Патранальная ўрачыстасць св. Паўла Першага Пустэльніка, Патрыярха Ордэну Паўлінаў, прайшла 15 студзеня ў Карэлічах. У гэты дзень ва ўсіх паўлінскіх кляштарах на свеце айцы Паўліны ўшаноўваюць свайго нябеснага заступніка, у гонар якога атрымалі сваю назву. Сёлетняй урачыстасцю закончыўся юбілей 30-годдзя служэння Паўлінскага Ордэна ў Беларусі.
На свята прыбылі госці з парафіі ў Варончы, духавенства з суседніх парафіі. Галоўным цэлебрансам св. Імшы быў а. Ежы Саковіч OSPPE, пробашч і настаяцель супольнасці ў Карэлічах. Кс. Ян Балтрукевіч, дзекан навагрудскі і рэктар навагрудскай Фары, прамовіў казанне, у якім падкрэсліў асобу св. Паўла з егіпецкіх Фіваў як ключавую фігуру ў развіцці духоўнасці Ордэна Паўлінаў.
Кс. Дзекан таксама ўзгадаў ураджэнца Навагрудчыны бр. Макарыя Штыфтоўскага OSPPE (1671-1740), які будучы манахам у яснагорскім кляштары і валодаючы ювелірным майстэрствам, ахвяраваў каля 1723 г. абраз Маці Божай Чэнстахоўскай у навагрудскую Фару.
Традыцыйна, пасля св. Імшы ўсе прысутныя атрымалі хлеб св. Паўла Пустэльніка і пачаставаліся фігамі і фінікамі, на ўспамін хлеба і дароў пальмы, якімі харчаваўся на пустыні св. Павел Пустэльнік на працягу 90 гадоў.
