Жыццёвы шлях многіх знакамітых людзей прайшоў праз Карэліччыну. Адны з іх ўславілі наш край вучонасцю, другія – мужнасцю, іншыя – творчасцю, а Слуга Божы ксёндз біскуп Зыгмунт Лазінскам – святасцю.[1]
- Барацін. Афіцына. Здымак Ян Булгак 1913 г.
Зыгмунт Лазінскі нарадзіўся 5 чэрвеня 1870 г. у в. Барацін на Навагрудчыне непадалёк ад Карэліч (сёння — вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці) у шляхецкай сям’і Уладыслава і Людвікі з Чачотаў. Быў найстарэйшым з шасці дзяцей. Быў ахрышчаны у Навагрудку, бо парафіяльны касцёл у Нягневічах у выніку царскага пераследу быў перароблены на праваслаўную царкву.[2] У 1880 г. Лазінскія пакінулі Барацін і купілі маёнтак Чэрнік каля Мінска Мазавецкага (Польшча). Зыгмунт хадзіў у гімназію ў Варшаве. Да першай споведзі прыступіў у касцёле св. Аляксандра. У касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Юзафа Зыгмунт прыняў Першую Святую Камунію. Пазней, разам з братам Вацлавам, бацькі перавялі іх у Пецярбург, так як у гімназіі ў Варшаве адбывалася русіфікацыя паводле праекту Апухціна.[3] У Пецярбургу пасяліліся ў дзядзькі, кс. Вітальда Чачота, які быў професарам духоўнай семінарыі і прэфектам гімназіі. З гэтай прычыны хлопцы вялі стыль жыцця падобны да клерыцкага: уставалі а 5 г. раніцы, маліліся з алюмнамі, слухалі ў Св. Імшы, прыступалі да Св. Камуніі. У такой атмасферы Зыгмунт разпазнаў сваё святарскае пакліканне.
У 1889 г. паступіў у семінарыю магілёўскай архідыяцэзіі, якая размяшчалася ў сталіцы Расіі. 8 верасня гэтага ж года, у свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, атрымаў сутану. Быў здольным вучнем, таму праз два гады яго перавялі ў пецярбуржскую Духоўную Акадэмію, якую закончыў у ступені магістра тэалогіі, а 23 чэрвеня 1895 г. атрымаў сакрамэнт святарства.[4] Прыміцыйную св. Імшу кс. Зыгмунт служыў у касцёле св. Мікалая ў мястэчку Добрэ каля Мінска Мазавецкага.
Пасля святарскага пасвячэння быў прызначаны выкладчыкам на кафедру Святога Пісання і адначасова выконваў функцыі прэфекта гімназіі. У выніку непаразумення са школьнымі ўладамі на тры гады быў высланы царскай адміністрацыяй у месца пакарання каталіцкага духавенства, якое размяшчалася ў былым дамініканскім кляштары ў Аглоне ў Латвіі (там навучыўся латышскай мове).[5] У 1900-1904 гг. працаваў як вікарый – спачатку ў Смаленску (1900-1901), а потым у Туле (1901-1902) і ў Рызе (1902-1904). У 1904 г. стаў рэктарам касцёла на Кальварыі ў Мінску. У 1905 г. быў прызначаны на пасаду пробашча касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску (катэдру).[6] Аднак у наступным годзе вяртаецца ў Санкт-Пецярбург на кафедру Святога Пісання ў Духоўную Акадэмію і адначасова выконвае функцыю інспектара ў духоўнай семінарыі. Кс. Зыгмунт запомніўся тым, што дапамагаў бедным семінарыстам. Апрача выхаваўчай і навуковай працы спадарожнічаў магілёўскім арцыбіскупам падчас пастырскіх візітацыі (абп Шыман, абп Шэмбэк, абп Ключынскі, абп Цепляк; з апошнім здзейсніў падарожжа ў Сібір, аж па Сахалін). Некаторы час быў рэдактарам часопісу „Wiadomości Kościelne”, прызначанага для духавенства магілёўскай архідыяцэзіі. Пазней праходзіць спецыялістычныя курсы па біблійных навуках (у Мюнхене, Інсбруку і Ерусаліме, у 1912-1913 гг. у Рыме ў Інстытуце Біблійных Навук).
Першая Сусветная вайна застала кс. Зыгмунта ў Расіі.[7] Пасля ўпадку царызму спачатку сітуацыя Каталіцкага касцёла ў Расіі стала папраўляцца. Папа Рымскі Бенедыкт XV аднаўляе мінскую дыяцэзію, ліквідаваную імператарам Аляксандрам ІІ 15 ліпеня 1869 г., і буллай ад 2 лістапада 1917 г. яе пастырам прызначае кс. Зыгмунта Лазінскага. 28 ліпеня 1918 г. у варшаўскай архікатэдры адбылася яго біскупская кансэкрацыя. Галоўным кансэкратарам быў варшаўскі арцыбіскуп Аляксандр Какоўскі, а ва ўрачыстасці ўдзельнічаў будучы апостальскі нунцый у Польшчы – кс. пралат Ахілле Рацці, які пазней стане папам пад імем Пія XI. 15 жніўня 1918 г. адбыўся інгрэс біскупа ў катэдральны касцёл у Мінску.[8] Лазінскі пастырскую дзейнасць пачынае з візітацый парафій, а пазней утварае катэдральны капітул і засноўвае духоўную семінарыю. Быў адчувальны недахоп касцёлаў, большасць якіх ў царскія часы былі адабраныя і пераробленыя пад цэрквы. Новы біскуп дае магчымасць гучаць беларускай мове падчас набажэнстваў у Мінску.
З прыходам савецкай улады і пераследу Касцёла біскуп Зугмунт быў вымушаны хавацца працягам некалькіх месяцаў. Гэта моцна падрывае яго здароўе. Але біскуп усё ж вяртаецца ў Мінск, дзе яго арыштоўваюць, а пасля адпраўляюць на 11 месяцаў у Маскву ў Бутырскую турму. У зняволенні біскуп не падае духам і піша рэлігійныя тэксты. Паводле Рыжскай дамовы Зыгмунта Лазінскага вызваляюць. На новую біскупскую сядзібу ён выбраў падамініканскі кляштар у Навагрудку. Там сабраў семінарыстаў, якія ў 1920 г. раз’ехаліся, у асноўным прабываючы ў Кельцах і Влоцлаўку.[9]
- Катэдральны касцёл Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску
28 кастрычніка 1925 г. буллай „Vixdum Poloniae unitas” папа Пій XI засноўвае між іншым новую дыяцэзію з сядзібай у Пінску, у якую ўключыў тую частку мінскай дыяцэзіі, якая засталася на тэрыторыі Польшчы. Першым біскупам Святы Айцец устанавіў Зыгмунта Лазінскага. Катэдрай быў устаноўлены пафранцішканскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.[10] Біскуп пераехаў у Пінск з Навагрудка яшчэ раней – 6 верасня 1925 г. Адрэстаўраваў катэдральны касцёл, а на базе мінскіх дыяцэзіяльных інстытутаў стварыў біскупскую курыю і заснаваў духоўную семінарыю. Лазінскі дбаў пра духоўнае развіццё свайго духавенства, асабіста даючы прыклад пабожнасці. Напісаў спецыяльныя „Rozważania majowe” (“Маёвыя разважанні”) і практыкаваў аскезу. Моцна дбаў пра катэхетычнае і выхаванне моладзі. Карыстаючыся досведам атрыманым у Санкт-Пецярбургу, распачаў выдаваць спачатку “Miński Przegląd Diecezjalnу”, а потым „Piński Przegląd Diecezjalnу”.
- Біскуп пінскі Зыгмунт Лазінскі
У 1929 г. адбыўся першы скліканы біскупам Лазінскім дыяцэзіяльны сінод, а ў 1931 г. стварыў Дыяцэзіяльны Інстытут Акцыі Каталіцкай і Каталіцкае Апякунчае Таварыства „Caritas”. Таксама запачаткаваў Унійныя Святарскія Канферэнцыі. Быў заснавальнікам і распаўсюджвальнікам каталіцкіх брацтваў і таварыстваў, асабліва марыйных.[11]
- Біскуп Лазінскі з канонікамі Пінскага катэдральнага капітула
Надмерная праца і цяжкі лёс падарвалі здароўе біскупа Лазінскага. На пачатку Вялікага Посту 1932 г. пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем. Шматлікія даследаванні і аперацыі не дапамаглі. 26 сакавіка 1932 г. у Вялікую Суботу пасля паўночы прынеслі яму апошні раз Св. Камунію, і а 3 г. раніцы атрымаў святое намашчэнне. У 3.30 біскуп заінтанаваў псальм 130: „De profundis clamavi ad Te, Domine” („З глыбіняў клічу да Цябе, Пане”), а праз пяць хвілін сканаў.[12]
У святасці біскупа Лазінскага былі перакананыя тыя, хто яго ведаў. Другая Сусветная вайна і яе наступствы перашкодзілі намаганням вынясення на алтар біскупа Лазінскага. Толькі ў 1957 г. распачаўся працэс беатыфікацыі. У 1962 г. уся дакументацыя была перададзена ў Рым. У 1993 г. папа Ян Павел ІІ зацвердзіў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа мінскага і пінскага, якому цяпер належыцца тытул Шаноўнага Слугі Божага.[13]
Малітва аб беатыфікацыі Слугі Божага біскупа Зыгмунда Лазінскага
О Божа тройчы Святы і поўны дабрыні, які ў небе вечна валадарыш, а на зямлі абуджаеш прагненне святасці ў сэрцах чалавечых і даеш моц для яе здзяйснення, дазволь, каб быў залічаны да ліку благаслаўлёных Твой верны слуга біскуп Зыгмунт.
Няхай праз яго беатыфікацыю Касцёл атрымае новага заступніка, а Айчына свайго абаронцу перад Тронам Тваёй Велічы. Няхай праз акт беатыфікацыі Апостальская Сталіца пакажа духавенству і верным прыгожы ўзор для наследавання.
Няхай прыклад яго жыцця, поўнага духа веры, надзеі ў цярпеннях і любові ва ўсім што думаў, казаў і чыніў, абуджае нас да жыцця па яго прыкладзе.
Усемагутны Божа, учыні, каб праз цудоўны знак аздараўлення ці навяртання, атрыманы праз заступніцтва Слугі Божага, аб’явілася Твая Воля.
Маці Найсвяцейшая, якую так горача любіў і якой аддаваў пашану біскуп Зыгмунт, дапамажы каб Твой Слуга, урачыста беатыфікаваны, цешыўся хвале святых у небе, а на зямлі паказваў дарогу да Айца, Сына і Духа Святога. Амэн.
[1] Пар. Любячае сэрца Святара. 5 чэрвеня спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Слугі Божага ксяндза біскупа Зыгмунта Лазінскага, ураджэнца вёскі Барацін — Кореличи. Новости Кореличского района. Газета Полымя (polymia.by), 05.06.2020.
[2] Пар. A. Dziemianko, Sługa Boży Zygmunt Łoziński we wspomnieniach, w: Sługa Boży Biskup Zygmunt Łoziński. W trosce o Kościół i Ojczyznę, red. S. Mazur, T. Syczewski, Biblioteka Drohiczyńska, Drohiczyn 2011, s. 7-8.
[3] Пар. Пар. J. Janus, Wielki pasterz na wschodnich rubieżach, śp. Zygmunt z Łozin-Łoziński, biskup piński, Melbourne, Warszawa 1936, s. 13-80.
[4] Пар. там жа, ст. 14-15.
[5] Пар. там жа, ст. 16-18.
[6] Пар. W. Czeczot, Dyecezya mińska i jej pasterz Zygmunt Łoziński, Wydawnictwo Józefa Zawadzkiego, Wilno 1925, s. 8-12; In Nomine Domini, Мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. 300-годдзю кансэкрацыі святыні прысвячаецца, рэд. І. Бурак, А. Рунёва, Pro Christo, Мінск 2010, ст. 254.
[7] Пар. J. Janus, op. cit., cт. 18-20, 27.
[8] Пар. там жа, ст. 29-30.
[9] Пар. J. Janus, op. cit., cт. 23-28.
[10] Пар. там жа, op. cit., cт. s. 30-34.
[11] Пар. S. Mazur, Troska o jedność i rozwój Kościoła w nauczaniu Sługi Bożego Biskupa Zygmunta Łozińskiego, w: Sługa Boży, dz. cyt., s. 20-24.
[12] Пар. J. Janus, op. cit., cт. 84.
[13] Пар. Г. Факцінскі, Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі – Sługa Boży Zygmunt Łoziński, Pro Christo, Мінск 2000, ст. 3-25.
