмі любіў слухаць казанні паўлінаў, а таксама спавядаўся толькі ў іх. Для гэтага пабудаваў ім шмат касцёлаў і кляштараў, напрыклад кляштар у Марыяностра, або ў Мармарос. 

Кароль Венгрыі Людвік І

Кароль дбаў пра лепшае жыццё братоў і айцоў паўлінаў, адорваў іх сваімі багаццямі і землямі, праз гэта манахі былі падданыя спакусе супраць шлюбу ўбоства, і часам пачыналі жыць як вяльможы. Атрымаў дакумент ад папы рымскага Рыгора XII, у якім гаворыцца аб вызваленні паўлінаў ад усялякай юрысдыкцыі, гэта значыць, каб былі вольнымі, не падпарадкоўваліся біскупскай уладзе. Кароль Людвік І мае моцную сувязь з паўлінамі, бо калісьці праз заступніцтва св. Паўла Першага Пустэльніка, ён перамог у чатырохгадовай вайне з Венецыяй. Ён паабяцаў, калі св. Павел Пустэльнік дапаможа яму перамагчы, то ён забярэ яго рэліквіі з Венецыі і перанясе ў Венгрыю, дзе перадасць айцам паўлінам. І так адбылося 4 кастрычніка 1381 г., калі ноччу цела св. Паўла перанеслі ў Венгрыю. 14 лістапада 1381 года кароль перадае святую рэліквію айцам паўлінам ў кляштар св. Лаўрэнція ў Будзе. Таксама кароль Людвік абвяшчае св. Паўла Пустэльніка апякуном Венгрыі. Вялікі ўклад унёс у развіццё ордэна Паўлінаў кароль Людвік І, таму манахі паабяцалі яму, што знакам удзячнасці будзе іх малітва за яго і за ўсю сям’ю, таксама пасля смерці.

Перанясенне цела св. Паўла Першага Пустэльніка з Венецыі ў Будапешт

У ХХ ст. у Каталіцкім Касцёле ў выніку Другога Ватыканскага Сабору адбыліся рэформы. Таксама і Ордэн Святога Паўла Першага Пустэльніка ў 1986 г. змяніў сваю канстытуцыю ў духу Сабору. Па сённяшні дзень мы жывем паводле новай рэдакцыі канстытуцыі. Як у кожнай канстытуцыі ёсць мова пра абавязак малітвы за нашых памерлых сабратоў паўлінаў, членаў нашых сем’яў, канфратараў нашага Ордэну, сяброў, дабрачынцаў, а таксама за тых, каму мы неслі сваё служэнне. Заахвочвае канстытуцыя таксама манахаў да знешняга выразу памяці аб памерлых праз удзел у пахаванні, а таксама аб клапаце пра іх магілы і іх наведванні, асабліва ў дзень іх смерці, а таксама ў лістападзе. Асаблівымі дабрачынцамі нашага Ордэну з’яўляюцца нашыя бацькі. Калі памірае хтосьці з бацькоў нашага сабрата, настаяцель кляштару, у якім знаходзіцца сабрат, павінен паклапаціца аб тым, каб усе манахі маглі прысутнічаць у пахаванні, а таксама ў кляштары павінна быць цэлебравана Св. Імша ў інтэнцыі памерлага або памерлай. Калі памёр наш сабрат, настаяцель кляштара, ў якім прабываў памерлы, паведамляе аб яго смерці і час пахавання сям’і памерлага, а таксама ўсім кляштарам нашага Ордэну. Для гэтага ў кожным кляштары ёсць інфармацыя аб сабратах і іх сем’ях, з дакладнымі адрасамі, каб магчыма было паведаміць іх аб смерці. Пасля атрымання інфармацыі аб смерці сабрата, яго ўносяць у некралогі[5]. ўсіх нашых кляштараў. За памерлага сабрата (айца, семінарыста, брата, навіцыя) кожны святар нашага Ордэну мае цэлебраваць адну Св. Імшу, а семінарысты, браты і навіцыі павінны прыняць Св. Камунію і памаліцца часткай ружанца за памерлага. У тым кляштары, дзе памёр сабрат, будуць цэлебраваныя Св. Імшы Грыгарыянскія, а таксама на працягу 10 гадоў у тым жа кляштары будзе цэлебравацца адна Св. Імша ў гадавіну смерці нашага сабрата. Лістапад прысвечаны асаблівай малітве за памерлых, наша канстытуцыя нагадвае нам, каб мы ў лістападзе ў кожным нашым кляштары цэлебравалі адну Св. Імшу за памерлых сабратоў нашага Ордэну, за памерлых бацькоў і родных нашых сабратоў, а таксама за памерлых дабрачынцаў і канфратараў нашага Ордэна. Падчас генеральнай капітулы існуе абавязак цэлебраваць Св. Імшу за душы памерлых сабратоў, канфратараў, дабрачынцаў, а таксама сяброў нашага Ордэну, якія памерлі ад часу правядзення апошняй капітулы. 

Пахаванне айцоў Паўлінаў на могілках св. Роха ў Чэнстахове.

Паслухмяныя нашай канстытуцыі, кожны дзень мы молімся за памерлых, асабліва падчас вячэрніх малітваў. У Літаніі да Святога Паўла Першага Пустэльніка ёсць просьба за памерлых: “Каб Ты вечнай радасцю спачылых братоў, бацькоў, родных, канфратраў і дабрадзеяў адарыў, просім цябе Хрыстэ, пачуй нас“. А таксама пасля чытання некралогу ёсць адмысловыя малітвы за памерлых:

С.: Спачылыя Браты нашыя, гадавіна якіх прыпадае заўтра: …. (падаюцца імёны памерлых). Молімся за ўсіх нашых спачылых Братоў (кароткае маўчанне).

С.: Божа, даўца прабачэння і любячы збаўленне чалавека, просім Тваю дабрыню, учыні, каб нашы браты, бацькі, родныя і дабрадзеі, якія адышлі з гэтага свету, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі і ўсіх святых Тваіх атрымалі ўдзел у вечным шчасці ў небе. Праз Хрыста, Пана нашага. У.: Амэн. С.: Вечны адпачынак дай ім, Пане, У.: А святло вечнае няхай ім свеціць. С.: Няхай адпачываюць у супакоі вечным. У.: Амэн. 

Альбо пасля атрымання весткі аб смерці Брата, належыць дадаць:

С.: Пане, Божа міласэрны, просім Цябе, прымі спачылага слугу Твайго, а нашага Брата …., каб ён мог адпачываць у хвале ўваскрашэння разам з Табою і з усімі святымі Тваімі. Праз Хрыста, Пана нашага. У.: Амэн. С.: Вечны адпачынак дай яму, Пане, У.: А святло вечнае няхай яму свеціць. С.: Няхай адпачывае у супакоі вечным. У.: Амэн. 

[1] Лацінская назва psalmi graduales – песні паломнікаў. Гэтыя псальмы, спяваліся ізраільцянамі па дарозе ў Ерузалемскую святыню тры разы на год, з нагоды штогадовых святаў Пасхі, Пяцідзесятніцы і Свята Намётаў. Яны павінны былі падрыхтаваць ізраіліцян да асабістай сустрэчы з Богам у Святыні.

[2] Капітула, як калегіяльны орган, з’яўляецца вышэйшай уладай у Ордэне. Яе галоўная задача — абранне новай улады і абмеркаванне найважнейшых справаў Ордэна.

[3] Пад правінцыяй трэба разумець аб’яднанне як мінімум трох дамоў пад кіраўніцтвам вышэйшага настаяцеля, г.зн. правінцыяла. Напрыклад Амерыканская правінцыя сёння складаецца з шасці дамоў.

[4] Псальм 130 (129) больш вядомы як малітва за памерлых. Гэты псальм лічыцца малітвай душы, якая заклікае аб дапамозе, з падземных нетраў, бо, паводле старажытных уяўленняў, чысцец знаходзіўся глыбока пад зямлёй.

[5] Некралог – кніга, у якой запісаныя імёны памерлых манахаў, дабрачынцаў і канфратараў ордэна Паўлінаў, якія кожны дзень чытаюцца падчас манаскіх малітваў ва ўсіх нашых кляштарах, нагадваючы аб абавязку маліцца за гэтых людзей у гадавіны іх смерці. У некралогу запісаныя ўсе сабраты і канфратары, якія памерлі за апошнія 300 гадоў.

Picture of а. Сяргей Калюта OSPPE

а. Сяргей Калюта OSPPE