Хрыстус памёр, каб жыць. Хрыстус Уваскрос!
Узлюбленыя ў Хрысце Збаўцы, гэтай радаснай навіной я вітаю Вас у гэтыя асаблівыя дні, калі Касцёл аб’яўляе свету Добрую Вестку аб праяўленай ва ўваскрашэнні Хрыста Божай Міласэрнасці. Уваскрашэнне з мёртвых нашага Збавіцеля пралівае святло на наша жыццё, дае яму зусім іншую перспектыву, і запэўнівае аб нашым канчатковым лёсе, якім з’яўляецца вечнае жыццё на нябёсах. Уваскрашэнне і збаўленне, здзейсненыя нашым Богам, адначасова паказваюць нам шлях на этапе зямнога існавання, вызначаюць праграму дзеянняў і падкрэсліваюць, што ў канчатковым выніку ў нас павінна адбыцца ператварэнне ў новага чалавека на ўзор нашага Збавіцеля і Брата ў чалавецтве Хрыста Збаўцы. Гэтае канчатковае заданне падкрэслівае ў Пасланні да Галатаў апостал Павел кажучы: “Усе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся” (Гал. 3: 27).
Хрыстус памёр, каб жыць. Каб яго жыццё праявілася ў нас. Колькі татаў і мамаў паміраюць у служэнні і любові кожны дзень за сваіх і для сваіх дзяцей, каб іх жыццё было шчаслівым і радасным, каб ім было што есці і ў што апрануцца, каб яны перадавалі жыццё далей, чакаючы ўнукаў і праўнукаў. Таму, як ніколі, трэба нам атрымліваць асалоду ад жыцця: апрацоўваць зямлю, саджаць і сеяць, спажываць яе плады, будаваць дамы і ўпрыгожваць наваколле, ствараць сем’і і нараджаць дзяцей, клапаціцца як пра дзіця так і чалавека старэйшага ўзросту і пры гэтым клапаціцца пра сябе. Старацца пра дабрабыт свайго краю і ўсёй зямлі, бо іх дабрабыт будзе і нашым дабрабытам, каб запэўніць нам будучыню надзеі – Жыцця (пар. Ерам. 29н.). Застаючыся пры тым вернымі Богу ва ўсім.
Жыцця па-новаму, якое можа даць толькі той, Хто ўжо яго распачаў – Уваскрослы, той – зранены і забіты, але іншы – жывы, шчаслівы, поўны міра і любові. Толькі такі, хто не помсціць і не нясе смерці, а дае Жыццё, Eзус і толькі Ён можа даць шчасце і мір чалавеку.
Жадаю Вам, каб кожнага дня мы сустракаліся з Уваскрослым Хрыстом Езусам пачынаючы жыць па-новаму, на ўзор Яго Мамы Найсвяцейшай Марыі Дзевы, каторай не было пры магіле, яна не губляла часу, бо ў смерці няма Бога: “Чаму вы шукаеце жывога сярод мёртвых? Яго тут няма, Ён уваскрос! (Лука 24, 5-6). Шукайце Езуса, Бога ў тым што дае жыццё! Са Святам Жыцця!
А. Ежы Саковіч OSPPE,
Пробашч Карэліч і Варончы
А. Ануфрый Альховік OSPPE, вікарый
