You are currently viewing БЕЛАРУСКІЯ ПАЎЛІНЫ АДЗНАЧЫЛІ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВАЙГО ПАТРЫЯРХА

БЕЛАРУСКІЯ ПАЎЛІНЫ АДЗНАЧЫЛІ ЎРАЧЫСТАСЦЬ СВАЙГО ПАТРЫЯРХА

15 студзеня ва ўсіх паўлінскіх кляштарах ва ўсім свеце адзначаецца ўрачыстасць св. Паўла Першага Пустэльніка. У нашых касцёлах збіраецца мноства людзей, каб ушанаваць першага хрысціянскага манаха, які з Волі Божай пакінуў свет, пасяліўся ў Тэбаідскай пустыні ў Егіпце, і там пражыў 90 гадоў у поўнай адзіноце. Беларускія кляштары не выключэнне. Айцы паўліны з Карэлічаў і Гомеля ўрачыстасцю свайго святога Патрыярха таксама распачалі святкаванне 30-годдзя прысутнасці і душпастырскай паслугі ў нашай краіне.

У Карэлічы на ўрачыстасць прыбылі госці з навакольных вёсак і іншых гарадоў. Св. Імшу цэлебраваў пробашч а. Ежы Саковіч OSPPE. На пачатку літургіі а. Ежы ўспомніў 1993 год, калі Касцёл даручыў Ордэну св. Паўла Першага Пустэльніка адказную місію душпастырства ў Гродзенскай дыяцэзіі. Казанне прамовіў а. Ануфрый Альховік OSPPE, у якім казаў пра  аскетычнае жыццё  і цяжкасці ў пустыні св. Паўла з Тэбаіды.

На заканчэнне ўрачыстасці ўсе госці атрымалі пачастунак ад св. Паўла Пустэльніка: фінікі і фігі, якімі штодзённа харчаваўся на пустыні св. Павел, і хлеб, на ўспамін хлеба, які штодзённа прыносіў крумкач св. Паўлу.

У Гомелі ўрачыстую св. Імшу ў паўлінскай парафіі Унебаўзяцця НПМ ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Разважаючы над нядзельным Евангеллем, у якім успамінаецца св. Ян Хрысціцель, іерарх адзначыў, што св. Павел Тэбскі быў падобны на св. Яна, які, навучаючы ў Юдэйскай пустыні, меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах, ежай якому была саранча і дзікі мёд. Св. Павел так палюбіў Бога, што падчас пераследу веры пайшоў у пустыню, каб там практыкавацца ў цнотах і дасягаць хрысціянскай дасканаласці. Ён з’яўляецца для нас прыкладам сціплага жыцця ў цішыні, “сам-насам з Богам”. Апошнія словы з’яўляюцца дэвізам Ордэна Паўлінаў. Вернікі, разам з пробашчам а. Леанардам Адушкевічам OSPPE i а. Майклам Окіка OSPPE, прасілі Бога праз заступніцтва св. Паўла Тэбскага, Першага Пустэльніка, аб дапамозе ў будаўніцтве касцёла. 

Пасля Святой Імшы, паводле даўняй паўлінскай традыцыі, пробашч парафіі а. Леанард Адушкевіч OSPPE пачаставаў усіх прысутных фінікамі, якія некалі спажываў на пустыні св. Павел.