Ордэн св. Паўла Першага Пустэльніка мае 10 новых святароў. У суботу, 27 мая, у кляштары на Яснай Гары ў Чэнстахове (Польшча), дзесяць дыяканаў: сем палякаў, славак, харват і беларус Сяргей Калюта OSPPE, прынялі сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату. Святарскія пасвячэнні ўдзяліў дапаможны біскуп Чэнстахоўскай архідыяцэзіі Анджэй Пшыбыльскі. Айцец Сяргей паходзіць з парафіі св. Вацлава ў Ваўкавыску (Гродзенская дыяцэзія). Адметна тое, што а. Сяргей атрымаў пасвячэнне ў 30-гадовы юбілей прысутнасці Ордэну Паўлінаў у Беларусі, тым самым становячыся своеасаблівым падарункам ад Пана Бога.
Падчас урачыстай літургіі рэктар Вышэйшай Духоўнай Семінарыя Ордэну Паўлінаў а. Марыюш Табульскі падкрэсліў, што дар святарскіх пасвячэнняў маладыя паўліны атрымліваюць у вігілію Спасляння Духа Святога, і пажадаў ім асабліва адкрыцца на Яго ласку, каб ніхто і нішто не адлучыла іх ад любові Хрыста.
Біскуп Анджэй Пшыбыльскі ў гаміліі пажадаў маладым святарам:
«Вас дзесяць, як Дэкалог. Будзьце супольнасцю, пра якую кажа Біблія, маючы на ўвазе арфу з дзесяццю струнамі, якая мае прыгожае гучанне. Пасвечаныя разам, будуйце супольнасць, будзьце прыпавесцю аб ўзаемнай любові, сябрамі Езуса і людзей. Працягвайце пісаць кнігу Евангелля».
Генеральны настаяцель Ордэна Паўлінаў айцец Арнольд Храпкоўскі звярнуўся да новапасвячаных прэзбітэраў:
«Разам з вамі мы дзякуем Богу, што Ён працягвае выбіраць для сваёй службы новых сейбітаў; і выбірае тых, каго палюбіў, і чакае, што выбраныя адкажуць тым жа: любоўю, даверам, клопатам пра збаўленне іншага чалавека».
Неапрэзбітар а. Сяргей падзяліўся сваімі думкамі аб святарстве:
«Для мяне святарства – гэта вялікі знак ад Бога. Я хачу, каб Божая Міласэрнасць распаўсюджвалася і ў маёй краіне, у якой буду паслугоўваць – у Беларусі. Там ёсць таксама авечкі, якім патрэбны святар, якія вельмі хочуць, каб святар быў сярод іх. Асабліва калі яны ўбачаць маладога святара, для іх гэта таксама будзе знакам таго, што Дух Святы яшчэ дзейнічае ў Касцёле, што маладыя людзі жадаюць ісці служыць Хрысту».
На ўрачыстасць прыбылі дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, айцы паўліны з Беларусі, блізкія і знаёмыя новых святароў. Першую сваю святую Імшу а. Сяргей цэлебраваў ў прысутнасці гасцей пры Цудоўным Абразе Маці Божай Чэнстахоўскай. А пасля ў Рыцарскай зале ўдзяліў прыміцыйнае благаслаўленне ўсім прысутным гасцям.
