“…з усіх народаў, плямёнаў, родаў і моваў, якія стаялі перад тронам і Баранкам, апранутыя ў белыя шаты.“ (Ап 7; 9)
Ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў навіцыяцкім кляштары ў Лесьнёве (Польшча) дзевяць братоў-навіцыяў апрануліся ў белыя паўлінскія габіты. Маладыя хлопцы з розных краінаў Еўропы доўга чакалі гэтага дня. Сёлета навіцыят праходзяць браты з Польшчы, Беларусі, Славакіі, Венгрыі і Харватыі. Сярод іх быў бр. Уладыслаў Лопух з парафіі св. Ганны ў Варончы (Гродзенская дыяцэзія). Паводле даўняга звычаю, менавіта 8 снежня ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, пасля некалькіх месяцаў побыту ў навіцыяце, браты атрымліваюць манаскі строй з рук прыёра кляштару: туніку, пояс з часткай ружанца і шкаплер.
На ўрачыстасць прыехалі айцы з паўлінскіх кляштараў, сем’і і сябры нашых братоў-навіцыяў. Да бр. Уладыслава прыехалі айцы з кляштара ў Карэлічах і яго бацькі.
Галоўным цэлебрантам св. Імшы быў прыёр лесьнёўскага кляштару а. Пётр Станікоўскі. У казанні да братоў-навіцыяў звярнуўся а. Матэуш Вальчак:
“У манаскім жыцці ёсць пэўныя падзеі, якія перажываюцца толькі адзін раз. Праз некалькі гадоў вы будзеце ляжаць на падлозе яснагорскай базілікі, як хлеб на патэне, каб праз момант прыняць святарскія пасвячэнні. Раней, на Скалцы (Вышэйшая Духоўная Семінарыя аа. Паўлінаў у Кракаве), вы прымеце пасвячэнні дыяканату, а ў Яснагорскай капліцы складзеце вечныя шлюбы. Усе гэтыя моманты залічваюцца ў найважнейшыя падзеі, з якіх складаецца нашае паўлінскае жыццё. Пры ўсіх гэтых прыгожых урачыстасцях, дзе будуць прысутныя біскупы, Генерал Ордэна, браты, вашы сем’і і сябры, сёння аб’яўляецца знак паўлінскага габіту і гэтая сённяшняя падзея, якая стаіць ў парога вашага кансэкраванага жыцця. Так, аблучыны – гэта падзея, у якой мы ўдзельнічаем толькі раз у жыцці”.
