25 чэрвеня парафія св. Вацлава ў Ваўкавыску вітала свайго парафіяніна а. Сяргея Калюту OSPPE, паўліна, які ў гэты дзень служыў сваю прыміцыйную св. Імшу ў роднай парафіі. Айцец Сяргей прыняў святарскае пасвячэнне 25 мая ў яснагорскім кляштары ў Чэнстахове (Польшча) і цяпер ужо як святар вярнуўся паслугоўваць у Беларусі.
На ўрачыстасць прыбылі субраты з кляштара ў Карэлічах – а. Ежы Саковіч і а. Ануфрый Альховік, а таксама паўлінскія семінарысты. Айцы Паўліны нясуць служэнне ў 17 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі. Айцец Сяргей стаў чацвёртым ураджэнцам Беларусі ў Ордэне Паўлінаў. Таксама прыехалі падтрымаць а. Сяргея парафіяне з Карэлічаў і Варончы.
Урачыстасць распачалася працэсіяй з плябаніі да касцёла. Моладзевы парафіяльны хор упрыгожваў літургію сваім спевам. Айцец прыміцыянт маліўся за сваіх бацькоў, за ўсіх парафіянаў, вікарыяў і за свайго пробашча кс. прэлата Антонія Філіпчыка. Прыміцыйнае казанне прамовіў а. Ежы Саковіч, раскрываючы таямніцу Хрыстовага святарства.
Наступную прыміцыйную св. Імшу а. Сяргей служыў ў Карэлічах 27 чэрвеня. Выбар дня для прыміцый не быў выпадковым, бо акурат у гэты дзень у парафіі адзначаецца адпустовая ўрачыстасць Маці Божай Нястомнай Дапамогі. На свята прыбылі кс. Андрэй Пышынскі, пробашч пар. Казлоўшчына (Дзятлаўскі дэканат) і Сёстры Францішканкі ад Церпячых з Бярозаўкі (Навагрудскі дэканат).
А. Сяргей прамаўлючы да вернікаў, падкрэсліў, як жа важна быць з Марый, Маці Божай, і аддавацца Ёй ў рукі як найлепшай Маці.
Урачыстасць закончылася прыцэсіяй і прыміцыйным благаславенствам.
