У аўторак 26 ліпеня ў Варончы абдылася традыцыйная адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Ганны, маці Найсвяцейшай Панны Марыі. Пад скляпеннямі старадаўняга касцёла сабраліся вернікі з навакольных мястэчак і вёсак, з далёкіх гарадоў, а нават з замежжа. Адметна, што ў гэты дзень ва ўрачыстасці бяруць удзел не толькі католікі, а нават і праваслаўныя.
Урачыстасць узначаліў кс. Андрэй Пышынскі, пробашч парафіі ў Казлоўшчыне (Дзятлаўскі дэканат). На адпусце прысутнічалі святары з суседніх парафіі – з Навагрудка, Наваельні, Раготна. Гамілію прамовіў бр. дк. Сяргей Калюта OSPPE. Ён паказаў сям’ю св. Яўхіма і св. Ганны, як прыклад для сучасных сем’яў, а таксама нагадаў пра важную ролю, якую адыгрывае сям’я ў сучасным свеце.
Пасля ўрачыстай св. Імшы госці змаглі пачаставацца прысмакамі, з любоўю прыгатаванымі варанчанскімі парафіянкамі. Таксама ў гэты дзень святар благаслаўляе аўтамабілі, якімі прыязджаюць вернікі на ўрачыстасць.
