You are currently viewing ГАЛОЎНАЕ ПАРАФІЯЛЬНАЕ СВЯТА АДЗНАЧЫЛІ Ў КАРЭЛІЧАХ

ГАЛОЎНАЕ ПАРАФІЯЛЬНАЕ СВЯТА АДЗНАЧЫЛІ Ў КАРЭЛІЧАХ

Паpафіяльнае свята ў гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі адзначылі ў панядзелак 27 чэрвеня ў Карэлічах. У гэты дзень мноства вернікаў з розных гарадоў і навакольных вёсак сабралося на адпустовую св. Імшу, якую цэлебраваў кс. Алег Жураўскі, пробашч ў Наваельні. Гамілію прамовіў кс. Андрэй Пышынскі, які наблізіў важнасць марыйнага набажэнства ў духоўным жыцці кожнага веруючага хрысціяніна. Сярод прысутных на ўрачыстасці гасцей былі таксама святары з суседніх парафій.

На заканчэнне літургіі апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек у прамове, скіраванай да вернікаў, прадставіў гісторыю іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў дзеях уніяцкай Царквы ў Беларусі.

Урачыстая св. Імша закончылася эўхарыстычнай працэсіяй вакол касцёла і благаслаўленнем вернікаў Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Пробашч парафіі а. Ежы Саковіч OSPPE сардэчна ўсім падзякаваў за прыбыццё на ўрачыстасць, за прыгожы спеў, малітвы і радасць.

Маленькія парафіяне адзначылі першую гадавіну прыняцця Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана Езуса, а ў сёлетніх першакамунійных дзяцей распачаўся Белы Тыдзень.

Удзельнічаючы ва адпустовых ўрачыстасцях, вернікі хацелі падзякаваць за ўсе ласкі, атрыманыя ад Бога праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, а таксама папрасіць у Бога благаслаўлення ў іх жыцці і працы.