You are currently viewing НОВЫ ГЕНЕРАЛЬНЫ НАСТАЯЦЕЛЬ – А. БЕНЬЯМІН БОНКОЎСКІ

НОВЫ ГЕНЕРАЛЬНЫ НАСТАЯЦЕЛЬ – А. БЕНЬЯМІН БОНКОЎСКІ

Новым генеральным настаяцелем Ордэна Паўлінаў быў абраны айцец Беньямін Бонкоўскі, які дагэтуль выконваў абавязкі правінцыяла  нямецкай правінцыі. Выбар адбыўся 5 сакавіка, падчас Генеральнай Капітулы Ордэна Паўлінаў, што з панядзелка адбываецца на Яснай Гары.

Айцец Беньямін Бонкоўскі мае 52 гады, нарадзіўся 28 красавіка 1974 г. у Браніцах у Апольскай дыяцэзіі. Першыя манаскія шлюбы даў 8 верасня 1994 г., а вечныя — 25 сакавіка 1999 г. Святарскія пасвячэнні прыняў 10 чэрвеня 2000 г. У апошнія гады выконваў служэнне правінцыяла ў Германіі.

Айцец Генерал Беньямін Бонкоўскі адразу пасля выбару, даючы інтэрв’ю для медыя Яснай Гары, выказаў вялікую радасць з прычыны прыняцця гэтай місіі.

“Гэта для мяне вельмі вялікая радасць, што магу ўзначаліць Ордэн св. Паўла Першага Пустэльніка, але таксама я ўсведамляю, што ўзяў на сябе вялікую адказнасць. Адказнасць за наш Ордэн, за нашы кляштары, за шматлікія санктуарыі, бо гэта не толькі Ясная Гара, але і многія іншыя месцы. І гэта таксама адказнасць перад Касцёлам, не перад сабой, але перад Касцёлам, перад Ордэнам. Я буду старацца ўкласці як мага больш намаганняў у тое, да чаго я пакліканы, каб добра выканаць сваю місію.”

Айцец Беньямін Бонкоўскі як паўлін большую частку свайго святарскага жыцця правёў за межамі Польшчы: пасля пасвячэнняў год працаваў у Польшчы ў Старой Блотніцы, потым 5 гадоў у Рыме, а апошнія 20 гадоў служыў у Германіі — у Пассаў і ў Нацыянальным санктуарыі ў Альтэтынгу. На працягу 6 гадоў быў правінцыялам у Германіі.

Новаабраны Генерал Ордэна адзначыў, што досвед служэння ў Германіі можа быць карысным. — Кожны наш досвед важны, хоць гэтая новая задача значна шырэйшая. Што я бачу пасля многіх гадоў працы ў Германіі — гэта перш за ўсё вернасць традыцыі, навучанню Касцёла. Гэта найважнейшае. І гэта пераносіцца на ўвесь Oрдэн. Мы бачым, што не мадэрнізм, які нам прапануюць, не сінадальная дарога, што вядзе ў ліберальным кірунку, але традыцыя. На традыцыі можна пабудаваць нешта большае. Людзі хочуць і сапраўды вяртаюцца да традыцыі, да фундаментаў. І гэта нязменны кірунак, — падкрэсліў айцец Бонкоўскі.

Традыцыйна адразу пасля выбару ў гістарычнай бібліятэцы Яснай Гары сабраліся айцы і браты-паўліны, каб удзельнічаць у цырымоніі прыняцця ўлады новым генералам. Афіцыйнае абвяшчэнне вынікаў зрабіў старшыня Капітулы айцец Рафал Вільк. Апоўдні ў Капліцы Маці Божай сабраныя айцы і браты выканалі ўрачыстае Te Deum, г. зн. «Цябе, Божа, праслаўляем». Затым новаабраны Генерал Ордэна даверыў сваю службу Марыі:

“Давяраю Маці Божай усё тое, што сёння мяне сустрэла, што я ўзяў на свае плечы. У маім манаскім і святарскім жыцці большую частку часу я быў пры Маці Божай, у марыйных санктуарыях (…) Кожны з нас, паўлінаў, пакліканы быць пры Маці Божай, абвяшчаць Яе хвалу. У жыцці бываюць цяжкія моманты, часам цярпенні. Мы цяпер перажываем Вялікі пост і ведаем, што крыж упісаны ў наша жыццё. Але гэты крыж трэба браць на свае плечы і ісці наперад. Уставаць і ісці далей, трэба трываць пры Маці Божай.”

Генеральны настаяцель ажыццяўляе найвышэйшую ўладу ва ўсіх правінцыях і кляштарах свету. Айцец Бенямін Бонкоўскі — 87-мы Генерал Ордэна Паўлінаў. Ён замяніў айца Арнольда Храпкоўскага, які кіраваў ордэнам з 2014 года, на працягу двух кадэнцый, г. зн. 12 гадоў. У цяперашні час паўліны служаць у 17 краінах, галоўным чынам у Еўропе: у Польшчы, Італіі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Харватыі, Латвіі, Беларусі, Украіне, Румыніі, Англіі і Іспаніі, а таксама ў Паўднёва-афрыканскай Рэспубліцы і Камеруне. Ордэн мае Нямецкую, Аўстралійскую і Амерыканскую правінцыі. Ён налічвае амаль паўтысячы манахаў.

www.paulini.pl

Anna Przewoźnik @jasnagoranews