You are currently viewing НА ЯСНАЙ ГАРЫ БЕЛАРУС СКЛАЎ ВЕЧНЫЯ ШЛЮБЫ

НА ЯСНАЙ ГАРЫ БЕЛАРУС СКЛАЎ ВЕЧНЫЯ ШЛЮБЫ

25 сакавіка ў Капліцы Цудоўнага Абраза Маці Божай на Яснай Гары ў Чэнстахове адбылася ўрачыстасць, падчас якой сямёра паўлінскіх клерыкаў склалі свае вечныя шлюбы. Па традыцыі ў свята Звеставання Пана нашы семінарысты складаюць шлюбы цнатлівасці, беднасці і паслухмянасці аж да смерці. Браты-клерыкі паходзяць з Польшчы, ЗША, Славакіі і Беларусі. З нашай краіны быў бр. Уладзімір Лопух, які нарадзіўся і вырас у паўлінскай парафіі св. Ганны ў в. Варонча Карэліцкага раёна.

Святую Імшу служыў генеральны настаяцель ордэна паўлінаў а. Арнольд Храпкоўскі. У прамове ён заахвоціў клерыкаў мець Марыю Правадніцай на шляху веры.

“Марыя разважала ў сваім сэрцы над Божым словам і з верай прыняла Божы план адносна свайго жыцця. Яна не шукала іншых шляхоў, але верна ішла шляхам веры. Марыя паказала, што надзея — гэта не даверлівы аптымізм, але дар ласкі ў рэчаіснасці жыцця. Таму сёння мы просім Марыю, Маці нашага Ордэна, каб вы ішлі па жыцці з верай і надзеяй, якія здзяйсняюцца ў рэалізме жыцця.”

Узнёслы момант быў і для а. Паўла Пшыгодзкага, прэфекта Вышэйшай духоўнай семінарыі айцоў Паўлінаў. Ён прызнаўся, што для яго, як для асобы, адказнай за святарскую фармацыю маладых братоў, гэта быў момант, калі ён напоўніўся бацькоўскім гонарам.

“Для мяне, як для прэфекта, яны з’яўляюцца духоўнымі сынамі, і я вельмі шчаслівы і ганаруся сваімі братамі. За гады служэння сваім сабратам у семінарыі мне давялося навучыцца іх слухаць і чуць. Каб іх пачуць, я павінен правесці з імі некаторы час, вывучыць іх мовы патрэбаў, мовы радасці, мовы смутку. Агульнай мовай усіх братоў з’яўляецца Евангелле, а найлепшым фарматарам у гісторыі быў Езус Хрыстус”.